Вы тут

Сваіх не кідаем


О, летуценнае дзяцінства. Калі басанож у думках уздымаешся над непралазным гушчаром пушчаў, над вірлівымі рэкамі, калі падарожнічаеш па сівых сутарэннях замкаў ды раскошы палацаў... Калі ты ў марах разам з нашымі воінамі бяжыш ў атаку, а з будаўнікамі — дакранаешся да неба на вышыні новабудоўляў. Тады ўсе дарослыя здаюцца вялікімі і дужымі, разважлівымі і мудрымі. І ты сам марыш стаць такім і адчуваеш сябе добрым і шчырым. Бязгрэшным. З чаго яно пачынаецца — пачуццё граху, а пасля ўсё жыцце — барацьба з ім? Калі першы раз кідаеш сваіх. Напрыклад, пайшоў з сям’ёй у лес, убачыў там змяю і, апанаваны страхам, даў на пяты. А твае самыя галоўныя людзі засталіся за спінай, сам-насам з небяспекай. І адчуванне палёту — у мінулым.


Калі падрасцеш, пасталееш, адчуеш моц не фізіялагічную, эмацыянальную, захочаш пачуваць сябе сапраўдным чалавекам, ты больш ніколі не кінеш сваіх. Так адбываецца і з краінамі. Сапраўдныя не кідаюць сваіх. Як гэта? А так, як у Беларусі.

Давайце паразважаем. СССР быў імперыяй дасягненняў і моцы. Не заўжды гігант заважаў асобу, чалавека. То была эпоха грандыёзных праектаў. Людзей навучыліся цаніць пасля Вялікай Айчыннай вайны. А як па-іншаму? То ж пераможцы! З аднаго боку — і адукацыю дапамагалі атрымаць, і на працу уладкуюць. Інтэрнат, пасля кватэра. Нават пуцёўку на адпачынак. Усё дзеля людзей. З іншага — інвалідаў вайны хавалі ад насельніцтва вялікіх гарадоў за мурамі манастыроў. Сваіх не кідалі, але стваралі штучную карцінку. А пасля надышоў крах і кінулі ўсіх. Калі ўвогуле забыліся на воінаў-інтэрнацыяналістаў, калі адабралі, вырвалі зберажэнні ў працаўнікоў з мазалямі на руках.

Забыліся на сваіх, кінулі. Пад махавік перамен, трансфармацыі ідэалаў. Здавалася, што магутная дзяржава з савецкім чалавекам згуляла у напарсткі. А тут яшчэ і такая спакуса. З экрана. Вось ён — свет сапраўднага капіталізму. Там, маўляў, сваіх не кідаюць, выратоўваюць нават з палону. А тут наіўныя людзі савецкага рэалізму — у пастцы перабудовы, нязвыклых зносін, правіл дзікага рынку. «Ратуйце» — чыталася тады ў вачах мільёнаў. Ды ніхто не спяшаўся.

Беларусам пашчасціла. Сваіх не кідаем. То была дзяржаўная палітыка. Сваіх не кідаем у пастку крыміналу, сваіх не кідаем у лапы падманлівага капіталізму і драпежнай прыватызацыі. Сваіх не кідаем — гэта ж яшчэ і пра сацыяльна арыентаваную палітыку дзяржавы. Дзеці, старыя, людзі з абмежаваным магчымасцямі... Так, зразумела. А яшчэ ж кожны юны талент і выпускнік ВНУ. Нават захаванне прафесійных каледжаў — гэта ж таксама каб не кінуць не самых выбітных вучняў. Захаванне дзяржаўных актываў і стварэнне развітой сеткі сацыяльных паслуг — таксама ў парадыгме «сваіх не кідаем»…

Але гэтыя ўсе працэсы вельмі агульныя, таму і незаўважныя. Сэрцы людзей кранаюць трагічныя гісторыі асобнага чалавека. Добрыя тэндэнцыі мы ўспрымаем як штодзённасць. А вось персаніфікацыя падзеі — іншае.

Бог ставіць усе кропкі над беларускім «І». Так адбылося і з намі. Колькі было нараканняў на ўлады і падчас ковіда, і падчас падзей 2020-га года. А пасля разумныя зразумелі, нават многія неверагодныя — уцямілі, што спачатку эканоміку, а пасля і краіну ўвогуле выратавалі ад знішчэння. Украінскі сцэнарый разгарнуўся б на нашых землях, а нашы людзі былі б укінуты ў гарніла ваеннага ліхалецця. Некаторыя з беларусаў апынуліся у такім пекле. Спачатку нашы дальнабойшчыкі ў прасторы украінскай неверагоднасці, а цяпер — у сектары Газа. Усіх не кінулі, ўсіх выратавалі па прамым распараджэнні кіраўніка дзяржавы. Бо гэта ж так па-ягонаму, па-бацькоўску: «Самае дарагое — хлеб, а самае каштоўнае — людзі».

То былі розныя аперацыі выратавання, са сваёй спецыфікай. Наш КДБ правёў філігранную работу. Дэталі так і застануцца набыткам лекцый у закрытых аўдыторыях. Адно можна сказаць — замест галівудскіх герояў ёсць у Беларусі свае, родныя і рэальныя. На тое была палітычная воля кіраўніка дзяржавы. Сваіх не кідаем. Кропка. Інакш быць не можа.

Але — магло б. Як было ў пачатку 90-х. Як магло паўтарыцца ў 2020-м. Кінуць — ва ўсіх сэнсах — спрабуюць так званыя эліты пятай калоны. Спачатку адкрыта спрабавалі кінуць ў бойку з Расіяй. Не выйшла. Цяпер кідаюць тых, хто ім паверыў. Столькі абяцанак надавалі паплечнікам — і ніводную не выканалі. Кінулі сваіх. Кагосьці — у бойку на тэрыторыі Украіны. Іншых неверагодных — па варшаўскіх і вільнюскіх хостэлах. Не жывуць — існуюць. А фальшыўкі пятай калоны зноў і зноў абяцаюць і цягнуць людзей у пастку. А самі нават не могуць забяспечыць ананімнасць, якую абяцаюць на кожным кроку, — зноў кідаюць даверлівых дурняў. кібербяспеку. А грошы ж ад сваіх бенефіцыяраў на гэта атрымліваюць, як і на «палітвязняў», якіх таксама кінулі. Не таннае жыццё эліт збеглай эміграцыі ў еўропах. Каб правадырам неверагодных жыць добра, застаецца, як і заўжды кідаць сваіх. Хацелі ўсю краіну, а атрымліваецца толькі з адурманенымі калабарантамі.

А мы — як раней, так і у будучыні — сваіх не кідаем. Гэта не толькі памкненні мужных вайскоўцаў, гэта пазіцыя нашага кіраўніцтва краіны. З адной рэмаркай — свае — гэта ўсе беларусы.

Яўген ПУСТАВОЙ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.