Вы тут

У Музкамедыі — Дзень адкрытых дзвярэй


У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры (вул. Мяснікова, 44) праводзяцца экскурсіі для ўсіх жадаючых акунуцца ў свет тэатральнага закулісся. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адной з іх і даведалася, дзе і як грыміруюцца артысты, захоўваюцца дэкарацыі, а таксама зазірнула ў рэпетыцыйныя залы.


Знаёмства з закуліссем пачалося са службовага ўваходу, месца старту рабочага дня ўсіх, хто служыць музычнаму тэатру. Адразу каля ўвахода вісіць расклад заняткаў артыстаў на тыдзень. Туды ўключаны агульныя рэпетыцыі, заняткі па вакальным майстэрстве, балеце і іншыя. 

Сёння ў тэатры працуюць каля 400 чалавек: артысты-вакалісты, харавы калектыў, сімфанічны аркестр, дзве балетныя трупы. Існуюць і вытворчыя цэхі, там ствараюцца дэкарацыі, ш’юцца касцюмы, робяцца парыкі, вусы, бароды, упрыгожванні. Ёсць яшчэ і сталярная майстэрня. 

Напачатку экскурсіі наведвальнікам прапанавалі зазірнуць ў бутафорскі цэх, каб убачыць, як ствараюцца дэкарацыі да кожнага са спектакляў.

— Перад пастаноўкай звычайна робіцца макет, дзе прадстаўляецца ўся сцэна і дэкарацыі на ёй ў мініяцюры, — расказала Вольга Гудожнікава, начальнік службы маркетынга. — Гэта дапамагае скарэкціраваць недахопы яшчэ на пачатковым этапе. 

Далей удзельнікам экскурсіі паказалі памяшканне, якое ў тэатры называюць «кішэняй», там захоўваюцца дэкарацыі да кожнага са спектакляў. 

На першы погляд можа здацца, што яны размешчаны хаатычна, але на самой справе, да кожнай пастаноўкі дэкарацыі складваюцца ў вызначаным парадку, каб манціроўшчыкам сцэны было зручна дастаўляць іх на месца па меры неабходнасці. 

Спектаклі бываюць вельмі складанымі тэхнічна, напрыклад, «Рамэа vs. Джульета. Праз XX гадоў», для паказу якога дэкарацыі збіраюць увесь дзень. Тыя пастаноўкі, падчас якіх не задзейнічаны складаныя металаканструкцыі, збіраюцца значна хутчэй. 

Па словах экскурсавода, да 14 гадзін звычайна прыходзяць машыністы сцэны, гукарэжысёры і пачынаюць падрыхтоўку да вячэрняга спектакля. З 11 гадзін да абеду на сцэне ідзе рэпетыцыя з мінімальнай колькасцю рэквізіту з аркестрам або пад акампанемент. 

Асобна да кожнай пастаноўкі рыхтуецца рэквізіт. Паколькі ўвечары ў тэатры быў запланаваны паказ спектаклю, неабходныя рэчы былі ўжо каля сцэны. Калі артыст падчас спектакля мае патрэбу ў парасоніку, капелюшы ці вееры, рэквізітары хутка забяспечваюць яго ўсім неабходным.

Далей наведвальнікам прапанавалі выйсці на сцэну. Тут паказалі, што для замацавання складаных канструкцый на ёй робяцца пазнакі. Акрамя гэтага, давялося зазірнуць ў аркестравую яму. 

Наступны пункт — касцюмерная. Усе касцюмы шыюцца па эксізах мастака па касцюмах індывідуальна пад кожнага артыста. З-за камянёў, плотных тканін, аб’ёмных элементаў, якімі ўпрыгожваюцца касцюмы, іх вага можа дасягаць 20 кілаграм. 

Музыкальны тэатр быў заснаваны ў 1970 годзе. 17 студзеня 1971 года быў адкрыты першы тэатральны сезон. Але ў гэтым будынку па вул. Мяснікова, 44 тэатр з’явіўся толькі праз 10 гадоў. Раней гэта быў дом культуры тонкасуконнага камбіната. А ў 80-я гады была зроблена прыбудова ў выглядзе сцэнічнага комплексу, пасля чаго будынак быў перададзены тэатру. 

— За гэты перыяд намі пастаўлена больш за 200 спектакляў, — адзначае Вольга Гудожнікава. — У год у сярэднім тэатр выпускае па 5-7 прэм’ер: балет, спектаклі для дзяцей і дарослых, канцэртныя праграмы. 

Перадапошнім пунктам экскурсіі сталі грымёрныя. Тут працуюць сапраўдныя майстры-прафесіяналы. Па словах Вольгі Гудожнікавай, візажыстам часам неабходна з маладога хлопца зрабіць старэнькага бурклівага дзядулю — і ім гэта добра ўдаецца. Макіяж, як правіла, робіцца яркі, асабліва вылучаюцца вочы, каб глядач нават з апошняга рада бачыў, якія эмоцыі зараз дэманструе артыст. 

Напрыканцы наведвальнікам ўдалося трапіць на рэпетыцыю будучай прэм’еры. З мая артысты прыступілі да развучвання вакальных партый, асобна займаецца балетны калектыў. Ужо пачаліся агульныя рэпетыцыі. 


Яна ВАЛАСАЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.