Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» накіраваліся ў рэйд з участковымі інспектарамі міліцыі Юліяй і Кірылам Башкевічамі


Напэўна, няма больш народнай прафесіі, чым участковы інспектар міліцыі. Менавіта ён бліжэй за ўсё знаходзіцца да людзей: ведае, якімі праблемамі жыве кожная сям’я, дапаможа ў складанай сітуацыі, дасць слушную параду. Для жыхароў, асабліва ў сельскай мясцовасці, участковы — гэта і крыніца інфармацыі, і першая дапамога пры любых здарэннях, і надзейная абарона ад сямейных дэбашыраў. Аднак не ў кожнай кватэры рады людзям у пагонах, а таму служба ўчастковых інспектараў міліцыі заўсёды спалучана з рызыкай. Заступаючы на змену, яны ніколі не ведаюць, калі і як скончыцца працоўны дзень. Ненармаваны графік, гатоўнасць у любы час сутак прыбыць па ўказаным адрасе, штодзённае ўзаемадзеянне са спецыфічным кантынгентам — не кожны можа вытрымаць такой сур’ёзнай фізічнай і маральнай нагрузкі. 


Аднак выпадковых людзей сярод участковых няма. Яны свядома выбіраюць гэтую службу, а таму не баяцца ні цяжкасцяў, ні непрадбачаных сітуацый. Нярэдка ва ўчастковыя ідуць сем’ямі. І не абавязкова сыны працягваюць справу сваіх бацькаў або дзядоў. Як бы не казалі аб мужчынскім складніку гэтай прафесіі, нямала сярод участковых інспектараў і жанчын. Нягледзячы на знешнюю далікатнасць і мяккі характар, яны годна і адказна нясуць службу, спраўляючыся з пастаўленымі задачамі не горш, а дзесьці нават і лепш, за мужчын.

Шлях да мары

У тым, што няма нежаночых прафесій, на днях пераканаліся і карэспандэнты «Звязды». Разам з участковымі інспектарамі міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РУУС Першамайскага раёна г. Мінска Юліяй і Кірылам Башкевічамі мы накіраваліся ў рэйд. Звычайна муж і жонка адпрацоўваюць жылы фонд паасобку — у кожнага з іх свой участак. Аднак калі Юлія збіраецца наведаць кватэры, гаспадары якіх знаходзяцца на прафілактычным уліку ў органах унутраных спраў па прычыне злоўжывання алкагольнымі напоямі, а адпаведна і вядзення асацыяльнага ладу жыцця, Кірыл суправаджае жонку (пры ўмове, калі са сваімі задачамі справіўся). Сёння ў плане рэйдавага мерапрыемства — акурат з такіх адрасоў. Але аб усім па-парадку.

Перш наперш Юлія і Кірыл Башкевічы плануюць завітаць да жыхаркі па вуліцы Валгаградскай. Жанчына звярнулася ў органы ўнутраных спраў з просьбай дапамагчы адшукаць пашпарт. Міліцыянеры яе добра ведаюць — грамадзянка ўжо не першы раз тэлефануе на «102», прычым здараецца ў яе заўсёды адно і тое ж: губляецца пашпарт. 

Пакуль ідзём па маршруце, знаёмімся. Юлія родам з Асіповічаў. Колькі сябе памятае, столькі хацела насіць пагоны. На гэта паўплываў бацька — афіцэр Узброеных Сіл, цяпер падпалкоўнік у адстаўцы. Мама таксама ўсё жыццё адпрацавала ў воінскай часці, праўда, на цывільнай пасадзе. Толькі ў арміі Юля сябе не бачыла: дзяўчына не хацела працаваць з тэхнікай, ёй бліжэй былі ўзаемаадносіны з людзьмі. Аб тым, што хоча служыць у міліцыі, зразумела падчас навучання ў Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы, куды паступіла пасля сёмага класа. 

«Бацькі не адразу ўспынялі маё рашэнне ўсур’ёз, — прызнаецца старшы лейтэнант міліцыі. — Тата казаў, што жанчыне ў органах унутраных спраў будзе складана. Вучоба ў вучылішчы, самастойнасць, дысцыпліна толькі загартавалі мой характар, і ён пераканаўся, што ў мяне ўсё атрымаецца».

Шлях да мары быў няпросты. У той год, калі Юлія вырашыла паступаць у Акадэмію МУС, на факультэт міліцыі (а іншых варыянтаў яна нават не разглядала) дзяўчат не набіралі. Але здавацца — не ў яе характары. І дачка афіцэра паступіла ў Магілёўскі інстытут МУС — у выніку стала адной з дваццаці дзяўчат на курсе, якім пашчасціла адзець курсанцкія пагоны знакамітай міліцэйскай ВНУ. 

У сям’і Кірыла ніхто не служыў (бацька — ветэрынарны ўрач, мама — настаўніца), але малады чалавек марыў пра міліцэйскія пагоны. У школьным узросце захапляўся дэтэктывамі і, як любімыя героі кінафільмаў, хацеў расследваць злачынствы і дапамагаць людзям. У той жа час малады чалавек не ўяўляў сябе без спорту: на сур’ёзным узроўні займаўся вольнай барацьбой. Часова спартыўныя захапленні перамаглі: Кірыл паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Аднак, скончыўшы навучальную ўстанову, вырашыў, што пойдзе служыць у міліцыю.

«Цікавая служба, стабільны заробак, сацыяльны пакет — усё гэта паўплывала на маё рашэнне застацца ў органах унутраных спраў», — прызнаецца ўчастковы інспектар. Кірыл заўважае, што і спартыўныя навыкі, фізічная вынослівасць у дзейнасці ўчастковага інспектара не бываюць лішнімі. 

Увага кожнаму 

Спыняемся каля патрэбнага пад’езда. На лаўцы сядзіць пажылая жанчына.

«Любоў Аляксееўна, добры дзень! А мы акурат да вас, — пазнае пенсіянерку капітан міліцыі. — Нам паведамілі, што вы страцілі пашпарт».

«Добры дзень, — як добрых знаёмых сустракае міліцынераў жанчына. — Ой, вы ведаеце, я ўжо яго знайшла. Памяць дрэнная стала: забылася, куды паклала. Цяпер вось з сабой нашу» (паказвае на ўнутраную кішэню ў паліто). 

«Пашпарт больш не губляйце», — далучаецца да размовы Юлія і пытаецца, як у жанчыны здароўе, хто дапамагае ёй у побыце. 

«А што мне дапамагаць? Калі патрэбна, я і сама каму заўгодна дапамагу».

Карыстаючыся выпадкам, супрацоўнікі міліцыі расказалі пенсіянерцы аб тым, што пачасціліся выпадкі махлярства па тэлефоне: зламыснікі тэлефануюць грамадзянам і, прадстаўляючыся праваахоўнікамі, прапаноўваюць паўдзельнічаць у «спецаперацыі» па пошуку злодзея. Або тэлефануюць і кажуць, што нехта са сваякоў абанента трапіў у аварыю, за тое, каб не ўзбуджаць крымінальную справу просяць немалыя грошы. Любоў Аляксееўна расказала, што падобныя званкі да яе ўжо паступалі, але яна адразу зразумела, хто з ёй размаўляе і якія ў іх намеры, а таму паклала трубку. 

Пахваліўшы грамадзянку за пільнасць, а таксама пажадаўшы здароўя і ўважлівасці да асабістых рэчаў, участковыя інспектары міліцыі рушылі далей. Кірыл прызнаецца, што за сёмы год службы здзівіць яго пэўнай жыццёвай сітуацыяй складана. І такіх адзінокіх жанчын, як Любоў Аляксееўна, на сваім шляху ён сустракаў не раз. «Яны тэлефануюць у міліцыю, бо іх тут уважліва выслухаюць, прапануюць дапамогу і проста пагутараць з тымі, каму гэта неабходна», — тлумачыць участковы інспектар. 

На сваім месцы

Як прызнаюцца Юлія і Кірыл Башкевічы, жыхары іх участкаў не ведаюць, што яны — муж і жонка. Прафесійную этыку ніхто не адмяняў. У падраздзяленні ж пра іх узаемаадносіны таксама рэдка хто здагадваўся, пакуль мінулым летам маладыя людзі не аформілі шлюб. Адно прозвішча — тут і хацеў бы, ды не схаваеш. А яны і не спрабуюць, нават жартуюць, што калі б не Першамайскае РУУС сталіцы, якое з’яўляецца першым працоўным месцам як для Юліі, так і для Кірыла, то ўвогуле маглі не сустрэцца. 

Яна служыць тут чацвёрты год, ён — ужо амаль шэсць. Вядома, як больш вопытны, Кірыл нярэдка дае жонцы парады: напрыклад, як паводзіць сябе з агрэсіўнымі грамадзянамі, або, як знайсці падыход да чалавека, які не хоча дзяліцца падрабязнасцямі сітуацыі, з якой звярнуўся ў міліцыю. Часта маладыя людзі абмяркоўваюць, як кожны з сужэнцаў паступіў бы ў тым ці іншым выпадку. 

«Кожная жыццёвая сітуацыя — непадобная на папярэднюю, а таму цікавасць да службы ўзнікла ў першы ж працоўны дзень, — узгадвае Юлія. — Хочацца хутчэй разабрацца па ўсіх заявах, дапамагчы людзям. Пры гэтым вельмі пашанцавала з калектывам: з кожным можна параіцца, калі трэба, папрасіць дапамогі».

Па першым часе старшы лейтэнант міліцыі па жылым сектары хадзіла з настаўнікам — вопытным афіцэрам. Цяпер у асноўным спраўляецца сама. Калі неабходна наведаць кватэры, якія стаяць на прафілактычным уліку, ніхто з участковых па адным не ходзіць. Тым больш, рызыкоўна адпраўляць туды адну дзяўчыну.

Працягваем рэйд. Тэлефануем у дамафон. Як і прадбачылі, дзверы ніхто нам не адчыняе. Акурат да пад’езда накіроўваецца пажылы мужчына: па ўсім бачна, што тут жыве. Капітан міліцыі просіць дазволу трапіць у пад’езд — і мы падымаемся на патрэбны паверх.

Ні адну хвіліну ўчастковы інспектар націскае на званок — нарэшце, дзверы адчыняе гаспадар. Цяжка ўявіць, як ён дайшоў да парога, бо знаходзіцца ў моцным алкагольным ап’яненні. Аляксандр Пятровіч не працуе: ён — інвалід другой групы. Аднак сур’ёзны дыягназ не перашкаджае яму злоўжываць алкаголем. Кватэра ўжо даўно патрабуе генеральнай прыборкі, а твар гаспадара — медыцынскай дапамогі. 
«Вам трэба клапаціцца аб сваім здароўі», — звяртаецца да мужчыны Кірыл. 

«Маё здароўе — гэта мае праблемы, — адказвае той. — Ды і выпіў сёння зусім трохі. Памятаю нашу гутарку тыдзень таму, калі абяцаў кінуць піць. Я стараюся».

Участковыя інспектары міліцыі праводзяць з грамадзянінам гутарку на прадмет таго, каб узяў сабе ў рукі і кінуў выпіваць, а таксама не вадзіў у кватэру незнаёмцаў. 

Ужо пасля таго, як мы пакінулі гэтае жыллё, якое, мякка кажучы, знаходзіцца ў антысанітарным стане (неаднаразова за гэта гаспадар прыцягваўся ЖЭСам да адміністрацыйнай адказнасці, але штрафы не плаціць), супрацоўнікі міліцыі расказваюць, што мужчына на кантролі органаў унутраных спраў ужо не першы год. «Ëн выпівае, прымае ў кватэры старонніх, — уводзіць у курс справы капітан міліцыі. — У лячэбна-працоўны прафілакторый не накіруеш, бо мае інваліднасць. Мы яго наведваем кожны тыдзень, праводзім прафілактычныя гутаркі. Грамадзяніна паказалі нарколагу, цяпер сітуацыя пад кантролем».

Пасля размовы з намі своеасаблівы лікбез Кірыл праводзіць для Юліі: «Калі прыходзіш у такія кватэры і людзі там цвярозыя, то яны больш-менш адэкватна рэагуюць на нашы просьбы. Калі ж п’яныя, то форма для іх — як чырвоная ануча для быка, таму не варта нечага патрабаваць». 

Малады чалавек лічыць, што прафесія ўчастковага інспектара міліцыі складаная для жанчыны. Аднак Юлія ўпэўнена ў тым, што знаходзіцца на сваім месцы. Кожны раз пераконваецца ў гэтым, калі грамадзяне пазнаюць на вуліцы і выказваюць удзячнасць за вырашэнне іх праблемы. Хтосьці дзякуе і за тое, што ўчастковы інспектар міліцыі паспрыяла таму, што чалавек кінуў піць і пачаў жыць без залежнасці.

«Прафілактычная работа дае свой плён, — заўважаюць сужэнцы Башкевічы. — Пастаянны кантроль з боку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў дысцыплінуе людзей. Многія задумваюцца над тым, да чаго можа прывесці асацыяльны лад жыцця, таму становяцца на шлях выпраўлення». 

Выслухаць і дапамагчы 

Практычна кожны дзень участковыя інспектары міліцыі сутыкаюцца з пытаннямі, як кажуць, не па профілю. Грамадзяне давяраюць людзям у пагонах, а таму звяртаюцца менавіта да іх. А міліцыянеры ніколі не адмаўляюць: заўсёды выслухаюць і падкажуць.

За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Да Юліі падыходзіць мужчына і кажа, што заблукаў. Яму патрэбна трапіць у будынак, дзе размяшчаецца дабрачынны фонд, а навігатар, па словах прахожага, вядзе па іншым маршруце. Удакладніўшы ў грамадзяніна адрас, куды ён ідзе, участковы інспектар міліцыі адкрывае на тэлефоне карту і паказвае мужчыну, што той знаходзіцца ад патрэбнага будынка ўсяго за некалькі метраў. Узрадаваны грамадзянін дзякуе і развітваецца з намі.

«Можна спытаць?» — раптам чуем жаночы голас.

Да міліцыянераў падыходзяць дзве дзяўчыны з каляскамі — па ўсім відаць, маладыя маці выйшлі з немаўлятамі на прагулку. Адна з іх расказала, што днямі ледзь не перавяла ашуканцам пэўную суму грошай. У інтэрнэце Вераніка натрапіла на прапанову купіць новы тэлефон па меншай цане, чым у краме. Маладая маці вырашыла ажыццявіць пакупку, але ў апошні момант зарыентаваў муж: адразу тавар, а потым — грошы. Ашуканцам, вядома, такія ўмовы не спадабаліся. 

«Пакупкі праз інтэрнэт — гэта хутка і зручна, як пераканацца ў тым, што цябе не падманваюць?» — агучыла сваё пытанне супрацоўнікам міліцыі маладая мама. Юлія і Кірыл распавялі пра тыповыя схемы падману, якімі апошнім часам карыстаюцца кіберзлачынцы, і нагадалі правілі інфармацыйнай гігіены. Падзякаваўшы за падрабязную кансультацыю, дзяўчаты развіталіся.

Прыйшоў час развітвацца і нам. У карэспандэнтаў працоўны дзень завяршаецца, ва ўчастковых інспектараў міліцыі ён у самым разгары. Дахаты яны прыходзяць практычна апоўначы. Але калі неабходна, гатовы выехаць па патрэбным адрасе нават ноччу і ў свой выхадны дзень. І гэта не нюансы прафесіі, як многія думаюць, а лад жыцця. Кірыл і Юлія Башкевічы не ўяўляюць яго па-іншаму. Аднойчы адзеўшы пагоны, яны абралі шлях служэння Радзіме і людзям, аб чым ніколі не пашкадавалі. Дзякуючы прафесіі пазнаёміліся і стварылі сям’ю. Цяпер для іх служба — справа сямейная. 

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.