Вы тут

Качанава: Галоўныя якасці дзяржслужачага — уменне працаваць з людзьмі, здольнасць любіць людзей


Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася са слухачамі Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. Якім павінен быць дзяржслужачы і чаму дзяржслужба блізкая да вайсковай, ці дастаткова ў нашай краіне палітычных партый і ці магчымае іх павелічэнне, ці варта мяняць нарматыўныя дакументы аб ідэалагічнай рабоце, у чым галоўная задача дзяржслужачага і што чакаць ад будучых выбараў — на гэтыя і іншыя пытанні адказала спікер Савета Рэспублікі.


Дзяржслужба блізкая да вайсковай

Наталля Качанава адзначыла, што сустрэчы са студэнтамі і моладдзю ў фармаце дыялогу надзвычай важныя. А гэта адметная яшчэ і тым, што і сама спікер — выпускніца Акадэміі кіравання.

— Для мяне заўсёды асаблівая радасць быць тут, у навучальнай установе, якая рыхтуе спецыялістаў для работы ў дзяржаўных структурах. Гэта вельмі добрая школа, я сама калісьці тут вучылася, праўда, гэта было дастаткова даўно. Важна, што мы не толькі атрымлівалі новыя веды, але і вучыліся кантактаванню.

Наталля Качанава нагадала: у свой час было прынята рашэнне, што ў навучальнай установе будуць вучыцца не толькі дзярслужачыя. Штогод 100 найлепшых выпускнікоў школ набіраюць сюды для атрымання вышэйшай адукацыі.

— Дзяржслужба блізкая да вайсковай службы. Я заўсёды кажу: прыйшоў — будзь ласкавы, служы. Жыццё пацвярджае, што такі падыход правамерны.

Старшыня Савета Рэспублікі расказала пра заканатворчую дзейнасць, што з’яўляецца адным з асноўных кірункаў дзейнасці Савета Рэспублікі. За гэтае скліканне было разгледжана 312 законаў: уносілі змяненні і дапаўненні, прымалі новыя, у прыватнасці, аб Усебеларускім народным сходзе, аб асновах грамадзянскай супольнасці.

Другі важны кірунак дзейнасці Савета Рэспублікі — работа са зваротамі грамадзян.

— За гэты год да нас паступіла ўжо каля 3700 зваротаў. Яны дазваляюць нам прымаць ці не прымаць тыя ці іншыя законы, бо законы павінны ісці ад жыцця і цалкам адпавядаць інтарэсам нашага грамадства. Магу сказаць, што правядзенне адзінага дня галасавання ў Беларусі і каля сотні іншых найважнейшых навацый у Асноўны Закон, а таксама закон аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму і шэраг іншых прапанаваў менавіта Савет Рэспублікі, — паведаміла Наталля Качанава.

Справядлівасць, сумленне, падтрымка

Яна таксама нагадала, што наша краіна падыходзіць да актыўнай фазы ў палітычным жыцці — Адзінага дня галасавання, які пройдзе 25 лютага 2024 года. У гэты дзень выберуць дэпутатаў усіх узроўняў. Пасля будуць абраны члены УНС і пройдзе яго збор.

— Я нагадаю пасылы, агучаныя Прэзідэнтам падчас звароту да парламента і народа: справядлівасць, сумленне, падтрымка. Гэта ў нашых з вамі сілах. Многія пытанні можна вырашыць на месцах, а не чакаць, пакуль чалавек звернецца да вышэйшых службовых асоб. У нас улада па-сапраўднаму народная. І тут трэба дастаткова ўважліва адносіцца да людзей, адзін да аднаго, і рабіць гэта па поклічы сэрца, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Паколькі сустрэча праходзіла ў фармаце дыялогу, слухачы задалі спікеру Савета Рэспублікі шэраг пытанняў. Адно з іх — ці дастаткова ў Беларусі палітычных партый?

— Палітычныя партыі павінны быць. Але іх нельга навязваць, яны павінны выспець, бо інакш гэта будзе «мёртванароджанае дзіця». Нам патрэбны партыі, якія будуць асновай і падтрымкай улады, бо, паўтаруся: у нас улада не пераследуе карыслівыя мэты, у нас улада для народа. А народу патрэбны мір, спакой і тыя сацыяльныя даброты, якія ёсць. Партыя — гэта аднадумцы. І гэта вялікая адказнасць перад краінай, народам, Прэзідэнтам.

Пытанне патрыятычнага выхавання дзяцей закрануў яшчэ адзін слухач. У прыватнасці, размова ішла пра нашэнне значкоў з дзяржаўнай сімволікай, гальштукаў Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Наталля Качанава з гэтай нагоды заўважыла:

— А навучальныя ўстановы на гэта ўвагу звяртаюць? Асабіста мне значок з дзяржсімволікай падабаецца, ён паказвае тваю прыналежнасць да Беларусі. Я лічу, што ў многіх галінах неабходна адно: жорсткая дысцыпліна і больш нічога. Але ў плане нашэння гальштукаў, значкоў многае залежыць ад пазіцыі і канкрэтнай навучальнай установы, а таксама грамадскай думкі.

Кожны кіруючы работнік — ідэолаг

Была ўзнята і тэма работы ідэолагаў у краіне. Патрабаванні да ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах узраслі — ці плануюцца змены ў прэзідэнцкі ўказ ад 2004 года? Спікер Савета Рэспублікі адказала:

— Цяпер Адміністрацыя Прэзідэнта распрацоўвае прапановы аб удасканаленні ідэалагічнай работы ў нашай краіне, і Савет Рэспублікі прымае ў гэтым удзел. Маё меркаванне — ідэалагічная вертыкаль патрэбна, але ўводзіць такую пасаду літаральна ў кожнай арганізацыі, магчыма, і не трэба. Па вялікім рахунку, кожны кіруючы работнік — ідэолаг. І тут самае важнае — уменне працаваць з людзьмі, здольнасць любіць людзей. І трэба заўсёды прымаць дакладнае і выверанае рашэнне пры разглядзе любога пытання.

Цікавіліся слухачы і лёсам праекта «Цягнік Памяці», у прыватнасці, ці плануецца пашырыць яго геаграфію? Кіраўнік верхняй палаты парламента адказала:

— «Цягнік Памяці» — гэта сумесны праект Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расіі. Будзем пашыраць геаграфію праекта, бо праект гэты цудоўны. Неўзабаве на сесіі МПА СНД у Бішкеку будзем размаўляць пра гэта. Моладзі праект вельмі падабаецца, поўная аднадушнасць і захапленне.

Быць адданым сваёй краіне і народу

Згадваючы электаральную кампанію, якая мае адбыцца, удзельнікі сустрэчы спыталі, што варта зрабіць, каб не дапусціць разгойдвання сітуацыі і паўтарэння жніўня 2020-га?

— Для гэтага патрэбныя такія сустрэчы. Раскажу такую рэч. Днямі да мяне прыйшоў зварот ад жанчыны, якая ў 2020 годзе выходзіла на акцыі пратэсту, а цяпер раскаялася. Яна ўжо пісала ў Адміністрацыю Прэзідэнта, але ці дайшла гэтая інфармацыя да кіраўніка дзяржавы, яна не ведае. І таму яна напісала мне просьбу перадаць Аляксандру Рыгоравічу свае шчырыя раскаянні і што яна ўсё ўсвядоміла, што не мела рацыі. Я гэта расказваю да таго, што многія ж людзі на самай справе ўсвядомілі. Я не гавару пра тых, хто рабіў гэта наўмысна, такіх пераконвай — не пераконвай... Важная і эканоміка, аб чым заўсёды гаворыць Прэзідэнт. Ні адна сацыяльная праграма ў нашай краіне не згорнутая і не будзе згорнутая. Усё, што мы запланавалі, выконваем: пенсіі ў мінулым годзе былі павышаны тройчы, у бягучым годзе яны таксама павялічаны. Гэта значыць, дзяржава, узяўшы на сябе сацыяльныя абавязкі, гэтую гіганцкую сацыяльную нагрузку выконвае. А вось усе мы далей павінны інфармацыю аб гэтым даносіць да людзей. Каб яны не замыкаліся ў сваёй шкарлупіне, а мелі магчымасць зірнуць на сітуацыю шырэй, ацаніць тое, што ёсць сёння, і зразумець, што можна страціць. І мы ў 2020-м паўтаралі: людзі, прачніцеся, вайна можа быць! І гэта была праўда. І людзі павінны гэта разумець.

Да тэмы будучых выбараў слухачы інстытута дзяржслужбы звярталіся неаднойчы. Яшчэ адно пытанне — якія надзеі спікер Савета Рэспублікі звязвае з будучай электаральнай кампаніяй.

— Мы ўсе павінны разумець: у Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, раённыя, гарадскія Саветы дэпутатаў павінны прыйсці людзі, якія будуць сапраўднымі барацьбітамі за сваю краіну. Бо гэта будзе іншая, больш жорсткая работа. Яны павінны найперш умець працаваць з людзьмі, быць адданымі сваёй краіне і разумець, што гэта сур’ёзная праца. У акрузе кожны чалавек павінен ведаць, што да дэпутата можна звярнуцца і ён давядзе да лагічнага завяршэння скаргу, просьбу ці прапанову. Гэта павінен быць чалавек, які насмерць будзе стаяць за сваю краіну, свой народ і Прэзідэнта. Вось такія мае чаканні, — рэзюмавала Наталля Качанава.

Алена КРАВЕЦ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.