Вы тут

«Немагчыма было раўнадушна глядзець, як жывёла тоне...»: у Ветцы вадалазы выратавалі зайца


Гэтая гісторыя, перакананы супрацоўнікі Веткаўскай выратавальнай станцыі, — урок тым, хто адважваецца выходзіць на лёд на вадаёмах. Значны мінус на слупках тэрмометраў у апошнія дні — яшчэ не гарантыя таго, што на рэках і азёрах утварылася бяспечнае ледзяное покрыва.


— Кругласутачна мы вядзем вахтавае назіранне за воднай акваторыяй Сожа каля выратавальнай станцыі. Падчас нясення дзяжурства вахтавы Міхаіл Лімантаў заўважыў, што на сярэдзіне ракі тоне жывёла. Па вадзе дрэйфавалі вялікія ільдзіны. Гэта на іх, відаць, з нейкага ўчастку лесу ў раён выратавальнай станцыі прынесла зайца. Жывёла спрабавала плыць, не здавалася і імкнулася забрацца на крыгу, але зноў падала ў ваду, — распавёў начальнік Веткаўскай выратавальнай станцыі Сяргей Сілкін.

Супрацоўнікі выратавальнай станцыі прынялі тэрміновае рашэнне — аб’явілі вучэбна-тактычную трывогу. 

— Для ратавальнікаў Таварыства выратавання на водах не стаіць задачы ратавання жывёл, якія тонуць, толькі людзей. Але немагчыма было раўнадушна глядзець, як заяц тоне. На дапамогу жывёле накіравалася група выратавання на вадзе. Такім чынам нашы супрацоўнікі ў чарговы раз змаглі адпрацаваць навыкі рэагавання на сітуацыю. Бо на месцы зайца мог бы апынуцца і чалавек, — дадае начальнік Веткаўскай выратавальнай станцыі. 

Аперацыя па выратаванні зайца заняла паўтары хвіліны. Як падзяліўся Сяргей Сілкін, калі група ратавання падыходзіла па лёдзе да небаракі ў вадзе, жывёла зрэагавала – чакала людзей. 

— Заяц адчайна змагаўся за сваё жыццё да той хвіліны, пакуль не адчуў руку ратавальніка, якая падтрымала яго, і толькі тады паддаўся. Дарэчы, ад знаходжання ў ледзяной вадзе і сутаргаў у жывёлы цалкам адняліся лапы, яна ўвогуле не магла рухацца. То бок, яшчэ б некалькі секунд і заяц патануў бы, — расказаў суразмоўца. 

Больш за гадзіну лясны госць, загорнуты ў пакрывала, адаграваўся ў кацельні выратавальнай станцыі. Калі стала зразумела, што жывёле палепшала, зайца вынеслі на вуліцу і адпусцілі. Уцёк вушасты вельмі жвава. 

Між тым, як звяртаюць увагу супрацоўнікі Таварыства выратавання на водах, каб не апынуцца ў становішчы зайца на ільдзіне, людзі павінны памятаць, што і скаваны лёдам вадаём — тэрыторыя павышанай небяспекі. Многія аматары зімовай рыбалкі па-ранейшаму рызыкуюць і грэбуюць законнымі патрабаваннямі бяспекі на вадаёме. 

— Два разы на тыдзень мы праводзім сумесныя рэйды з супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і райаддзела унутраных спраў. Падчас апошняга рэйду былі адзначаны парушэнні грамадзянамі пастановы Савета Міністраў № 543 ад 18 жніўня 2023 года «Аб ахове жыцця людзей на вадзе». У прыватнасці гаворка аб невыкананні патрабавання аб абавязковым нашэнні выратавальнай камізэлькі пры знаходжанні чалавека на лёдзе на вадаёме. Калі раней гэта было рэкамендавана, то зараз гэта абавязковае патрабаванне, — звяртае ўвагу начальнік Веткаўскай выратавальнай станцыі. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА 

Фота Веткаўскай выратавальнай станцыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.