Вы тут

Кожны трэці дзяржаўны служачы — малады чалавек


У Беларусі прайшоў І Мінскі форум маладых дзяржаўных служачых. Ён стаў унікальнай пляцоўкай для кантактавання маладых спецыялістаў, якія прадстаўлялі Мінгарвыканкам, адміністрацыі раёнаў сталіцы, дзяржаўныя органы кіравання. Удзельнічала ў мерапрыемстве больш за 200 маладых людзей.


Фота: БелТА

Прывітанне ўдзельнікам форуму накіравала Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта ў Мінску Наталля Качанава. Яна падзякавала арганізатарам за ініцыятыву, накіраваную на выяўленне і падтрымку маладзёжных праектаў у сферы дзяржаўнага кіравання, дзейнасці мясцовых органаў улады, павышэнне прэстыжу дзяржаўнай службы ў маладзёжным асяроддзі.

«Упэўнена, што форум мае ўсе шанцы набыць агульнарэспубліканскі маштаб і перарасці ў яшчэ адну добрую традыцыю суверэннай Беларусі. За мінулую больш чым чвэрць стагоддзя з моманту здабыцця нашай краінай незалежнасці пад мудрым кіраўніцтвам Прэзідэнта, шаноўнага Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, удалося выбудаваць стройную вертыкаль улады, сфарміраваць кампактны дзяржаўны апарат, забяспечыць неабходную выканальніцкую дысцыпліну. У выніку нават у самых няпростых сітуацыях сістэма дзяржаўнага кіравання функцыянуе дакладна і зладжана», — адзначыла Наталля Качанава ў прывітанні.

Яна ўдакладніла, што сёння ў гэтай сферы заняты кожны трэці малады чалавек і кожны дзясяты кіраўнік — не старэйшы за 31 год. Для падрыхтоўкі і адбору найбольш перспектыўных кандыдатур вядуцца банкі даных таленавітай моладзі, рэзервы кадраў, функцыянуе сістэма павышэння кваліфікацыі, праводзіцца маніторынг работы з такой моладдзю. Пры гэтым дзяржаве патрэбны не проста высокакваліфікаваныя і мэтанакіраваныя спецыялісты, здольныя аператыўна вырашаць важныя задачы, а сапраўды дзяржаўныя людзі — прыстойныя, патрыятычныя, адданыя.

«Паступаючы на службу, чалавек павінен разумець: гэта не проста праца, гэта жыццё, поўнае прысвячэнне сябе служэнню людзям і сваёй краіне. Беларусь — дзяржава для народа, і ўлада ў нас народная. Усё, што мы стварылі, ствараем і будзем увасабляць у жыццё, служыць выключна гэтай мэце. Людзі на нас глядзяць і па нас у большай ступені ацэньваюць уладу, таму вельмі важныя маральнае аблічча, правілы паводзін дзяржаўнага служачага, якія павінны быць падобныя вайсковай службе, а часам — яшчэ і вышэй», — падкрэсліла спікер Савета Рэспублікі ў прывітальным адрасе.

Старшыня ЦВК Ігар Карпенка, выступаючы на форуме, звярнуў увагу на пытанні фарміравання электаральнай культуры.

— Важнымі грамадска-палітычнымі падзеямі 2024-га і 2025-га будуць выбары. Сапраўды, прайшла сур’ёзная трансфармацыя нашай выбарчай сістэмы. Гэта было звязана перш за ўсё са зменамі і дапаўненнямі, якія былі ўнесены ў Канстытуцыю Беларусі. І сёння мы фактычна папярэднічаем адзінаму дню галасавання — ужо правялі шэраг важных працэдур, звязаных з вызначэннем акруг па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — іх будзе 110 па краіне, акрамя таго, больш за 12 тысяч акруг па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў. І ўсіх нам трэба будзе абраць у адзін дзень — 25 лютага 2024 года. Навацыі сур’ёзныя, таму, гаворачы аб электаральнай культуры, варта сказаць і аб электаральным суверэнітэце. На жаль, электаральная сістэма таксама можа падвяргацца спробам вонкавага ўздзеяння і дэстабілізацыі становішча. Я не памятаю практычна ніводныя выбары ў нашай краіне, якія б праходзілі спакойна, — адзначыў старшыня ЦВК.

Сёння ў Беларусі трэба гарантаваць бяспеку па ўсіх кірунках — электаральным, эканамічным, падкрэсліў ён, дадаўшы, што і ад дзяржслужачых у гэтым пытанні залежыць вельмі шмат.

Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў адзначыў, што сярод моладзі нямала ахвотных прыйсці на дзяржслужбу і ім трэба ўдзяляць увагу, падказваць і накіроўваць.

— У нас вельмі таленавітая моладзь. Прыемна, што многія з тых, хто паказвае добрыя вынікі ў вучобе, жадае звязаць сваё жыццё з дзяржаўнымі органамі, дзяржаўнай службай. І мы павінны папулярызаваць гэту работу, бо яна цяжкая. Людзі, якія тут працуюць, сапраўды нясуць вялікую нагрузку і валодаюць сур’ёзнымі кампетэнцыямі, ведамі, прафесіяналізмам. Праводзячы такі форум, мы прыцягваем увагу моладзі. Ахвотных працаваць шмат, але ім трэба падказаць, дапамагчы, навучыць працаваць сістэмна, — расказаў кіраўнік Мінгарвыканкама.

Сваімі ўражаннямі падзяліліся і самі маладыя дзяржслужачыя.

Ягор Падаляк, галоўны спецыяліст аддзела грамадска-масавай работы і маладзёжнай палітыкі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама:
— Мы чакалі ад форуму жывога кантактавання моладзі і бачым водгук ад маладых людзей, якія знаходзяцца ў кадравым рэзерве, з’яўляюцца маладымі дзярслужачымі, студэнтамі. Вопыт станоўчы, бо відавочна, што ўдзельнікі ўбачылі ў гэтым карысць, атрымалі тыя навыкі, якія яны скарыстаюць у будучыні не толькі як грамадзяне, але і для сваёй кар’еры на карысць нашай дзяржавы.

Дар’я Богдан, кансультант упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства юстыцыі:

— Я ўпэўнена, што па выніках мерапрыемства кожны дзейны і будучы дзяржслужачы ведае, да чаго імкнуцца і як мы зможам далей будаваць нашу квітнеючую дзяржаву. Па выніках пленарнага пасяджэння мы прынялі дэкларацыю форуму. Яна накіравана на замацаванне абавязку захоўваць гістарычнае мінулае, а таксама забяспечваць і павышаць якасць жыцця кожнага грамадзяніна Беларусі. На мой погляд, кожны малады чалавек мусіць ганарыцца, што ён дзяржаўны служачы.

Мяркуецца, што ў будучыні маладзёжны форум дзяржаўных служачых стане традыцыйным штогадовым мерапрыемствам.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.