Вы тут

Фінішаваў Рэспубліканскі конкурс «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023»


Выхаваць чалавека — складана, для гэтага трэба як мінімум самому заставацца чалавекам. Гэта думка найбольш поўна адлюстроўвае змест суперфінала рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023», які прайшоў у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.


Сяргей ШАМІНСКІ: «Мы можам расчараваць сваіх калег, але мы не можам расчараваць сваіх вучняў…»

Пастаўлена апошняя кропка ў спаборніцкім марафоне, які доўжыўся амаль год. Чаго хаваць, кожны, хто дайшоў да рэспубліканскага фіналу і тым больш суперфіналу, хацеў бы стаць уладальнікам ганаровага звання, бо вельмі шмат было ўкладзена ў конкурс часу, маральных рэсурсаў і сіл! Да таго ж прафесійнае прызнанне важнае для кожнага педагога. Але канкурэнцыя надзвычай сур’ёзная... Калі ў фінальную частку ў кожнай прадметнай намінацыі выходзіць па адным прадстаўніку ад кожнай вобласці і сталіцы (усяго 56 чалавек), то ў суперфінал праходзяць толькі пераможцы ў васьмі намінацыях. А «Настаўнікам года» можа стаць з іх толькі адзін…

Васьмёра найлепшых

Вітаючы суперфіналістаў, намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай пажадаў ім настойлівасці на шляху да перамогі і адзначыў, што яны ўжо пераможцы, іх вопыт і метадычныя знаходкі вартыя тыражавання. Ён адзначыў, што васьмёрку суперфіналістаў ужо з нецярпеннем чакаюць у клубе «Крыштальны журавель», які быў створаны для прафесійнага супрацоўніцтва педагогаў (ён аб’ядноўвае арганізатараў і ўдзельнікаў конкурсу розных гадоў).

Увогуле, склад суперфіналістаў гэтым разам аказаўся вельмі цікавы. З васьмі яго ўдзельнікаў трое былі прадстаўнікамі Брэсцкай вобласці і двое з іх выкладаюць у адной установе адукацыі (гэта ўнікальная сітуацыя): настаўніца біялогіі пінскай гімназіі № 2 Таццяна Пархамчук, настаўніца англійскай мовы з той жа гімназіі Вольга Шчарбакова і настаўніца пачатковых класаў баранавіцкай сярэдняй школы № 17 Кацярына Каваленка.

Двое прадстаўлялі Гомельшчыну — выхавальніца дзіцячага садзіка № 40 Мазыра Любоў Палын і настаўнік выяўленчага мастацтва Доўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна Сяргей Шамінскі. Яшчэ двое канкурсантаў былі са сталіцы: настаўніца гісторыі і грамадазнаўства мінскай гімназіі № 31 Людміла Гурыновіч і настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 4 Аляксандра Сакулевіч. Таксама за званне найлепшай у прафесіі змагалася настаўніца фізікі і астраноміі з бабруйскай сярэдняй школы № 34 Святлана Здаранкова (Магілёўская вобласць).

Найбольшы педагагічны стаж у Сяргея Шамінскага — 33 гады, найменшы — у Аляксандры Сакулевіч (усяго 6 гадоў). Менавіта дзякуючы Сяргею Шамінскаму суперфінал не атрымаўся выключна жаночы. Усё ж такі фемінізацыя педагагічнай прафесіі адчуваецца ўсё мацней. Сяргей Шамінскі пасля трох тураў адставаў ад канкурэнтаў, але затым выдаў неверагодную серыю з найлепшага ўрока па прапанаванай журы тэме ў незнаёмым класе, найлепшага выступлення перад грамадскасцю і найлепшага майстар-класа для будучых педагогаў і вырваў выніковую перамогу на апошнім выпрабаванні.

Трэба заўважыць, што ўпершыню ў праграму фіналу было ўключана праектаванне ўрока: дзве гадзіны канкурсанты працавалі ў аўдыторыі сам-насам з падручнікам, каляндарна-тэматычным планаваннем і вучэбнай праграмай. Досвед атрымаўся цікавы: выпрабаванне адкрыла ўдзельнікаў з новага боку. Таксама канкурсантам сталі налічваць балы за публічнае выступленне. Як відаць, выпрабаванні ў фінале патрабуюць ад канкурсантаў рознабаковай педагагічнай і метадычнай падрыхтоўкі і, вядома ж, псіхалагічнай устойлівасці. Таму перамагчы ў сваёй намінацыі — дарагога варта! Як вызначаецца пераможца ў суперфінале і як з прадстаўнікоў розных дысцыплін — ад фізікі да малявання — выбіраецца найлепшы, для звычайных гледачоў, хутчэй, загадка. Але журы сцвярджае, што яны ўзброеныя ўсімі неабходнымі для гэтага крытэрыямі. На падрыхтоўку да суперфіналу педагогам даецца ўсяго адна ноч. Апошні адрэзак прафесійнага марафону больш нагадвае педагагічнае свята для тых, хто сядзіць у глядзельнай зале. Але не для суперфіналістаў, якія фактычна становяцца яго сцэнарыстамі і выканаўцамі галоўных роляў…

Без права на пымылку?

У суперфінале ўсіх чакалі тры выпрабаванні: вырашэнне педагагічных сітуацый, дваццаціхвілінны міні-ўрок на сцэне і публічнае выступленне.

Традыцыйную прэс-канферэнцыю замянілі разборам педагагічных сітуацый, каб паглядзець, як павядзе сябе настаўнік у складаных, канфліктных умовах. На роздум удзельнікам давалася ўсяго хвіліна, хоць насамрэч гэта раскоша. Рэакцыя часта патрабуецца імгненная, бо нестандартныя педагагічныя сітуацыі — зусім не рэдкасць. І прапанаваныя сітуацыі былі даволі пазнавальныя. Напрыклад, настаўнік пачынае ўрок, тлумачыць новую тэму, і раптам адзін з вучняў пытаецца: «А навошта нам увогуле яе вывучаць? Як яна дапаможа мне ў жыцці?» Ці настаўнік тлумачыць новую тэму ўрока, і адна з агучаных ім фраз раптам выклікае ў навучэнцаў нездаровы смех. Далей весці тлумачэнне матэрыялу складана з-за бурнай рэакцыі ўдзельнікаў на новую тэрміналогію. Якое рашэнне можна прапанаваць?

А вось якая задачка дасталася Сяргею Шамінскаму. «Настаўнік выконвае на дошцы пэўныя дзеянні (запісвае алгарытм, рашае ўраўненне, піша формулу). У яго запісах ёсць памылка. Хтосьці з навучэнцаў заўважыў гэта і сказаў услых. Усе засмяяліся. Як паводзіць сябе педагогу?»

— Я б прапанаваў класу разам знайсці памылку. Сказаў бы: «Малайцы, дзеці, што заўважылі. Я правяраў вашу памяць, уважлівасць і аналітычнае мысленне. І змадэліраваў сітуацыю, у якой вы павінны былі не дапусціць памылку», — адказаў суперфіналіст.

Фізіка выхавання

Агульнавядома, што педагагічная прафесія — прафесія публічная, і ў гэтым сэнсе яна падобная да акцёрскай. Уменне ўстанавіць кантакт з аўдыторыяй і трымаць яе ўвагу — вельмі важнае для кожнага педагога. І міні-ўрок на сцэне гэта яскрава прадэманстраваў. Усім удзельнікам напярэдадні была прапанавана адна і тая ж тэма — «Дзеці — гэта наша ўсё. Іх толькі трэба адчуць і выхаваць...» Раскрыць яе неабходна было сродкамі свайго прадмета. Між іншым, у ролі «вучняў» выступалі калегі-фіналісты, якія, хоць і выбылі з барацьбы, але з вялікай ахвотай і гумарам падыгрывалі сваім больш удачлівым канкурэнтам.

«На мінулым уроку мы разглядалі тэму „Склад крыві чалавека“, а сёння будзем даследаваць склад крыві беларуса, — заінтрыгавала ўсіх настаўніца біялогіі Таццяна Пархамчук. — Склад крыві ў чалавека не заўсёды аднолькавы. Ён змяняецца, калі чалавек хвалюецца, радуецца, калі нам холадна ці горача. А ці чулі вы выраз „Гэта ў чалавека ў крыві“? Як вы думаеце, што ён азначае? Давайце паразважаем. У мяне ў крыві ёсць асаблівая якасць — гэта мой аптымізм...»

 

Пад кіраўніцтвам настаўніцы вучні дабаўлялі ў сваю формулу крыві якасці, ўласцівыя менавіта ім: мэтанакіраванасць, упартасць, эмацыянальнасць, крэатыўнасць, дабрыню, жыццярадаснасць, цікаўнасць і іншыя. Наступным «інгрэдыентам» сталі якасці, якія выхоўваць у вучнях настаўнікі: чалавечнасць, адказнасць, працалюбства, любоў да радзімы, сумленнасць, прыстойнасць…

Затым усе якасці былі аб’яднаны ў агульным сасудзе. «Паглядзіце, якой стала наша кроў... Гэта і ёсць кроў нашай нацыі. Кожны з нас прыўносіць штосьці, што робіць нас усіх мацнейшымі. Адзінства беларусаў — у крыві. Калі мы адзіныя, мы непераможныя. Выхоўваючы дзяцей, настаўнік выхоўвае будучыню нацыі. Гэта мая мэта не на адзін урок, а на ўсё жыццё», — падсумавала вынікі занятку Таццяна Пархамчук.

Таццяна ПАРХАМЧУК: «Сёння мы будзе даследаваць склад крыві беларуса...»

Пад кіраўніцтвам настаўніцы фізікі Святланы Здаранковай вучні вызначылі сваю мэту на ўрок — зрабіць выснову, як можна выхоўваць дзяцей з дапамогай пачуццяў, і паглыбіліся ў... фізіку выхавання. Асабліва парадавала ўсіх фізкультхвілінка, калі навучэнцы выстраіліся на сцэне ў ланцужок, уяўляючы сабой мадэль цвёрдага цела. Кожны вучань — часцінка цвёрдага цела, якая хістаецца каля становішча раўнавагі, знаходзячыся ў вузлах крышталічнай рашоткі. Настаўніца — таксама адна з такіх часцінак, якая аказваецца ў зоне падагрэву. Працэс перадачы цяпла адбываецца ад больш нагрэтай часткі цела да менш нагрэтай, але ў выніку цяпло праз нейкі час адчувае і самы далёкі ў ланцужку вучань. «Калі цела нагрэтае, яно можа не толькі аддаваць цяпло, але і свяціць, — кажа настаўніца. — А каб выхоўваць іншых, трэба пачынаць з сябе...»

Затым, узброіўшыся ліхтарыкамі, шляхам фізічных доследаў усе шукалі адказ на пытанне, што адбываецца, калі мы знаходзімся бліжэй да аб’екта выхавання.…

А творчае дамашняе заданне пераўтварылася ў запальны рэп на сцэне. Задачай вучняў было дапісаць верш, які распачала пісаць настаўніца: «У прыродзе няма чараўніцтва, у прыродзе ёсць навука. Фізіка выхавання — незвычайная штука. Дай адчуць здзіўленне ад навуковай феерыі, і выхаваеш імкненне да дасягнення мэты. Ты ў школу вер усёй душой. І зазнай натхненне. Дзяцей адчуй спачатку, зразумей, а выхаваеш імгненнямі...»

Заставацца людзьмі…

«Выхаваць чалавека» — так арганізатары конкурсу сфармулявалі тэму публічнага выступлення ўсіх суперфіналістаў.

— Вялікая Айчынная вайна — час небывалай мужнасці, гераізму, самаадданасці. А паралельна — кваліфікаваныя інжынеры праектавалі газавыя камеры, кваліфікаваныя ўрачы ставілі вопыты на бездапаможных вязнях, кваліфікаваныя медыцынскія сёстры забівалі немаўлят. Яны ўмелі вучыцца, але яны не ўмелі быць людзьмі, — разважае настаўніца гісторыі Людміла Гурыновіч. — Я ўпэўнена, што галоўная задача педагога — выхаваць чалавека. А што для гэтага трэба? Памятаць пра ўчарашні дзень, дзейнічаць сёння і думаць пра заўтра. Мы захоўваем гістарычную памяць, разам з вучнямі шмат гадоў збіраем успаміны відавочцаў мінулага, сведкаў Вялікай Айчыннай вайны. І хачу заўважыць, што вялікі ўплыў на дзяцей аказвае не толькі аповед пра тыя падзеі, але і самі стасункі з людзьмі, якія шмат перажылі. А тыя вельмі радуюцца, што да іх прыходзяць прадстаўнікі маладога пакалення, яны іх паважаюць і хочуць слухаць. Такім чынам сувязь паміж пакаленнямі не перарываецца…

— Геніяльны твор кожнага народа — яго мова. Я вучу мову сваіх продкаў усё жыццё, лаўлю кожны гук і словы, якія ўплятаюцца ў гісторыю маёй краіны. Гэта тое, што павінна быць з намі і ў нас, — падзялілася сваім рэцэптам выхавання Святлана Здаранкова. — На маю думку, выхоўваць чалавека можна толькі ўласным прыкладам, дзеяннямі і ўчынкамі. Пры гэтым трэба быць побач са сваім вучнем. Кожнага з іх падымаеш на крыло, вучыш глядзець ветру ў твар, планаваць у прасторы магчымасцяў. І няхай будзе сто тысяч праектаў, мільён дыктовак, але мы ведаем сваю мэту і ўпэўнена ідзём да яе.

Святлана ЗДАРАНКОВА: «Калі цела — нагрэтае, яно можа не толькі аддаваць цяпло, але і свяціць...»

 

— Выхаваць чалавека складана, для гэтага трэба як мінімум самому заставацца чалавекам, — лічыць Сяргей Шамінскі. — Усе мы былі калісьці дзецьмі, і нас хтосьці выхоўваў, затым мы выраслі, скончылі інстытуты і раз’ехаліся ў розныя куткі нашай радзімы. Выхоўваючы дзяцей, мы часам і не падазравалі, што насамрэч яны выхоўваюць нас. Бо гэта менавіта яны выхавалі ў нас пачуццё адказнасці перад імі, гэта яны сфарміравалі ў нас пачуццё павагі да іх, яны спрыялі развіццю ў нас ведаў, уменняў, навыкаў, разумеючы, што потым мы ўсё гэта дадзім ім. Яны ўсё жыццё прымушаюць нас шліфаваць наша педагагічнае майстэрства і як вынік — мы стаім цяпер на гэтай сцэне. Гэта менавіта яны выхоўвалі ў нас Чалавека. Яны навучылі нас быць добрымі, любіць і разумець іх. Яны могуць падзяліцца з намі тым, чым не заўсёды падзеляцца з бацькамі. Яны вераць нам, яны нам давяраюць. Мы можам расчаравацца ў сваіх калегах, мы можам расчараваць сваіх калег, але мы не можам расчараваць сваіх вучняў. Мы не маем на гэта права, таму што яны паверылі нам, яны даверылі нам свае маленькія сэрцы і вялікія душы. Яны — чысты ліст паперы, дакрануўшыся да якога пэндзлем, мы разам з імі яркімі фарбамі пачынаем пісаць гісторыю іх жыцця. Калі ў вас саміх захавалася дзіцячая чысціня, беражыце яе, бо гэта вялікая каштоўнасць. Бо гэта і ёсць ключ да разумення дзіцячай душы. Вельмі важна ў нашай прафесіі пачуць словы падзякі, і калі вы хоць раз пачулі гэтыя словы ад сваіх выхаванцаў, паверце, значыць, вы выбралі прафесію правільна…

Учора ўвечары на ўрачыстым мерапрыемстве ў Палацы Рэспублікі назвалі пераможцу конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023». Ім стаў настаўнік выяўленчага мастацтва з Доўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна Сяргей Шамінскі.


Старшыня журы конкурсу, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ірына Рынейская: «Конкурс завяршыў чарговы настаўніцкі год. Які ён быў? Няпросты, складаны, лёгкі, добры? Але ён быў наш — педагагічны. Ён даў нам дасягненні, прынёс вынікі, яркія новыя імёны. Выказваю велізарную ўдзячнасць за кожны дзень вашай настаўніцкай працы, за ваша педагагічнае братэрства, за пачуццё локця, за вашу сілу духу, за адказнасць, за сілу думкі і сілу слова. Глыбока перакананая, што педагагічная гісторыя краіны будзе дапоўнена новымі вынікамі і дасягненнямі. Для гэтага ў нас з вамі ёсць усё: шчаслівая, мірная краіна, выбітныя, здольныя і таленавітыя дзеці, у якіх хочацца ўкласці сваю душу, сваё сэрца, сваю мудрасць. І ў нас ёсць вера ў прафесію, у вялікую прафесію настаўніка».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.