Вы тут

Працягваецца выданне кніжнай серыі «Сучасная беларуская літаратура»


У новым томе з бібліятэкі, якая прадэкларавана як сумесны літаратурны праект Саюза пісьменнікаў Беларусі і выдавецтва «Аверсэв», — творы пісьменнікаў, адрасаваныя дзіцячаму чытачу. На апошняй старонцы вокладкі зборніка «Чароўная скарбніца» пазначана: «Тры аўтары — Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Генадзь Аўласенка і Людміла Рублеўская — сустрэліся на старонках адной кнігі, якая перш за ўсё прызвана зацікавіць дзяцей. Пісьменнікі прапануюць чытачу завесці знаёмства са сваімі героямі: Вухуцікам, Ветрыкам з Вентылятара і Мышкай Пік-Пік. У кожным з твораў — свае прыгоды, але яны аднолькава цікавыя і займальныя». 


«Вухуцік і яго таямніца» — так называецца раздзел, які прадстаўляе Кацярыну Хадасевіч-Лісавую і яе любімага героя, вандраўніка па Зямлі і розных планетах. Самыя розныя адкрыцці чакаюць чытача, які збярэцца пазнаёміцца з Вухуцікам і вухуцянамі. Пісьменніца добра ведае псіхалогію самых маленькіх чытачоў, умее выбудаваць займальны, прыцягальны сюжэт. Кацярына Хадасевіч-Лісавая размаўляе з дзецьмі як з дарослымі, старонкі яе казачных аповядаў напоўнены святлом, цяплом і дабрынёю. 

Генадзь Аўласенка знаёміць зусім з нечаканым персанажам — у зборніку змешчаны ўрывак з яго аповесці-казкі «Дзіўныя прыгоды маленькага Вятрыскі з Вентылятара». Каму спадабаецца гэтая сустрэча — шукайце і другія кнігі пісьменніка: «Новыя прыгоды маленькага Вятрыскі з Вентылятара», «Вятрыска і пані Зіма», «Вятрыска і кароль пацукоў». 

Людмілу Рублеўскую болей ведаюць як пісьменніцу «для дарослага чытача», але піша яна і для дзяцей. У 2008 годзе ў выдавецтве «Літаратура і Мастацтва» «Карона на дне віра, альбо Казкі з хутара Юстыны». А «Прыгоды мышкі Пік-Пік», якія ўпершыню пабачылі свет у 2000 годзе, не аднойчы прыходзілі да чытача асобнай кнігай. У адным з інтэрв’ю пісьменніца вось што сказала адносна таго, як нарадзіўся гэты твор: «Казкі пра мышку Пік-Пік — гэта своеасаблівая „сямейная казачная сага“. Штовечар я распавядала для сваіх дзетак, Веранікі і Максіма, вясёлыя і гарэзныя гісторыі пра чароўную істоту, якая жыве ў іх кватэры. Дзеці не засыналі, пакуль не пачуюць пра чарговыя прыгоды мышкі. Героямі казак рабіліся ўсе сямейныя, а таксама іх сябры...»

Тыраж «Чароўнай скарбніцы», трэцяга тома ў серыі «Сучасная беларуская літаратура», — 1 100 экзэмпляраў. Набыць зборнік можна ў мінскай кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: праспект Незалежнасці, дом 72. 
Добрага ўсім чытання!

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Для непаседаў і іх бацькоў

Для непаседаў і іх бацькоў

Пабывалі ў першай дзіцячай мультыбрэндавай краме «Світанак Непаседа» і даведаліся, што пачым.