Вы тут

На круглым стале, прысвечаным 135-годдзю Язэпа Драздовіча, гаварылі пра мастацтва і пра... космас


«Вы мяне яшчэ пашукаеце!» Так гаварыў вандроўны мастак Язэп Драздовіч.

Сапраўды, чым болей мінае часу — тым болей мы шукаем, разгадваем спадчыну Язэпа Драздовіча, магчыма, самай рамантычнай постаці беларушчыны. Геній, які ў сваіх візіях падарожнічаў па іншых планетах, ствараў загадкавыя карціны, паэмы і астранамічныя трактаты, не меў свайго кута, жыў з міласціны знаёмцаў і за тое, што распісваў сялянам дыванкі... Памятаеце помнік яму ў Траецкім прадмесці Мінска? Імклівая постаць, доўгія валасы развяваюцца вертам, барада мудраца, кіёк — ён быў майстар іх выразаць, а над галавой — сусвет фантазій, якія ў яго мелі сапраўды касмічны маштаб.

Я — з вечна вандроўных, бяздомных людзей,

Што ўласнага куту не маюць,

Што не маюць сям'і, ні жон, ні дзяцей,

Сіратліва сябе адчуваюць.

У мастацкіх колах распавядаюць гісторыю, як дырэктар Луўра, які наведаў наш Нацыянальны мастацкі музей, надоўга затрымаўся менавіта перад карцінамі Язэпа Драздовіча і потым гаварыў, што гэта мастацтва па-за стылямі, жанрамі і часамі...

Сёлета Язэпу Нарцысавічу спаўняецца 135 гадоў. У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь з гэтай нагоды адбыўся круглы стол «Космас Язэпа Драздовіча». Ягоная адметнасць у тым, што ўдзельнічалі не толькі мастацтвазнаўцы і архівісты, але і навукоўцы, датычныя да касмічнай тэмы, — фізікі, астраномы, прадстаўнікі тэхнічных навук. Мабыць, упершыню атрымалася магчымасць ацаніць постаць Язэпа Драздовіча ўсебакова — ён жа пісаў не толькі карціны і літаратурныя творы, але і астранамічныя трактаты, маляваў і апісваў іншыя планеты, запэўніваючы, што мае здольнасць іх бачыць... Нават даваў парады наконт палёту ў космас на «шматнабойнай касмічнай тарпедзе, на якой зямныя турысты паляцяць на Месяц».

Язэп Драздовіч памёр ад раку ў 1954 годзе ў сельскай бальніцы, самотны, нікому не вядомы... Сёння мы гаворым пра яго як пра беларускага генія, не шкадуючы параўнанняў і эпітэтаў: беларускі Леанарда да Вінчы, Чурлёніс, Цыялкоўскі...

Арганізатарамі круглага стала выступілі Нацыянальны мастацкі музей, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Упраўленне аэракасмічнай дзейнасці апарату НАН Беларусі і Міністэрства культуры. Фонам для гаворкі была адмыслова падрыхтаваная выстава твораў Язэпа Драздовіча з фондаў Акадэміі навук.


«Прарок» ці «Прывід»?

Круглы стол пачаўся з даклада кіраўніка Упраўлення аэракасмічнай дзейнасці апарату НАН Беларусі, акадэміка НАН Беларусі, доктара тэхнічных навук, прафесара Пятра Віцязя на тэму, на якую быў бы шчаслівы пагутарыць Язэп Драздовіч — напрамкі развіцця касмічнай тэматыкі ў нашай краіне. Дакладчык згадаў слынных вучоных родам з Беларусі, якая зрабілі значны ўклад у асваенне космасу, нагадаў, што рыхтуецца да палёту беларуская касманаўтка, распавёў пра сучасныя касмічныя праекты.

Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі, доктар сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая супаставіла творчасць Драздовіча і Чурлёніса, якія абодва пільна ўглядаліся ў народную традыцыю. Менавіта з народнай традыцыі, народнай міфалогіі Драздовіч выходзіў у свае магічныя, астранамічныя візіі, ствараў гістарычныя фантазіі пра беларускую мінуўшчыну. Вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Надзея Усава раскрыла таямніцы адной з самых вядомых карцін Драздовіча, якая знаходзіцца ў асноўнай экспазіцыі музея, «Прарок». Карціна трапіла ў музей параўнальна позна, у 1989 годзе. Беларускі кампазітар Яўген Паплаўскі знайшоў яе на гарышчы сваёй бабулі ў вёсцы Поразава ў вельмі пашкоджаным стане, і назву «Прарок» яна атрымала выпадкова, бо аўтар яе не падпісаў, хоць звычайна рабіў на адвароце падрабязныя запісы. Пад гэтай назвай яна і замацавалася ў гісторыі беларускага мастацтва. Магчыма, гэтая карціна была напісана для касцёла ў Поразаве, ксёндз якога даў мастаку прытулак, праўда, наўрад магла выкарыстоўвацца як абраз. Яна адносіцца да містычнай серыі Драздовіча, ад якой захавалася толькі некалькі палотнаў, а ў асноўным адны назвы. Магчыма, гэта карціна «Прывід», якая мелася ў той серыі. Які гэта менавіта прарок? Ці не Данііл, які прадказаў з'яўленне месіі? У музеі Луцкевіча, з якім супрацоўнічаў Драздовіч, было некалькі асобнікаў кніг Скарыны, магчыма, і кніга прарока Данііла, а Драздовіч вельмі захапляўся Скарынам. Бесцялесны сілуэт, амаль трансцэндэнтная выява... Але гэты бесцялесны прывід прабівае сцяну бязвер'я, у якой заключаны чалавек, і паказвае яму дарогу да храма, у далёкі іншасветны горад. Надзея Усава параўнала карціну «Прарок» з работамі сусветна вядомых еўрапейскіх мастакоў — «метамарфозамі» Марыўца Эшэра, сюррэалістычнымі карцінамі Рэнэ Магрыта, метафізічным жывапісам Джорджа дэ Кірыко. Драздовіч лічыў, што ўжо ў 1929-м настане эра «беларускага джэнтльмэнства» — прыйдзе новае пакаленне, якое знаходзіцца ў гармоніі з прыродай, эстэтычна адукаванае, ведае зямныя і нябесныя светы, рэлігіяй якога стане прыгажосць і дабрыня. Калі яго чаканні не спраўдзіліся, пачаў іх увасабляць у вобразах іншапланецян. Што датычыцца карціны «Прарок», перад якой часта спыняюцца наведнікі музея і разгадваюць яе, то Драздовіч, бяздомны, беспрацоўны, стварыў палатно на ўзроўні вядомых эксперыментаў еўрапейскіх мастакоў, новы тып абраза для беларусаў.

Тэхніка кіраваных сноў

Старшы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства Жанна Жыхарка распавяла, як творчасць Язэпа Драздовіча натхняе сённяшніх творцаў і навукоўцаў. Практычна забытага мастака пачалі адкрываць у 1970-х, прызнаўшы адным з заснавальнікаў беларускай мастацкай школы. Драздовіч заўсёды працаваў на карысць свайго народа. У часы, калі Заходняя Беларусь апынулася ў складзе Польшчы, нават стварыў школу для вясковых дзяцей, дзе выкладанне вялося на беларускай мове, — але яе вельмі хутка зачынілі. Калі выставу беларускага мастацтва запатрабавалі назваць выставай рэгіянальнага мастацтва, бо польскія чыноўнікі лічылі, што беларускага народа няма, рашуча запярэчыў і адмовіўся ад удзелу. А на карцінах ад гэтага часу пачаў дэманстратыўна рабіць надпісы на беларускай мове. Дакладчыца згадала і такія асаблівасці мастака, як тое, што ён валодаў тэхнікай кіраванага, або ўсвядомленага, сну — называў гэта «самнамбулічнымі падарожжамі». Псіхолагам знаёмая такая методыка, яе сёння выкарыстоўваюць для зняцця вострага посттраўматычнага сіндрому. Драздовіч свае сны запісваў і маляваў. Але хоць і называў гэта падарожжамі па іншых планетах, фактычна, заўсёды маляваў Беларусь. У яго творчасці можна заўважыць паралелі з творчасцю нямецкіх экспрэсіяністаў, якія, як і ён, прайшлі Першую Сусветную вайну. Толькі калі іх работы — гэта выказванне адзіноты, расчаравання, жаху, у Драздовіча няма безвыходнасці, заўсёды станоўчая энергетыка.

Малюнкі Язэпа Драздовіча — выдатная крыніца для вывучэння народнага касцюма. Гэта сцвердзіла Марыя Віннікава, старшы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства. Яна нават на вачах гледачоў па малюнку Драздовіча зрабіла рэканструкцыю завязвання гарадзейскай наміткі — складанага старажытнага жаночага галаўнога ўбору.

Наталля Пачобут, старшы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, распавяла пра яшчэ адзін бок асобы Драздовіча — як археолага, які ўдзельнічаў у раскопках на Замкавай гары ў Навагрудку. Сабраныя і замаляваныя ім экспанаты сведчаць пра ягоную абазнанасць і майстэрства. На экране прысутныя ўбачылі ўнікальныя дакументы: план Наваградскага замчышча, па-дызайнерску аформленыя Драздовічам аркушы з замалёўкамі знойдзеных артэфактаў.

Радзівон Колас, малодшы навуковы супрацоўнік Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, распавёў пра асабісты архіў Драздовіча з фонду Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа, набыты ў 1965 годзе ў сястры мастака. Адных аркушаў з малюнкамі звыш двухсот пяцідзесяці. Шмат дзённікаў за 1930-я гады. Ёсць працы па астраноміі, якія дасылаліся аўтарам у Акадэмію навук і мала кім чыталіся, бо псеўданавуковага там шмат, але як мастацкія творы чытаць іх цікава. Дарэчы, выявы жыхароў іншых планет, намаляваных Язэпам Драздовічам, цяпер можна ўбачыць на выставе ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы. Шмат што з напісанага Драздовічам яшчэ не выдадзена, і гэта варта выправіць.

Ці ёсць жыццё на Сатурне?

«А ўсё-ткі ёсць мяйсцы на кружніку Сатурна, дзе ня толькі можыць, але й павінна існаваць нармальнае жыццё, шмат у чым падобнае да нашага зямнога», — пісаў Драздовіч. Ці ёсць нешта праўдзівае ў яго «самнамбулічных падарожжах»? Аляксандр Шымбалёў, старшы выкладчык кафедры фізікі і методыкі выкладання фізікі фізіка-матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, акрэсліў гісторыю пошукаў жыцця ў Сусвеце і выказаў меркаванне, што ўяўленні Драздовіча пра іншыя планеты — гэта ад народнай міфалогіі і фантазіі самога мастака.

Аляксандр Мікуліч, загадчык Мінскага планетарыя, падрыхтаваў прысутным сюрпрыз — кароткаметражны паўнакупальны фільм «Вечны вандроўнік на зорным шляху» студэнткі Акадэміі мастацтваў Надзеі Гіль. Карціны Язэпа Драздовіча дзівосным чынам пераўвасабляюцца, трансфармуюцца, пераносяць у іншыя сусветы. Канстанцін Рамішэўскі, старшы навуковы супрацоўнік Рэспубліканскай лабараторыі культурнай спадчыны Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт, распавёў, як вобраз Драздовіча адлюстраваны ў кінадакументалістыцы. Як прадстаўлена тэма космасу ў Слуцкім краязнаўчым музеі, прысутныя даведаліся ад дырэктара музея Алены Гудовіч. Слуцк — незвычайны горад, дзе нарадзілася шмат людзей, датычных да асваення космасу. Сярод іх — Сямён Косберг, які зрабіў рухавік для трэцяй ступені ракеты, на якой Гагарын здзейсніў свой палёт. І, паводле сведчанняў, Гагарын тады сказаў не проста «Паехалі!», а «Косберг спрацаваў. Паехалі!» У складзе экіпажу «Лунаход-1», то-бок каманды, якая кіравала ім з Зямлі, быў случчанін Канстанцін Давідоўскі. Ён распавядаў, як, каб павіншаваць жанчын з 8-м сакавіка, экіпаж прымусіў лунаход напісаць на месяцовым грунце словы «8 сакавіка». Але энергіі хапіла толькі на лічбу «8», якая і цяпер ёсць на Месяцы. Юныя случчане, што наведваюць музей, даведваюцца шмат і пра сённяшніх беларусаў, якія дапамагаюць асвойваць космас.

Пра ўклад нашай краіны ў асваенне космасу распавёў Сяргей Віцязь, намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар гістарычных навук. А гэта вельмі важны ўнёсак — ад прыладаў траекторных вымярэнняў касмічных аб'ектаў да касмічнага машынабудавання. Так, случчанін Косберг удасканальваў ракету, на якой ляцеў Гагарын, але і разлікі для прызямлення той ракеты рабіліся на Беларусі, у інстытуце фізікі. У 1960-х беларускі акадэмік Салдатаў распрацоўваў асяроддзі, у якіх будзе жыць расліна ў беспаветраных прасторах... На Беларусі прыдумваліся тэрмастойкія матэрыялы, якія прымяняліся ў караблі шматразавага выкарыстання «Буран»... На комплексе, які ляцеў да Венеры, стаяць нашы ахоўныя экраны... Усё не пералічыш.

Безумоўна, з новых пакаленняў беларусаў таксама нехта прысвяціць сябе космасу. Іларыён Галуза, дацэнт кафедры інжынернай фізікі факультэта матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, распавёў, як ствараюцца сучасныя беларускія падручнікі па астраноміі. Там выкарыстоўваюцца спецыфічныя заданні да малюнкаў, дынамічнае дапаўненне да тэкстаў. А ў праектах — зварот да этнаастраноміі. Фактычна, тое, што цікавіла Язэпа Драздовіча: астраміфалогія, астрапіктаграфія — вывучэнне старажытных малюнкаў з астранамічным значэннем, астраархеалогія…

Падрабязней пра гэта і ўсё іншае, агучанае на круглым стале, можна ў хуткім часе пачытаць на сайце Акадэміі навук.

Сучаснікі ўспаміналі Язэпа Драздовіча як шляхетнага дзівака, які хадзіў і глядзеў у неба... Сёння мы ўглядаемся ў неба Драздовіча, у якім бясконцая магчымасць адкрыццяў.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.