Вы тут

Стартаваў новы сезон праекта «100 ідэй для Беларусі»


Урачыстая цырымонія старту 13 сезона рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі» прайшла ў Мінску на базе навучальнага цэнтра холдынгу «Гарызонт».


Конкурс за 12 гадоў ужо стаў не толькі брэндам БРСМ, але і цудоўнай стартавай пляцоўкай для беларускіх вучоных.

— Для нас гэта новая прыступка ў развіцці не толькі праекта «100 ідэй для Беларусі», але і важная прыступка на шляху фарміравання канкурэнтаздольнасці нашай краіны як на ўнутраным, так і на міжнародным інтэлектуальным рынку, — заявіў першы сакратар Цэнтральнага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Аляксандр Лук’янаў.

Таксама значнасць конкурсу падчас цырымоніі старту новага сезона падкрэсліў і галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Васіль Гурскі:

— Калі малады чалавек пачынае ўдзельнічаць у такога кшталту конкурсах, праектах, то найважнейшым вынікам з’яўляецца не толькі сама ідэя ці той невялікі макет, які вы маглі б прадэманстраваць тут. Самым галоўным вынікам з’яўляецеся вы самі, вашыя кампетэнцыі, здольнасці, вашыя таленты, якія несумненна развіваюцца падчас рэалізацыі такога кшталту праектаў.

Аднак нават невялікія макеты і ідэі ўдзельнікаў уражваюць. Так, перад мерапрыемствам усе прысутныя маглі азнаёміцца з навукова-тэхнічнымі распрацоўкамі ўдзельнікаў мінулых сезонаў. Тут вам і віртуальны навігатар па экамаршрутах Беларусі ад Святланы Далюк, і інавацыйныя матэрыялы для рамонту калдобін на дарожным пакрыцці ад Ягора Жукоўскага, і практычны, энергаэфектыўны камплект адзення з абуткам, які не патрабуе падзарадкі ад Уладзіслава Малаткова, і шмат іншых цікавых распрацовак.

Праект увесь час развіваецца і мадэрнізуецца. Якія ж асноўныя новаўвядзенні чакаюць удзельнікаў «100 ідэй для Беларусі» ў 13 сезоне? Па-першае, сёлета пераможцаў стане больш: не дваццаць, а трыццаць. Па-другое, конкурс будзе ажыццяўляцца ў трох узроставых групах, а не ў дзвюх, як гэта было раней. І, па-трэцяе, павялічацца крытэрыі ацэнкі праекту.

Пасля таго, як ганаровыя госці на чале з Аляксандрам Лук’янавым націснулі на кнопку, даўшы сімвалічны старт пачатку 13 сезона, на абноўленым сайце 100ideas.by адкрыўся прыём заявак. Іх можна падаць да 30-га лістапада.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.