Вы тут

Разам з адміністрацыяй Мінска прайшліся па новых зонах адпачынку


Уладкоўваць па дзве новыя лакацыі ў кожным адміністрацыйным раёне сталіцы да значных дат ўжо стала добрай традыцыяй. Адзін аб’ект адкрываюць да Дня Рэспублікі, яшчэ адзін — да Дня горада. Такім чынам, зараз на карце Мінска з’явілася 9 новых зон. Тэрыторыі чысцяць ад зараснікаў і смецця, укамплектоўваюць малымі архітэктурнымі формамі, у некаторых зонах адпачынку ўладкоўваюць экалагічныя сцежкі. Маштабы праведзенай работы ацаніла камісія на чале са старшынёй Мінгарвыканкама Уладзімірам Кухаравым. Вердыкт — атрымалася якасна і з душой. Прайшліся па лакацыях разам з мэрам і мы. 


Сквер «Вілкаўшчына» ў Ленінскім раёне Мінска стаў першым прыпынкам. Новую экалагічную сцежку ўпрыгожылі лавы, кожная з унікальным дызайнам і разьбой. Тут абсталявана дзіцячая пляцоўка, месца для заняткаў спортам, драўляны гамак, куды можна прылегчы адпачыць пасля заняткаў спортам і актыўных гульняў з дзецьмі на свежым паветры.

Кастрычніцкі раён сталіцы таксама здзіўляе якасцю праведзенай работы. Зона адпачынку «Дубкі» на вуліцы Казінца — ужо пятая экалагічная сцежка ў раёне і чацвёртая ў мікрараёне Курасоўшчына. У месцы ля воднай роўнядзі векавыя дубы схаваюць мінчукоў, якія адпачываюць на беразе маляўнічага вадаёма, ад пякучага сонца і пранізлівага ветру. А для самых маленькіх мінчан уздоўж пешаходных дарожак пабудавалі дзіцячыя домікі, пясочніцы, арэлі. Усе жадаючыя могуць зрабіць памятныя фота з драўлянымі героямі беларускай міфалогіі і даведацца шмат новага пра фауну горада на інфармацыйных стэндах.

«Кожная зона ў кожным раёне мае свае асаблівасці. А кожны раён — індывідуальны. — рэзюмаваў кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Генадзь Любатынскі, — Ідэя складалася ў тым, каб такімі экалагічнымі сцежкамі, месцамі адпачынку ахапіць па ўсім перыметры воднай роўнядзі зоны, якія пуставалі. Была праведзена вялікая работа па ачыстцы тэрыторыі. Значную ролю, у першую чаргу сваімі ідэямі і крэатыўным падыходам, адыгралі работнікі зялёнай гаспадаркі раёна». 

Зона называецца «Дубкі» з-за таго, што на гэтай тэрыторыі размяшчаецца больш за дзясятак векавых дубоў. Акрамя таго, гэтая зона знаходзіцца ля вады. Генадзь Любатынскі распавёў, што ўжо шмат гадоў запар работнікі Зелянбуда Кастрычніцкага раёна і прыцягнутыя людзі — майстры работы па дрэве і іх вучні — па-майстэрску ствараюць малыя архітэктурныя формы, якія падабаюцца людзям. Паводле яго слоў, да работ па добраўпарадкаванні, навядзення парадку, уборцы тэрыторыі прыцягвалі моладзь. А ўжо вузкія, спецыяльныя работы, якія патрабуюць пэўнага майстэрства, выконвалі людзі, што маюць спецыяльную падрыхтоўку і вопыт.

«На будучыню ёсць некалькі варыянтаў. Хачу захаваць інтрыгу. Скажу толькі, што новая зона адпачынку будзе набліжаная да прыватнай жылой забудовы. У нас шмат робіцца для шматкватэрнай жылой забудовы, магчыма, дзесьці забываем пра прыватны сектар. Таму пастараемся гэтую несправядлівасць ліквідаваць», — падагульніў кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна.

У добраўпарадкаванні азелянёнай тэрыторыі па вуліцы Чыгуначнай у Маскоўскім раёне ўдзельнічалі нават фіналісткі конкурсу «Міс Беларусь». Амаль за тыдзень да фінішу прэтэндэнткі на тытул галоўнай прыгажуні краіны фарбавалі лаўкі, зграбалі сухое лісце, падмяталі пешаходныя дарожкі. Сёння ўжо жадаючыя могуць тут патрэніравацца на турніках і згуляць у валейбол.

На вуліцы Гарэцкага ў Фрунзенскім раёне стварылі ідэальнае месца для праменаду. Бераг тэхнічнага вадаёма пачалі прыводзіць у парадак у 2019 годзе. За гэты час тут былі пракладзены пешаходныя дарожкі, з’явілася дзіцячая пляцоўка, у восеньскі месячнік па навядзенні парадку на зямлі бераг ўпрыгожаць высаджаныя дрэвы. 

«Гэта зона адпачынку зроблена з натуральных прыродных матэрыялаў, тут няма асфальту або цэменту. Буралом, які прайшоў у жніўні, не прапаў дарма. Розныя фігуры, лежакі, сядзенні, архітэктурныя формы — усё з натуральных матэрыялаў. Гэта і ёсць галоўная асаблівасць зоны адпачынку, якую назвалі „Праменад“. — падкрэсліў кіраўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна Сяргей Шкруднеў, — Ёсць напрацоўкі і на будучы год. На тэрыторыі паміж вуліцамі Рафіева і Сухарава ёсць лясны масіў і возера. Людзі самі падказваюць нам, дзе хочуць бачыць новыя зялёныя зоны. Улічваем і аналізуем усе пажаданні. Наша галоўная задача — зрабіць так, каб людзям было зручна, камфортна, утульна і бяспечна. Штогод робім як новыя пляцоўкі, так і рэканструюем старыя».

У Кіеўскім скверы Цэнтральнага раёна абнавілі пакрыццё пешаходных дарожак, усталявалі дадатковыя лаўкі і 18 вулічных трэнажораў, абсталявалі дзіцячую і дзве валейбольныя пляцоўкі. Галоўная асаблівасць — фотазоны і інфармацыйныя знакі, дэкараваныя пад кінастужкі, праектары і кінаэкраны. Яны адсылаюць да размешчанага тут кінатэатра «Кіеў».

Для жыхароў Савецкага раёна ўладкавалі набярэжную Сляпянскай воднай сістэмы паблізу вуліцы Мірашнічэнкі. Пяць паркавых арэляў з выглядам на ваду, вулічныя трэнажоры, два тэнісныя сталы, пляцоўка для пляжнага валейбола разнастаілі інфраструктуру. Ёсць спецыяльны столік для гульні ў шашкі і шахматы. Уздоўж дарожак расставілі вертыкальныя канструкцыі з кветкамі.

Падчас агляду новай добраўпарадкаванай тэрыторыі падзяку мэру сталіцы і адміністрацыі раёна выказала мясцовая жыхарка: «40 гадоў тут жыву. Ёсць, чым заняцца і днём, і ўвечары. Зрабілі вельмі добра, зона адпачынку перасягнула ўсе нашы чаканні. Дзякуй, мы вельмі задаволеныя!»

У Першамайскім раёне ў Севастопальскім парку з боку вуліцы Кнорына абсталявалі зону адпачынку «Спорт». Уваход у парк абсталяваны картай-схемай. Тут з’явіліся варкаўт-пляцоўка, баксёрскія грушы, пляцоўкі з вулічнымі трэнажорамі, баскетбольная і для пляжнага футбола. Можна прылегчы на адным з драўляных шэзлонгаў або пакатацца на арэлях. Для дамашніх жывёл пабудавалі пляцоўку для выгулу.

У Партызанскім раёне ў лясным масіве на скрыжаванні вуліц Ваўпшасава і Солтыса зрабілі экалагічную прастору «Ляснымі сцежкамі». Тут пракладзены чатыры пешыя маршруты агульнай працягласцю больш за два кіламетры з пазнавальнымі стэндамі аб прыродзе і гісторыі мікрараёна «Дражня». Ёсць спартыўная і дзіцячая зоны, тэматычныя фотазоны, шпакоўні на дрэвах.

У Завадскім раёне надалі ўвагу тэрыторыі ў межах вуліц Арцёма — Іркуцкай і завулка Брацкага. У народзе месца называюць «Лужок». Тут з’явіліся арэлі, баскетбольнае кальцо, футбольныя вароты, лаўкі і гульнявы комплекс у выглядзе лятучай талеркі.

«Стварэнне такіх месцаў вельмі значнае для горада. — распавёў журналістам старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, — Мы акцэнтуем увагу адміністрацый раёнаў на тое, што не трэба засяроджвацца на адной пляцоўцы. Трэба, каб рабілі шмат месцаў для адпачынку жыхароў горада». 

На працягу трох гадоў ужо створана 45 пляцовак, якія сапраўды сталі ўпрыгожваннем нашага горада, месцам, дзе кожны чалавек можа прыйсці са сваімі дзецьмі адпачыць, пазаймацца спортам, пачытаць кнігу. На думку мэра сталіцы, гэта вельмі важна, таму што мегаполіс аказвае істотны ціск на чалавека: «Для таго, каб атрымаць магчымасць парэлаксіраваць, адпачыць ад гарадской мітусні, такія пляцоўкі вельмі патрэбныя. Адміністрацыі раёнаў штогод робячы па дзве такія пляцоўкі ствараюць усе неабходныя ўмовы для адпачынку жыхароў, імкнуцца прыўносіць нешта новае, каб сапраўды было цікава. Гэта і конкурс лавак, і ўладкаванне месцаў каля вадаёмаў, азеляненне, выраб розных падробак з падручных матэрыялаў. Многае было зроблена з тых адходаў, якія засталіся пасля буралому, што прайшоў у жніўні каля Мінскага мора. Былі створаны цікавыя рэчы. Сёння ў рамках аб’езду мы паглядзелі на тыя месцы, якія адміністрацыі плануюць уладкаваць у наступным годзе. Ужо такія напрацоўкі ёсць. Зараз на працягу зімовага перыяду будзе праведзена падрыхтоўка, каб у наступным годзе былі зроблены такія ж выдатныя месцы для адпачынку жыхароў горада», — адзначыў ён.

Уладзімір Кухараў падагульніў, што сёння ўсе пляцоўкі ўладкоўваюцца без прыцягнення бюджэтных сродкаў, з небюджэтных грошай, прыцягнення прадпрыемстваў, якія аказваюць дапамогу і сапраўды прадстаўляюць свае добрыя вырабленыя лаўкі і малыя формы, якія з’яўляюцца добрай дапамогай для такіх месцаў. «Таму мы ўдзячныя ўсім, хто прымае ўдзел. Зараз плануем на усіх гэтых месцах у пакуль яшчэ спрыяльны перыяд зрабіць пасадкі дрэў і кустоў. Запрашаем жыхароў горада актыўна паўдзельнічаць у гэтых мерапрыемствах».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.