Вы тут

Часопісы ў кастрычніку: «Полымя»


Выйшаў дзесяты, кастрычніцкі, нумар літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага часопіса «Полымя». Раздзел «Проза і паэзія» адкрываецца падборкай вершаў лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхася Башлакова «У радасці быць разам і ў журбе». «Махаў крыламі сон світальны — /І я ў тым сне кудысьці плыў.../Прамень зіхоткі і крыштальны/ Траву расяную срабрыў.../ Не знаў яшчэ я горкіх ісцін,/ Яшчэ не сніў я горкіх сноў...» Паэт не проста сумуе, ён завострана ўзіраецца ў час, у якім, перакананы творца: «Быць да канца з Айчынаю сваёй — /Інакшага не дадзена паэту...»


Са сваёй новай аповесцю — «Чаромхавыя халады» — знаёміць чытача празаік Зіновій Прыгодзіч. З вершамі выступае ў кастрычніцкім нумары «Полымя» наш суайчыннік з Латвіі — Станіслаў Валодзька (яго падборка «Ластаўкі над акном» складаецца з пяці твораў). І ў гэтага паэта не абыйшлося без восеньскіх матываў. Праўда, вершы Станіслава Валодзька — таксама не зусім пейзажная лірыка. Сучасную прозу часопіс прадстаўляе і запісамі Уладзіміра Мароза «Забраннікаў бераг», у падзагалоўку да якіх наступнае вымярэнне: «З аповедаў жыцця». Пісьменнік запрашае чытача зазірнуць у добра вядомыя ў гісторыі айчыннай літаратуры мясціны: «Як бы тое ні было, але калі ўжо сам быў у кінадакументалісцкім званні, родны Нёман каля Коласавай і маёй Мікалаеўшчыны не крыўдзіў — даволі кадраў было тут знята для розных дакументальных фільмаў. І назбіралася іх восем, амаль дзесяціна з майго сцэнарнага даробку ў дакументальным кіно за сорак без малога гадоў працы...» 

Падборка вершаў Веры Вакула з Брэста адкрываецца вершам пра яе родную вёску Тонеж, што на Гомельшчыне. Эпіграфам да твора служаць наступныя словы: «6 студзеня 1943 года ў мясцовай царкве гітлераўскімі карнікамі былі спалены 262 жыхары палескай вёскі Тонеж, што пад Туравам. Сярод іх было 108 дзяцей...» Верш Веры Вакула так і называецца — «Тонеж». Знаёміць чытачам са сваімі вершамі і Іван Капыловіч (у яго падборцы «На валуновай вярсце» — пяць вершаў). 

У раздзеле «Навуковыя публікацыі» — артыкулы кандыдата філалагічных навук Міколы Труса «Аповесць Івана Цанкара „Батрак Ернэй і яго права“ (1907) у Беларусі: рэцэпцыя, пасрэдніцтва, кантэкст» і доктара філалагічных навук Ганны Кісліцынай «Гісторыка-кантэкстны падыход у сучасным літаратуразнаўстве». 

Несумненную цікавасць усіх аматараў беларускай літаратуры павінна выклікаць публікацыя дзённікаў славутага беларускага празаіка Вячаслава Адамчыка за 1987 — 1988 гг. У раздзеле «Успаміны» — «Па літфондаўскай пуцёўцы» Казіміра Камейшы. 

Знакаміты мовазнаўца Васіль Шур выступае ў кастрычніцкім нумары з артыкулам «Анамастычныя ўзаемаўплывы і ўзаемадзеянні ў сістэмах беларускай і рускай моў». Часопіс друкуе і рэцэнзію на гадавік мастацкіх перакладаў «Далягляды’23». 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.