Вы тут

На паседжанні Савета Міністраў падвялі вынікі работы эканомікі за дзевяць месяцаў гэтага года


«За студзень — верасень 2023-га ВУП вырас на 3,5 працэнта ў выніку захавання аднаўленчай дынамікі ў асноўных галінах, у верасні (у гадавым выяўленні) — на 6,2 працэнта. Усе рэгіёны ўнеслі станоўчы ўклад у прырост ВУП. Драйверам застаецца Мінская вобласць», — паведаміў на паседжанні Саўміна прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.


Найважнейшы якасны паказчык — рэальныя наяўныя даходы насельніцтва — павялічыўся за студзень — жнівень на 5,1 працэнта. Акрамя таго, у верасні выйшлі на ўзровень заработнай платы ў 1940 рублёў (рост у рэальным выяўленні — на 10,1%). Паступальна вырашаецца задача павышэння ўзроўню даходаў у бюджэтнай сферы.

«У знешнім гандлі захоўваецца збалансаванасць. Прынятыя сумесна з Нацыянальным банкам меры далі магчымасць захаваць у прымальных параметрах узровень інфляцыі — 104,3 працэнта да снежня мінулага года», — адзначыў прэм’ер-міністр.

Перад пасяджэннем Саўміна падрабязна аб выніках работы за справаздачны перыяд расказалі міністр эканомікі і міністр фінансаў.

Паводле слоў міністра эканомікі Аляксандра Чарвякова, эканоміка развіваецца ўстойліва, мэта па росце ВУП на 3,8 працэнта па выніках года будзе дасягнута. «З пачатку года мы рэалізуем мэтавы план, і тыя рашэнні, якія прыняў урад па актывізацыі работы сектараў эканомікі, даюць свае вынікі. Ужо сёння вядомы папярэднія вынікі па 10 месяцах. Мы з апярэджаннем дасягнулі ўзроўню ВУП, які адпавядае планавай задачы па году — 103, 8 працэнтаў — гэта было зроблена за кошт мабілізацыі рэзерваў у сектарах эканомікі — у прамысловасці, сельскай гаспадарцы. Рэзервы ёсць і ў гандлі, у будаўніцтве. Сёння аднаўляюцца практычна ўсе сектары, мы поўнасцю кампенсавалі страты на знешніх рынках, у нас даволі добры тэмп росту заработнай. платы, даходаў насельніцтва, узровень інфляцыі», — сказаў Аляксандр Чарвякоў.

Ён падкрэсліў, што ў цэлым эканоміка развіваецца стабільна, устойліва. «З улікам вынікаў 10 месяцаў мы захаваем дасягнуты ўзровень і выканаем тую задачу, якую перад намі паставіў кіраўнік дзяржавы — выхад на тэмп росту ВУП 103,8 працэнта» , - адзначыў міністр.

Ён таксама закрануў тэму знешняга гандлю. «Працуем над павелічэннем фізічных аб’ёмаў экспарту, па выніках 9 месяцаў тэмп росту — 127 працэнтаў. Гэта значыць, мы паставілі на 27 працэнтаў больш прадукцыі ў фізічных аб’ёмах. Але гэта часткова нівеліруецца цэнавым фактарам, — звярнуў увагу Аляксандр Чарвякоў. — Сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі ў нас дадатнае. Што датычыцца менавіта знешняга гандлю таварамі, у верасні ўпершыню з пачатку года сальда склалася дадатнае. Гэта значыць, што механізмы, якія мы прымяняем для нарошчвання экспартных паставак, спрацоўваюць».

Міністр фінансаў Юрый Селівёрстаў расказаў журналістам аб выкананні бюджэту ў 2023 годзе. «За 9 месяцаў выкананне рэспубліканскага бюджэту — каля 77 працэнтаў, мясцовых — каля 73 працэнтаў. Прафіцыт кансалідаванага бюджэту — дзесьці 1,5 млрд рублёў. Гэта тэндэнцыя захоўваецца. Мы думаем, што гадавы план па даходах рэспубліканскага бюджэту ў лістападзе выканаем датэрмінова. Што датычыцца мясцовых, яны ідуць у планавых лічбах, да канца года ўсё запланаванае будзе выканана. Па выніках года ў нас планаваўся дэфіцыт, але думаю, што мы будзем у межах нулявых значэнняў», — сказаў Юрый Селівёрстаў.

Паводле яго слоў, у адносінах да росту зарплат усё ідзе па графіку. «Усе рашэнні прымаліся. Ужо нават прынята рашэнне па базавай стаўцы з 1 студзеня ў памеры 250 рублёў. Так што тут ніякіх праблем у нас няма», — падкрэсліў міністр.

Паводле БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.