Вы тут

У Мінску праходзяць Дні башкірскай літаратуры ў Беларусі


Падзеяй у літаратурным жыцці можна смела назваць Дні башкірскай літаратуры ў Беларусі, якія праходзяць у сталіцы нашаай краіны гэтымі днямі. З Уфы прамым рэйсам ( і гэта авіяцыйны пералёт — сведчанне развіцця стасункаў Беларусі і Башкартастана на новым узроўні) прыляцела вялікая дэлегацыя пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва. 


У складзе дэлегацыі — старшыня Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Башкартастан празаік, публіцыст, грамадскі дзеяч Айгіз Баймухаметаў, намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Башкартастана Танзіля Даўлетбердзіна, кіраўнік аб’яднання рускіх пісьменнікаў Саюза пісьменнікаў Башкартастана Святлана Чураева, дырэктар Нацыянальнага літаратурнага музея Башкартастана Міляўша Хабілава, галоўны рэдактар часопіса «Агідэль» Мунір Кунафін, пісьменнікі Зульфія Хананава, Ларыса Абдуліна, Гульназ Кутуева, Юрый Гарухін, Зухра Буракаева, народная артыстка Башкартастана Альфія Юлчурына. 

У першы дзень Дзён башкірскай літаратуры ў Беларусі прайшла сустрэча ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Госці пазнаёміліся з выстаўкай беларускага жывапісца, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віктара Барабанцава, які прадставіў гледачам свае працы, звязаныя з Башкартастанам. Ён нядаўна працаваў у складзе беларускай дэлегацыі ўдзельнікаў пленэра ў ваколіцах Уфы. Некаторыя свае карціны пакінуў для башкартанскага музея выяўленчага мастацтва, а частку прывёз у Беларусі, некаторыя працы дарабляў ужо ў Мінску. Айгіз Баймухаметаў з нагоды знаёмства з выстаўкай заўважыў: «Быццам дома пабывалі, у нашых родных прасторах. Адчулі свае родныя колеры». 

У музеі Коласа прайшоў і круглы стол беларускіх і башкірскіх пісьменнікаў на тэму беларуска-башкірскіх літаратурных сувязяў. З беларускага боку прынялі ўдзел старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, які выступіў і мадэратарам размовы, намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Алена Стэльмах. Далучыліся да размовы ў музеі і публіцыст, празаік Зіновій Прыгодзіч, галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» Аляксей Чарота. Айгіз Баймухаметаў нагадаў, што Дні башкірскай літаратуры ў Беларусі — гэта яшчэ і даніна памяці башкірскім пісьменнікам ранейшых пакаленняў. Многія з паэтаў і празаікаў Башкартастана ваявалі ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А ў 1936 годзе ў Мінску праходзіў пленум Саюза савецкіх пісьменнікаў, на якім прысутнічала прадстаўнічая дэлегацыя з Уфы. У яе складзе была і класік нацыянальнай літаратуры Хадзіш Даўлетшына (1905 — 1954). Дарэчы, на пленуме асобным пытаннем быў вылучаны разгляд башкірскай паэзіі. Пра гэта шмат пісалі ў перыядычных выданнях у 1936 годзе, у тым ліку — і на старонках газет «Звязда», «Літаратура і мастацтва». 

Выступленне дзіцячай пісьменніцы Ларысы Абдулінай пачалося з дэманстрацыі ёй башкірскага і беларускага дзіцячых часопісаў. «Акбузата», які быў прысвечаны дзецям Беларусі, які расказвае пра Беларусь, і нашай «Вясёлкі», якая была прысвечана Башкартастану, беларускім хлопчыкам і дзяўчынкам. На старонках выданняў — малюнкі, якія зрабілі школьнікі, юныя аўтары часопісаў. Гэтая прэзентацыя падказала і новыя накірункі творчага супрацоўніцтва — сярод школьнікаў, моладзі Беларусі і Башкартастана. Мунір Кунафін расказаў пра старэйшае літаратурна-мастацкае выданне, якое выходзіць ва Уфе з 1923 года, — часопіс «Агідэль». Пісьменнік выказаў пажаданне наладзіць супрацоўніцтва з беларускім часопісам «Полымя», арганізаваць абмен выпускамі, прысвечанымі нацыянальным літаратурам. — у Беларусі: башкірскай; у Башкартастане — беларускай. 

Цікавымі былі выступленні галоўнага рэдактара часопіса «Бельские просторы», заслужанага работніка культуры Рэспублікі Башкартастан Юрыя Гарухіна і Святланы Чураевай. Яны гаварылі пра тое, што мастом для сувязяў, пашырэння знаёмства з нацыянальнымі літаратурамі маглі б выступіць пераклады на рускую мову, а таксама публікацыя твораў пісьменнікаў, якія пішуць па-руску. 

Уразіла ўсіх сваім выступленнем народная партыстка Рэспублікі Башкартастан Альфія Юлчурына, якая выканала, акрамя песні на роднай мове, знаёмую і родную ўсім «Белавежскую пушчу», а яшчэ прызналася ў асаблівай любові да творчасці народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна, да творчасці ўнікальнага на ўсёй савецкай, постсавецкай прасторы анасамбля «Песняры». 

Зульфія Хананава не першы раз гасцюе ў Беларусі. Яе паэтычныя творы друкаваліся ў часопісе «Маладосць», у газеце «Літаратура і мастацтва», у калектыўным зборніку паэзіі народаў Расіі ў перакладах на беларускую мову — «Карэннні сілу берагуць». У Выдавецкім доме «Звязда» рыхтуецца да друку кніга вершаў Зульфіі Хананавай на беларускай мове. 

Несумненна, такі фармат сустрэч, ўзнаўленне традыцыйных у гады Савецкага Саюза дзён нацыянальных літаратур народаў Расіі, народаў Цэнтральнай Азіі прынясе свой творчы плён. Усе пісьменнікі з Башкартастана, якія, дарэчы, пабывалі і на кінастудыі «Беларусьфільм», гаварылі пра значнасць жывых, не віртуальных сустрэч — і ў справе мастацкага перакладу, у справе кнігавыдавецкай дзейнасці, а значыць у справе знаёмства беларусаў з народам Башкаратстана, а башкіраў — з народам Беларусі. 

Кастусь ХАДЫКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.