Вы тут

Бібліятэкары Гомеля распрацавалі ўнікальны электронны рэсурс пра гісторыю вайны


Бібліятэкары Гомеля распрацавалі ўнікальны электронны рэсурс аб ваеннай гісторыі першага вызваленага ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў беларускага абласнога цэнтра. У праекце «Стужка часу: Гомель у гады Вялікай Айчыннай вайны» сабраны матэрыялы звыш 100 краязнаўчых артыкулаў. Маштабную, карпатлівую работу па зборы і алічбаванні матэрыялаў правялі супрацоўнікі Гомельскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. І. Герцэна.


— Бібліятэкі сёння перажываюць актыўны працэс аўтаматызацыі і ўкаранення інфармацыйных тэхналогій. Наша ідэя — стварыць інфармацыйны рэсурс, дзе будуць сабраныя ўсе алічбаваныя краязнаўчыя матэрыялы бібліятэкі, — адзначыла загадчык інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела Гомельскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. І. Герцэна Марына Перунова.

Спецыяліст нагадала, што 26 лістапада гамяльчане адзначаць 80-годдзе з дня вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Праект бібліятэкараў — гэта ў тым ліку падарунак жыхарам абласнога цэнтра, якія шануюць памяць аб ваеннай гісторыі горада над Сожам.

Так, праект «Стужка часу: Гомель у гады Вялікай Айчыннай вайны» ў храналагічным парадку аднаўляе эпізоды ваеннага летапісу Гомеля. У аснове краязнаўчага рэсурсу — база даных «Гомель у друку», якая змяшчае ўсе алічбаваныя крыніцы фондаў бібліятэкі.

У рэсурсе сабрана інфармацыя аб гераічнай абароне Гомеля, Гомельскім партызанскім атрадзе «Бальшавік», сумна вядомых Дулаг-121 і гета на тэрыторыі акупаванага абласнога цэнтра. Акумулявана інфармацыя аб подзвігах адважных падпольшчыкаў і наступных жорсткіх расправах над імі падчас фашысцкай акупацыі Гомеля, адлюстраваны падзеі доўгачаканага вызвалення горада. «Стужка часу» расказвае і аб людзях, з імёнамі якіх звязана ваенная гісторыя Гомеля. Зацікавяць звесткі аб баявым шляху Ільі Кожара, Емяльяна Барыкіна, Рамана Цімафеенкі, Мікалая Піваварава і іншых партызан і падпольшчыкаў.

Электронны рэсурс рыхтаваўся сіламі спецыялістаў інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела і сектара аўтаматызацыі і інфармацыйных тэхналогій Гомельскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. І. Герцэна.

Між тым стварэнне рэсурсу заняло каля чатырох месяцаў. Супрацоўнікі не толькі сабралі ўвесь неабходны матэрыял, але і самі прапрацавалі фармат падачы інфармацыі.

— Мы вывучылі інфармацыю на гэтую тэму ў інтэрнэце, зрабілі апытанне сярод маладых людзей — нашых наведвальнікаў. Ставілі задачу вызначыцца з такім фарматам падачы інфармацыі, які будзе цікавы і зручны для карыстання, — звяртае ўвагу Марына Перунова.

«Стужка часу: Гомель у гады Вялікай Айчыннай вайны» прадстаўлена на сайце сеткі публічных бібліятэк горада Гомеля. Тэкставыя блокі рэсурсу маюць спасылкі на артыкулы з перыядычных выданняў розных гадоў.

— Дастаткова перайсці па спасылцы, і можна даведацца больш аб выбраным факце, падзеі або персаналіі. Адбор дат і падзей быў самым працаёмкім працэсам падчас стварэння рэсурсу, — падзялілася загадчык інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела.

Спецыялісты вывучылі шмат літаратурных крыніц: кніг, публікацый, інтэрнэт артыкулаў. Таксама важна было адабраць асноўныя крыніцы інфармацыі, бо здараецца, што ў друку звесткі аб ваеннай гісторыі Гомеля паўтараюцца.

— Мы звяртаем увагу на тое, што сёння на вагу золата краязнаўчая літаратура аб гісторыі нашай малой радзімы. Мы літаральна па крупінках усё гэта зверылі, сабралі і прадставілі. Каштоўная «Кніга «Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі» як крыніца, дзе пасля вайны былі апісаныя не толькі звесткі аб удзельніках падзей ваеннай гісторыі Гомеля, але і інтэрв’ю рэальных сведак, іх успаміны, — зазначае Марына Перунова.

— Цікава як для спецыяліста было працаваць з інфармацыяй і яе падборам у фармаце стужкі часу. Спадзяёмся, падлеткі і маладыя людзі ацэняць такі падыход, — пераканана бібліёграф інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела Гомельскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. І. Герцэна Аліна Кушнярова.

— Я ў асноўным займалася графічным афармленнем самой «Стужкі часу», дызайнам тэкставых блокаў. Падчас работы адкрыла невядомыя факты пра вызваленне Гомеля, дзейнасць партызан, — дадала бібліёграф інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела Гомельскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. І. Герцэна Ангеліна Луцэнка.

Спецыялісты нагадваюць, што часам у інтэрнэце людзі сутыкаюцца з недакладнай падачай інфармацыі аб вайне, наўмысным замоўчваннем падзей і некарэктнай інтэрпрэтацыяй фактаў. Таму вельмі важна, што бібліятэка адкрывае шырокаму колу чытачоў доступ да праверанай інфармацыі з афіцыйных надзейных крыніц. У гэтым асаблівая важнасць рэсурсу для моладзі, вучняў, студэнтаў, іх бацькоў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Стужкі лёсу

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.