Вы тут

Захаваць прыроднае багацце


Яшчэ ў канцы 2013 года Брэсцкі абласны Савет дэпутатаў зацвердзіў рэгіянальную схему рацыянальнага размяшчэння такіх тэрыторый на перыяд да студзеня 2024 года. Прыйшоў час падвесці вынікі, зрабіць агляд зробленага і акрэсліць праграму работы на наступнае дзесяцігоддзе. Для гэтага дэпутаты сабраліся ў Камянюках, у самым цэнтры Белавежскай пушчы. Напачатку сесіі яе ўдзельнікі наведалі шэраг аб’ектаў па тэме пасяджэння. Першай стала мясцовая школа, якая мае статус «зялёнай», тут працуюць тэматычныя гурткі, факультатывы, нават ёсць «Экалагічны тэатр». Прэзентацыю сваёй дзейнасці правёў Камянецкі раённы цэнтр турызму і краязнаўства. Дэпутаты здзейснілі экскурсію і ў археалагічны музей пад адкрытым небам на тэрыторыі Белавежскай пушчы.


Выставу прыродаахоўных устаноў, што кіруюць заказнікамі, такімі як «Выганашчанскае», «Спораўскі», «Званец», «Сярэдняя Прыпяць» і іншых, зладзілі ў холе Музея прыроды.

Як адзначыў намеснік старшыні Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Шылінчук, сёння ўсё большае значэнне набывае турыстычны патэнцыял гэтых тэрыторый. Там ёсць што паказаць наведвальнікам. Несумненна, важным выглядае і эканамічны складнік галіны. Тураператамі вобласці распрацавана ды асвойваецца 96 экалагічных маршрутаў. Падарожжы прапаноўваюцца і на тэрыторыі, якія асабліва ахоўваюцца. У рэспубліканскіх заказніках з дапамогай міжнароднай тэхнічнай дапамогі ўладкавана 29 турыстычных маршрутаў і сем экалагічных сцяжын, кожная з якіх мае працягласць каля двух кіламетраў. За мінулы год рэспубліканскія заказнікі наведалі 11,5 тысячы арганізаваных турыстаў.

Зразумела, што з усіх прыродных тэрыторый, якія асабліва ахоўваюцца, найбольшы інтарэс наведвальнікаў выклікае Нацыянальны парк «Белавежская пушча», адзін з сімвалаў краіны, яе гонар і візітоўка. Аб дзейнасці парку, перспектывах развіцця ўдзельнікам сесіі расказаў намеснік дырэктара Аляксандр Аўсей. Паводле яго слоў, намаганні калектыву накіраваны на тое, каб зрабіць наш нацыянальны брэнд яшчэ больш яркім, прывабным, пазнавальным. Летась Брэсцкі аблвыканкам правёў конкурс на найлепшую архітэктурную канцэпцыю ўязной групы ў Нацыянальны парк. Цяпер на названым аб’екце вядуцца работы. На каштарыс і будаўніча-мантажныя работы з абласнога бюджэту было выдзелена 2,8 мільёна рублёў. Дарэчы, у пушчы рыхтуюцца да 20-годдзя сядзібы беларускага Дзеда Мароза, якое будзе адзначацца ў снежні.

Гаворка на сесіі зайшла і пра ўнікальны гісторыка-культурны аб’ект — археалагічны музей пад адкрытым небам. Ён узведзены на месцы старажытнага паселішча. Экспазіцыі музея адлюстроўваюць гісторыю беларускіх зямель ад каменнага веку да ранняга Сярэднявечча. Адзначалася, што музей мае патрэбу ў павелічэнні колькасці і якасці рэкламы, каб прыцягнуць больш наведвальнікаў.

Асобную ўвагу ўдзельнікі пасяджэння ўдзялілі рэспубліканскаму біялагічнаму заказніку «Спораўскі». Гэта першая тэрыторыя ў Беларусі, якая атрымала міжнародны статус аховы Рамсарскіх угоддзяў. Заказнік плошчай амаль у 20 тысяч гектараў ахоплівае адміністрацыйныя межы адразу чатырох раёнаў — Бярозаўскага, Драгічынскага, Іванаўскага, Івацэвіцкага. На сесіі адзначалася, што работа па захаванні ўнікальных флоры і фаўны ў гэтым заказніку вядзецца эфектыўна. Дырэктар заказніка Вадзім Пратасевіч падкрэсліў важнасць узаемадзеяння з навуковымі арганізацыямі краіны. Менавіта пры плённым супрацоўніцтве навукоўцаў і практыкаў у заказніку сталі праводзіць комплексныя мерапрыемствы па папярэджанні зарастання нізінных балот і лугавых земляў. Каб балоты не зарасталі, трэба пастаянна прыбіраць кустоўе, трыснёг і іншую расліннасць. Нездарма, некалі быў створаны фестываль «Спораўскія сенакосы», менавіта з яго дапамогай прыцягнулі ўвагу да праблемы. З’явілася спецыяльная тэхніка, якая прыбірае больш за тысячу гектараў плошчы. А цяпер рэалізоўваецца яшчэ адзін праект: на балота выпускаюць «жывыя касілкі» — турападобных кароў і тарпанападобных коней. Дарослая карова за дзень з’ядае да 100 кілаграмаў расліннасці. Ужо выпушчана ў дзікую прыроду 13 такіх кароў, 11 галоў жывёлін на каранціне, чакаюць свайго часу. Паводле прагнозаў спецыялістаў, такія меры паслужаць захаванню балотных угоддзяў.

Размова на пленарным пасяджэнні атрымалася інфарматыўнай, змястоўнай і своечасовай. Вядзецца падрыхтоўка да ўнясення на разгляд сесіі аблсавета пытання аб зацвярджэнні рэгіянальнай схемы размяшчэння асабліва ахоўных тэрыторый да 1 студзеня 2034 года.

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Юрый Наркевіч адзначыў:

— Мы разгледзелі работу, якая праводзіцца зацікаўленымі службамі выканаўчых і распарадчых органаў па абароне асабліва ахоўных тэрыторый. Да гэтай работы ў той ці іншай меры датычны і кожны дэпутат. З прыродай трэба жыць у гармоніі, а калі недзе так не атрымліваецца, наш абавязак — заўважаць і выпраўляць хібы. Брэсцкая вобласць, як і краіна ў цэлым, валодае ўнікальным прыродным багаццем. І мы павінны захаваць яго, каб перадаць дзецям і ўнукам.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.