Чым з’яўляецца наша імунная сістэма? Як яна працуе і якую функцыю выконвае? Чым небяспечнае аслабленне імунітэту, і як яго западозрыць? Пра гэта размаўляем з урачом-інфекцыяністам 22-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска Дар’яй Петрачук.
— Дар’я Ігараўна, якую ролю адыгрывае імунная сістэма?
— Наш арганізм складаецца з мноства розных органаў (сэрца, лёгкія, страўнік, печань, ныркі, галаўны мозг і інш.) і сістэм: кровазвароту, куды ўваходзяць сэрца, артэрыі, вены і капіляры; стрававальнай сістэмы, якая ўключае ротавую поласць, горла, стрававод, страўнік, кішэчнік, печань, падстраўнікавую залозу і інш.; мочавыдзяляльнай сістэмы, якая складаецца з дзвюх нырак, пары мачаточнікаў, мачавога пузыра і ўрэтры; цэнтральнай нервовай сістэмы. Кожная з гэтых сістэм выконвае сваю адмысловую функцыю.
Імунная сістэма (паходзіць ад лацінскага слова іmmunіs, што азначае «вызваляць») таксама з’яўляецца адной з сістэм жыццезабеспячэння, якая нястомна працуе над яго абаронай ад захворванняў, ад шкодных уздзеянняў звонку, кантралюе і захоўвае асноўныя функцыі тканак і органаў. Але, у адрозненні ад іншых сістэм, яна не мае спецыфічнага месцазнаходжання, а размеркавана па ўсім целе, уключаючы ў тым ліку скуру і слізістыя абалонкі.
Імунная сістэма складаецца з элементаў — мноства розных тыпаў клетак, рэчываў і тканак (скура і слізістыя абалонкі), якія, акрамя таго што валодаюць сваімі спецыфічнымі функцыямі і ўзаемадзейнічаюць адзін з адным, нясуць яшчэ і імунную функцыю арганізма.
У першую чаргу імунная сістэма прызначаная для абароны чалавека ад уварвання чужародных рэчываў (бактэрый, вірусаў, паразітаў, грыбоў і інш.), якія могуць выклікаць інфекцыі. У жыцці нас акружае незлічонае мноства нябачных простым вокам мікраарганізмаў, многія з якіх вельмі небяспечныя для здароўя.
Уражвае іх узнаўленне. Адна бактэрыя на працягу адной гадзіны спараджае 8 сабе падобных асобін, праз 2 гадзіны іх утворыцца ўжо 64, праз 24 гадзіны — 4772 трыльёны. Пры размнажэнні на працягу 1 года атрымалася б маса бактэрый, роўная масе Сонца. Але ў прыродзе ўсё знаходзіцца ў раўнавазе і бесперашкоднага павелічэння колькасці бактэрый не адбываецца. Навучыўся бараніцца ад агрэсараў і наш арганізм.
Такая абарона ажыццяўляецца з дапамогай выканання імуннай сістэмай наступных функцый: распазнанне, знішчэнне, вывядзенне з арганізма чужародных рэчываў. Імунная сістэма валодае феноменам «імуналагічнай памяці», які характарызуецца тым, што паўторны кантакт з чужародным агентам выклікае паскоранае і ўзмоцненае развіццё імуннага адказу, забяспечваючы больш эфектыўную абарону арганізма ў параўнанні з першаснай імуналагічнай рэакцыяй.
— Што адбываецца, калі імунітэт парушаны?
— Я апісала, як працуе здаровая імунная сістэма. Яе дзеянне мае вырашальнае значэнне для ходу інфекцыйнага працэсу.
Звычайная імунная сістэма імкнецца знішчыць мікроб, які ўварваўся, ці абмежаваць яго распаўсюджванне, і тым самым спрыяе лячэнню арганізма. Пры парушэнні дзейнасці імуннай сістэмы адбываецца збой у гэтых працэсах, які прыводзіць да цяжкага ходу ці рэцыдывавання (паўтарэння) захворванняў, а таксама павелічэнню іх частаты.
Падзяляюць дзве асноўныя групы імунадэфіцытаў. Гэта першасная (яны ў сваю чаргу дзеляцца на прыроджаныя і генетычна абумоўленыя) і другасныя. Апошнія з’яўляюцца следствам ВІЧ-інфекцыі, хіміятэрапіі, цяжкіх апёкаў, крайняга дэфіцыту пажыўных рэчываў, цяжкага ці дрэнна кантраляванага ходу некаторых хранічных захворванняў, напрыклад, цукровага дыябету.
— Як западозрыць, што з імуннай сістэмай маюцца праблемы?
— Першыя праявы імунадэфіцыту стартуюць у дзіцячым узросце. Дадзенае захворванне можна западозрыць па наступных «чырвоных сцягах». Гэта чатыры і больш на працягу года атыты (запаленне сярэдняга вуха); два і больш на працягу года цяжкія сінусіты (запаленне каляносавых пазух); два месяцы і больш антыбактэрыйнай тэрапіі без асаблівага эфекту; дзве і больш на працягу года пнеўманіі (запаленне лёгкіх); дрэнная прыбаўка ў вазе або росце ў немаўляці; паўторныя гнойныя інфекцыі скуры або абсцэсы ўнутраных органаў; грыбковыя інфекцыі скуры, якія часта паўтараюцца і доўга не праходзяць; неабходнасць унутрывеннага ўвядзення антыбіётыкаў; выпадкі першаснага імунадэфіцыту ў сям’і; цяжкая экзэма, якая дрэнна паддаецца лячэнню; працяглая дыярэя; значнае ўстойлівае павелічэнне лімфатычных вузлоў і селязёнкі.
Трэба адзначыць, наяўнасць толькі аднаго з сімптомаў практычна ніколі не сведчыць аб імунадэфіцыце. Калі ж ёсць спалучэнне некалькіх прыкмет, трэба звярнуцца да ўрача-імунолага.
Алена КРАВЕЦ
«Выходзім на фінішную прамую»
Словы Прэзідэнта на цырымоніі інаўгурацыі, як і сама знакавая для дзяржавы падзея, знайшлі водгук у сэрцах усіх сапраўдных патрыётаў краіны