Вы тут

Праваахоўнікі і банкаўскія супрацоўнікі не тэлефануюць па месенджарах


Колькасць цяжкіх кіберзлачынстваў у дачыненні да беларусаў узрасла больш як у два разы. Калі ў 2021 і 2022 гадах гэтую тэндэнцыю ўдалося стабілізаваць, то сёлета злачынствы, здзейсненыя ў інтэрнэце або па сродках тэлефоннай сувязі, б’юць сумныя рэкорды. У ходзе віртуальных афёр грамадзяне пазбаўляюцца вялікіх фінансавых сум.


Фота: pexels.com

Пачасціліся факты крадзяжоў грашовых сродкаў шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі. Кажучы прасцей, злачынцы выкрадаюць грошы непасрэдна з банкаўскіх плацежных карт грамадзян. Акрамя таго, стала больш махлярскіх дзеянняў, якія здзяйсняюцца праз сацыяльныя сеткі і гандлёвыя пляцоўкі. Нягледзячы на актыўную прафілактычную работу па тлумачэнні тых спосабаў, якія на бягучы момант выкарыстоўваюць махляры, людзі не звяртаюць увагу на гэтую інфармацыю або ставяцца да яе крытычна. У выніку давяраюць ашуканцам, якія тэлефануюць ім у месенджарах, і пазбаўляюцца вялікіх грашовых сум.

Як звяртае ўвагу намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці МУС Аляксандр Рынгевіч, адным з самых распаўсюджаных спосабаў, які ашуканцы выкарыстоўваюць для выманьвання ў грамадзян грошай, з’яўляецца званок ад умоўнага супрацоўніка банка альбо праваахоўных органаў. «Усё часцей злачынцы выкарыстоўваюць новыя назвы пэўных фінансавых арганізацый, аб якіх, магчыма, грамадзяне не чулі, — расказвае палкоўнік міліцыі. — Упор робіцца на тое, што людзям хочуць нібыта дапамагчы. Па-другое, зламыснікі выкарыстоўваюць дастаткова актыўную грамадзянскую пазіцыю нашага насельніцтва і завабліваюць для ўдзелу ў фіктыўных спецаперацыях для пошуку махляроў».

Часта зламыснікі адпраўляюць грамадзян у банкаўскія ўстановы, дзе заахвочваюць аформіць на сваё імя крэдыт. У далейшым грошы пералічваюцца на падкантрольныя махлярам рахункі, што, па легендзе, спрыяе пошуку зламыснікаў. Менавіта такім спосабам у грамадзян выманьваецца найбольшая колькасць сродкаў.

Другі спосаб, якім актыўна карыстаюцца ашуканцы, — падробліванне інтэрнэт-рэсурсаў. Зламыснікі пад рознымі маркамі прапаноўваюць грамадзянам перайсці на фіктыўны сайт, у выніку чаго завалодваюць персанальнымі данымі інтэрнэт-карыстальнікаў. У прыватнасці, прыгожыя дзяўчаты падчас знаёмства ў віртуальным асяроддзі з мужчынамі запрашаюць іх на спатканне ў тэатр або кіно, прапануюць замовіць столік у кафэ. З гэтай мэтай адпраўляюць сваім прыхільнікам спасылку на адпаведны сайт, які з’яўляецца фішынгавым. Набываючы на гэтай пляцоўцы квіткі, мужчына ўводзіць свае персанальныя даныя, якія становяцца даступныя махлярам. У выніку — ні грошай, ні спаткання.

Трапляюць на вудачку злачынцаў і аматары набыць пэўны тавар у інтэрнэт-краме. Рэагуюць на прывабную аб’яву, не пераканаўшыся ў надзейнасці прадаўца і гандлёвай пляцоўкі, пералічваюць перадаплату або ўсю суму, пасля чаго і тавар не атрымліваюць, і грошы страчваюць.

Зламыснікі хутка адаптуюцца да прафілактычнай работы, якая праводзіцца сярод насельніцтва, а таму рэгулярна мяняюць свае трэнды ў рабоце. Супрацоўнікі міліцыі рэкамендуюць крытычна ставіцца да інфармацыі, якая ёсць у інтэрнэце або паступае ад незнаёмцаў па тэлефоне.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.