Вы тут

Настаўніца Гродзенскай школы расказвае пра беларускую народную ляльку


Людзі, якія сваімі рукамі могуць рабіць цудоўныя рэчы, заўсёды выклікаюць павагу. Для мяне такім чалавекам з’яўляецца Таццяна Васілеўна Чарток, настаўніца СШ № 39, загадчыца кабінета роднай мовы і літаратуры, які прысвечаны беларускай народнай ляльцы.


Яны тут, дарэчы, паўсюль: стаяць на паліцах у шафах, выглядваюць з акенцаў стылізаванай хаткі, упрыгожваюць сімвалічнае дрэўца... Прычым кожная лялька мае сваю гісторыю, назву, прызначэнне. Лялькам-жаданніцам дзеці спрадвек давяралі мары, лялькам-суцешніцам — крыўды, а былі ж яшчэ — абярэгі, забаўкі, выхавацелькі дабрыні…

Лялькі абаранялі жытло нашых продкаў ад злых духаў і хвароб, дапамагалі збіраць вялікі ўраджай, мацавалі сем’і, былі атрыбутамі святочных абрадаў…

Пра ўсё гэта вучні даведваюцца на занятках адмысловага гуртка, на ўроках беларускай мовы і літаратуры ў кабінеце (дарэчы, адзіным у горадзе), упрыгожаным лялькамі.Усе яны зроблены рукамі Таццяны Васілеўны Чарток і яе выхаванцаў.

А ўжо яны дзеляцца сваімі ведамі з вучнямі пачатковых класаў, наладжваюць выставы, экскурсіі, прэзентацыі, а таксама майстар-класы. У кабінеце вельмі цікава праходзяць урокі, прысвечаныя вуснай народнай творчасці: пра духаў у шостым класе, прыказкі і прымаўкі — у пятым... Цяпер вучні добра ведаюць, чаму на вяселлі нявесце дарылі ляльку дзесяціручку? Каб старалася, каб усё паспявала.

Лялька-шчаслівіца аберагала сваю гаспадыню ад розных нягод, марцінічка — дапамагала ў захаванні сямейнага шчасця, зернавушка — у вырошчванні добрага ўраджаю, траўніца — служыла скарбонкай для зёлак... Нашы продкі лічылі, што лялькі валодаюць магічнай сілай, што яны напоўнены дабрынёй, любоўю і клопатам аб тым, каму адрасаваны.

Вучні школы разам з Таццянай Васілеўнай стараюцца захаваць сакрэты майстэрства, якое перадалося ў спадчыну. І таму не дзіва, што ўсе лялькі — нібы выйшлі з бабулінага куфэрка, не страціўшы пры гэтым ні сваёй прыгажосці, ні здольнасці радаваць.

Ірына САЛАТА

г. Гродна

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.