Вы тут

Пачалося выданне Збору твораў Кузьмы Чорнага


У Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі нядаўна прэзентавалі першы том Збору твораў Кузьмы Чорнага ў 12 тамах. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел вучоныя, пісьменнікі, настаўнікі.


Новы збор твораў — гэта ўжо чацвёртае выданне, якое стане найбольш поўным і навукова каментаваным. Для параўнання: у 50-я і 80-я гады збор твораў Кузьмы Чорнага выходзіў у 6 тамах, а ў 70-я гады — у 8 тамах. У новае выданне ўвойдуць тэксты, якія раней не друкаваліся альбо пабачылі свет толькі на старонках перыядычных выданняў ці асобных зборнікаў. Пры падрыхтоўцы 12-томніка даследчыкі карыстаюцца аўтографамі, машынапісамі, архіўнымі матэрыяламі, якія захоўваюцца ў Цэнтры даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа, у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, у Нацыянальнай бібліятэцы, а таксама ў прыватных архівах нашчадкаў пісьменніка.

У новым выданні значна пашыраны каментарыі. Дзякуючы працы вучоных са Збору твораў можна будзе даведацца пра друкаваныя і рукапісныя крыніцы тэксту, месца першай публікацыі, датаванне твора. Тлумачацца гістарычныя і культурныя падзеі, даюцца звесткі пра асоб, згаданых класікам, пазначаюцца цытаты з твораў іншых пісьменнікаў.

Тэксты друкуюцца з захаваннем асаблівасцяў мовы пісьменніка, лексічных адзінак і асобных граматычных форм. Новы Збор твораў будзе не толькі адкрываць сучаснаму чытачу багатую літаратурную спадчыну Кузьмы Чорнага. Гэта выдатная крыніца для даследчыкаў. Творы, выдадзеныя ў адпаведнасці з апошняй творчай воляй аўтара, — тая аснова, з якой будуць працаваць, вывучаць, шукаць новыя трактоўкі сучасныя літаратуразнаўцы.

У першы том Збору твораў Кузьмы Чорнага ўвайшлі раннія апавяданні 1921–1925 гадоў. У тэкстах адлюстраваныя асаблівасці мовы тых часоў. У выніку па іх у тым ліку можна прасачыць, якія моўныя працэсы адбываліся стагоддзе таму. І, як заўважыла загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Вераніка Курцова, такое выданне можна лічыць яшчэ і адным з помнікаў мове.

Сёння рыхтуецца новы тлумачальны слоўнік беларускай мовы, у якім падаюцца значэнні слоў, а таксама прыклады ўжывання пры дапамозе сказаў са зборнікаў класікаў. Пра гэта паведаміў дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў. Ён жа падкрэсліў значнасць праектаў, накіраваных на выданне збораў твораў вядомых беларускіх пісьменнікаў: «Сёння, калі на высокім дзяржаўным узроўні ставяцца пытанні патрыятычнага выхавання, вельмі важна паказаць, наколькі багатая наша нацыя. Менавіта Кузьма Чорны выдатна паказаў псіхалогію, менталітэт і філасофію народа».

Кузьма Чорны пражыў усяго 44 гады, але паспеў пакінуць багатую літаратурную спадчыну як пісьменнік, літаратурны крытык, перакладчык, адзін са стваральнікаў беларускага рамана, нацыянальнай сацыяльна-псіхалагічнай і інтэлектуальна-філасофскай прозы.

Доктар філалагічных навук, загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ Людміла Сінькова заўважыла, што сёння неабходна для навукова каментаваных фундаментальных выданняў браць самых знакавых класікаў. Магчыма, сучаснаму чытачу варта адкласці модны раман, а пачытаць творы Кузьмы Чорнага, які стварыў вобраз беларускай нацыі, імёны многіх персанажаў у яго паўтараюцца праз пакаленні, падкрэсліваючы повязь часу. Ён паказаў чалавека на сваёй зямлі, што надзвычай актуальна для сучаснікаў, каб яны адчувалі сваё месца сілы.

— Кузьма Чорны пакінуў вялікі след у беларускай літаратуры і быў вядомы глыбокай сувяззю з паўсядзённым жыццём народа, любоўю да сваёй радзімы і каранёў, выдатным валоданнем роднай мовай і разуменнем чалавечай душы, — заўважыў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Лакотка.

У памяць пра пісьменніка названы вуліцы ў Мінску, Бабруйску, Нясвіжы, Слуцку. На радзіме Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах ёсць школа, якая носіць яго імя. У ёй працуе літаратурны музей. Яго загадчыца Людміла Ніжэвіч нагадала, што ў 20–30-х гадах мінулага стагоддзя Кузьму Чорнага крытыкі называлі беларускім Дастаеўскім, сучаснікі адгукаліся пра яго як пра чалавека вялікага сэрца. У Цімкавічах ганарацца сваім знакамітым земляком, у мясцовы літаратурны музей часта прыходзяць госці, якія цікавяцца творчасцю пісьменніка і хочуць пакланіцца зямлі, на якой ён жыў. Пра гэта сведчаць запісы, якія наведвальнікі музея пакідаюць у кнізе водгукаў.

Творы Кузьмы Чорнага ўключаны ў агульнаадукацыйную праграму. Настаўніца Цімкавіцкай сярэдняй школы Таццяна Маляўка заўважыла, што яны кранаюць юных чытачоў, прымушаюць думаць амаль над кожным радком. Яе падтрымала і калега з Мінска Жанна Папкова, якая выкладае ў 27-й гімназіі:

— Літаратура — навука пра жыццё. Думаю, прыйдзе час, калі, сталеючы, нашы вучні будуць шукаць адказы на праблемныя, філасофскія пытанні, якія перад імі стануць, менавіта ў творах Кузьмы Чорнага.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.