Вы тут

Віцебшчына актыўна падключылася да Беларускага тыдня прадпрымальніцтва


Віцебшчына актыўна падключылася да Беларускага тыдня прадпрымальніцтва. Сёлета ў горадзе на Дзвіне ўпершыню прайшоў рэгіянальны ўніверсальны кірмаш дасягненняў прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу «Фарбы восені», які, як запэўнілі арганізатары, стане добрай традыцыяй паўночнага рэгіёна.


Фота: ТК Віцебскага аблвыканкама

З пачатку года ў Віцебскай вобласці адкрыта 300 новых прадпрыемстваў і 13 вытворчасцяў ва ўсіх галінах эканомікі, у іх створана больш за 1200 новых працоўных месцаў. У вытворчай сферы з'явіліся арганізацыі па распілоўцы і габлёўцы драўніны; вырабе сеткі з дроту, угнаенняў, прадуктаў з мяса і птушкі, сподняй бялізны, тэкстылю, спецадзення і іншыя.

У рамках Дзяржаўнай праграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва» на 2021—2025 гады ў 2023 годзе 20 суб'ектам малога бізнесу аказана дзяржаўная фінансавая падтрымка ў рэалізацыі інвестыцыйных праектаў і ўдзеле ў выставачна-кірмашовых мерапрыемствах больш чым на 180 тысяч рублёў.

Як паведамілі ў камітэце эканомікі аблвыканкама, на тэрыторыі вобласці дзейнічаюць без малога 30 тысяч суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (МСП). У гэтым сектары занята каля 135 тысяч чалавек, або 29,3 працэнта ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы вобласці. За дзевяць месяцаў бягучага года паступленні ў бюджэт ад прадстаўнікоў МСП выраслі да аналагічнага перыяду 2022 года на 17,3 працэнта і склалі 27,8 працэнта ў агульных паступленнях у кансалідаваны бюджэт вобласці.

У рамках Беларускага тыдня прадпрымальніцтва ў паўночным рэгіёне быў праведзены шэраг мерапрыемстваў для моладзі і ўжо вопытных прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу. Так, навучэнцы сярэдняй школы № 23 горада Оршы наведалі семінар «Маркетынгавая палітыка», у рамках якога Аршанскі рэгіянальны цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва і нерухомасці знаёміў 28 зацікаўленых дзевяцікласнікаў з комплекснай сістэмай арганізацыі, распрацоўкі, вытворчасці, прасоўвання і рэалізацыі тавараў і паслуг. Завяршылася мерапрыемства дзелавой гульнёй «Мой бізнес», падчас якой у сяброўскай дыялогавай прасторы школьнікі змаглі абмяняцца ідэямі і атрымалі ад спецыялістаў матывацыйны зарад да актывізацыі сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці.

У Полацку на пляцоўцы цэнтра прыцягнення ІGRОW «Белаграпрамбанка» адбыўся круглы стол па тэме «Рэгіянальная прадпрымальніцкая экасістэма — аб'яднанне інтарэсаў праз інжынерную супольнасць», падчас якога абмяркоўвалася пытанне фарміравання Полацкай рэгіянальнай інжынернай супольнасці як добраахвотнага аб'яднання навукоўцаў, спецыялістаў і жыхароў рэгіёна, дзейнасць якіх звязана з вынаходніцтвам і практычным укараненнем распрацовак.

У пятніцу ў рамках Дня адкрытых дзвярэй азнаёміцца з дзейнасцю ўсіх ахвотных запрашалі інкубатар малога прадпрымальніцтва «Закон і парадак» і базавы цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва «Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу».

На Пушкінскай плошчы ў Віцебску працаваў першы рэгіянальны ўніверсальны кірмаш дасягненняў прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу «Фарбы восені», які на працягу трох дзён даваў гасцям і жыхарам горада тэматычныя пляцоўкі і радаваў гастрафэстам. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Віцебскі гарвыканкам, галоўнае ўпраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама і абласны цэнтр маркетынгу.

У першы дзень кірмашу моладзь знаёмілі са светам фінансаў, удзельнікі свята змаглі выпрабаваць свае веды ў віктарыне па фінансавай адукаванасці ад адной з банкаўскіх арганізацый. Каманды, якія ўдзельнічалі ў брэйн-рынгу «Эканамічныя веды — аснова паспяховага бізнесу», змагаліся за галоўны прыз — турыстычную паездку па Беларусі. Супрацоўнікі Дэпартамента аховы прадставілі паказальныя выступленні, шырока на кірмашы прэзентавалі праект «Чытаць. Любіць. Шанаваць», у рмках якога можна было набыць друкаваныя выданні, прысвечаныя гісторыі, культуры і традыцыям Прыдзвінскага краю. Яркім завяршэннем трохдзённага свята сталі выступленні найлепшых калектываў мастацкай самадзейнасці Віцебшчыны, караоке-батл і дыскатэка пад адкрытым небам.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.