Вы тут

Захавальнікі памяці. 6 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень архівіста


Па словах дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Алега Воінава, у архіўнай галіне працуюць больш за тысячу чалавек. Сёння архіўны фонд складае 16,7 мільёна адзінак захоўвання. Штогод прырастае на 100 тысяч. Архівісты прымаюць дакументы ад насельніцтва, арганізацый, апрацоўваюць іх і ўводзяць у работу. Штогод ствараюць больш чым адзін мільён электронных старонак.


Загадчыкі аддзелаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь: аўтаматызаваных архіўных тэхналогій Алеся Шапавал-Канапацкая і забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў Наталля Нартоўская ажыццяўляюць адбор архіўных дакументаў для алічбоўкі і размяшчэння на партале «Партызаны Беларусі». Фота Віктара Іванчыкава

«Асноўным кірункам дзейнасці з’яўляецца фарміраванне Нацыянальнага архіўнага фонду, нашай спадчыны. Другая задача — забяспечанасць ахоўнасці архіўных дакументаў. Гэта абсалютны прыярытэт. Мы абавязаны захаваць і перадаць дакументы наступнаму пакаленню. Таксама мы ставім перад сабой трэцюю задачу — стварэнне навукова-даведачнага апарата для таго, каб з дакументамі маглі працаваць не толькі спецыялісты і архівісты, але і простыя грамадзяне праз паслугі, электронныя магчымасці, якія дае сёння час. Чацвёртае — якаснае выкарыстанне архіўнай інфармацыі», — адзначыў дырэктар па архівах і справаводстве.

Па яго словах, штогод чытальныя залы наведвае больш за пяць тысяч чалавек: «Мне прыемна адзначыць, што ў насельніцтва ўзрастае цікавасць да дакументаў. Штогод выконваем больш за 30 тысяч рознага роду запытаў як унутры краіны, так і за яе межамі. 2023 год — Год міру і стваральнай працы. Сёлета сумесна з Міністэрствам юстыцыі, Дэпартаментам па архівах і з Міністэрствам культуры запусцілі праект „Адкрыты кінаархіў“. Пілотны праект прысвечаны Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. Мы яго прымеркавалі да Дня Дзяржаўнага герба, сцяга і гімна, а таксама да Дня Незалежнасці. У кінатэатрах нашай краіны прапануем праводзіць кіналекторыі, дэманстрацыю тэматычных ролікаў перад сеансамі».

Працягваецца праект «Архівы — школе». Дзецям цікава глядзець архіўныя дакументы. 35 архіўных устаноў працуюць з ВНУ, школамі, каледжамі.

«Сёлета пачалі праект „Гарады Беларусі“. Кожны архіў валодае ўнікальнымі дакументамі па канкрэтным перыядзе або раёне, якія ёсць толькі ў яго. На сайце архіва Беларусі ёсць падраздзел „Гарады Беларусі“, дзе распавядаецца пра канкрэтныя гарады. Мы пайшлі далей і цяпер расказваем і пра раёны, і пра тое, як яны ўтвараліся, як развіваліся іх прадпрыемствы, тлумачым паходжанне назваў вуліц, і пра выдатных грамадзян. Усё гэта — на падставе сапраўдных архіўных дакументаў, — падкрэсліў Алег Воінаў. — Таксама запусцілі праект „Найлепшая чытальная зала“. У канцы восені падвядзём вынікі, узнагародзім пераможцаў і аб’явім пра гэта. Я думаю, што гэта правільна, мы падштурхнём і дапаможам у развіцці і ўдасканаленні чытальных залаў. Таксама намі ажыццяўляецца пілотны праект „Юны архівіст“. Пару тыдняў таму запусцілі новы сайт „Дакументальны летапіс Беларусі“. Сайт быў створаны па даручэнні прэм’ер-міністра і міністра юстыцыі нашай краіны».

Актыўна развіваецца тэлепраект «У адкрытым доступе». Кожны тыдзень на YouTube-канале і тэлебачанні выходзяць ролікі, якія прысвечаны гісторыі развіцця нашай краіны. Сумесна з Генеральнай пракуратурай развіваецца тэма генацыду беларускага народа. «Мы актыўна супрацоўнічаем, вывучаем дакументы. У ліпені сумесна з Міністэрствам юстыцыі, БелТА выдалі новы зборнік архіўных дакументаў „Архівы. Нічога, акрамя праўды“. Ён створаны на дакументах, якія ўпершыню публікуюцца і распавядаюць пра генацыд і зверствы, што адбываліся на нашай тэрыторыі. Таксама штогод выдаём каля 9-10 выданняў, зборнікаў», — распавёў Алег Воінаў.

Дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве заўважыў: «Мы захоўваем гісторыю нашай краіны і адказваем за гэтую гісторыю. Мы абавязаны яе захаваць і данесці без скажэнняў, каб народ ведаў сваю гісторыю».

Намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Алена Стуканава падкрэсліла, што адметнасцю іх калекцыі, архіўных фондаў з’яўляецца дакументы перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Гэта дакументы беларускага штаба партызанскага руху і цэлага шэрагу партызанскіх фарміраванняў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Сёння адной з акцэнтных задач архіва становіцца не проста забеспячэнне захаванасці дакументаў, але і іх папулярызацыя. На яе думку, задача сучасных архівістаў — зрабіць дакументы даступнымі як мага больш шырокаму колу зацікаўленых асоб.

Нацыянальны архіў таксама выдае зборнікі дакументаў. Тэме Вялікай Айчыннай вайны ўдзяляецца вялікая ўвага. Многім знаёмая серыя зборнікаў «Без тэрміну даўнасці» — шасцітомнае выданне, кожны з тамоў якога прысвечаны адной з абласцей Беларусі, і тэматыка дакументаў, уключаных у гэтыя зборнікі, — злачынствы нацыстаў і іх памагатых на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

«Гэтая серыя будзе працягвацца. На наступны год ужо пачалі работу па падборцы дакументаў. Рыхтуем асобны абагульнены том «Без тэрміну даўнасці. Рэспубліка Беларусь», які будзе тычыцца ўсёй тэрыторыі Беларусі. Таксама вядзецца работа па падрыхтоўцы яшчэ аднаго тома, які будзе прысвечаны адплаце. Гэта будзе том «Мінскі працэс над нацыстамі і іх памагатымі», — акцэнтавала намеснік дырэктара.

Сучасныя рэаліі патрабуюць лічбавых трансфармацый. Алена Стуканова падкрэслівае, што хочацца зрабіць дакументы больш даступнымі і для моладзі. Для іх найбольш аптымальны шлях выкарыстання з дапамогай інтэрнэту. Нацыянальны архіў тут працуе адразу па некалькіх праектах.

«Традыцыйна развіваем такія напрамкі, як доступ да дакументаў з дапамогай чытальнай залы. У яго можа прыйсці любы жадаючы, каб папрацаваць з арыгіналамі дакументаў або іх копіямі. Мы адказваем на запыты грамадзян і арганізацый па пошуку пэўнай інфармацыі, прадстаўляем лічбавыя і папяровыя копіі дакументаў. Мы стараемся зрабіць дакументы даступнымі з дапамогай вялікай разнастайнасці тэматычных выстаў, прысвечаных глабальным падзеям, датам, арганізацыям, выбітным грамадзянам нашай краіны», — адзначыла Алена Стуканава.

«Зараз працуем па напаўненні спецыяльнага раздзела „Карты“, дзе размяшчаюцца схемы і карты партызанскіх баёў, падзей, звязаных з партызанскім рухам. Асаблівасць праекта ў тым, што ён грунтуецца на сапраўдных фактах, таму што ў аснову ляглі менавіта архіўныя дакументы з фонду Нацыянальнага архіва. Вялікая каштоўнасць праекта ў тым, што ўсе грамадзяне могуць дапоўніць партал той інфармацыяй, якая захоўваецца ў іх сямейных архівах. Партал дае магчымасць любому жадаючаму вывучыць старонку таго ці іншага партызана. Калі ў грамадзяніна ёсць інфармацыя, да прыкладу фатаграфіі ці іншыя архіўныя дакументы, іх можна адправіць распрацоўнікам і яны будуць размешчаны на старонцы гэтага партызана», — заўважыла Алена Стуканова.

На сайце Нацыянальнага архіва размешчаны праект «Баявы летапіс партызан Беларусі», у якім размяшчаюцца сапраўдныя дакументы. Гэта аператыўна-следчыя зводкі Беларускага штаба партызанскага руху. Праект напаўняецца ў фармаце дзень у дзень. Завершыцца праект у ліпені наступнага года. Апошняй стане разведвальная зводка ад 20 ліпеня 1944 года. Дадзены праект прымеркаваны да святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі, якое адбудзецца ў наступным годзе.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.