Вы тут

Прыйшла і кажу. Гісторыя аднаго шлюбу


Яны стаялі, падняўшы галовы ўверх, і махалі рукамі. Ён сціскаў далонь другой яе рукі, напераменку кідаючы погляд то на жанчыну, то ўверх. Погляд быў прасякнуты каханнем.


Фота: pexels.com

Я падняла вочы — у акенцы школы стаяла маленькая дзяўчынка. Я яшчэ мацней сціснула далоньку дачкі, яшчэ раз паглядзела на іх і знікла за дзвярыма школы.

Гэтая карціна паўтаралася кожную раніцу. Я вяла дачку ў школу, яны стаялі ўдваіх, трымаючыся за рукі, і махалі сваёй малой. Я бачыла іх раней у двары бацькоўскага дома. Кожны раз — такія ж погляды адно на аднаго, ласкавая гаворка. Яны мяне злавалі. Я, як сапраўдная жанчына, знаходзіла мільён недахопаў у іх знешнасці: ад валасоў да адзення. Усё дзеля таго, каб не заўважаць самага важнага.

Я даўно забылася на гэтую пару. У двары бацькоўскага дома яны мне больш не сустракаліся. І тут — зноў. Нашы дзеці трапілі ў адзін клас. Яна не валодала прыгажосцю: важкі целасклад, простыя рысы твару, не прыбраныя валасы і някідкае адзенне. Ён быў шчуплы, невысокага росту, валасы радзелі. Звычайная сямейная пара — такія раствараюцца ў натоўпе, як толькі ты ўпускаеш іх з вачэй. Пры гэтым ад іх адчувалася неверагодная прыгажосць. Іншая. Прыгажосць кахання.

Раней я была не такая мудрая і назіральная. Мне былі ўласцівыя стандартныя рысы: асудзіць, пакрытыкаваць, часам абясцэніць і не разбірацца ў сітуацыі. Пазней я навучылася глыбей адчуваць, больш думаць і заўважаць незаўважнае (прабачце за таўталогію). Але самае важнае — навучылася быць сумленнай з сабой, хоць часам гэта было і вельмі балюча.

Убачыўшы гэтую пару зноў, я адчула знаёмую злосць. Цяпер кожны раз, ідучы з дачкой у школу, я сустракаюся з імі, і яны мяне раздражняюць.

Розніца з мінулым была ў тым, што на гэты раз я дакладна ведала: гэта не яны цябе злуюць, ты сама — крыніца гэтага пачуцця. Яны сталі напамінам пра мой боль. А яшчэ — прыкладам, што нават праз дзесяць гадоў шлюбу каханне можа жыць. І яно жыве. Можна падмануць на словах, але вочы — яны заўсёды кажуць праўду.

Гісторыя майго шлюбу скончылася шэсць гадоў таму. У аповедзе пра юнацкае каханне, якое перарасло ў сям’ю, была пастаўлена кропка. Змяняліся поры года, беглі гады... Новыя раманы, падзеі, прыгожыя заляцанні, бестурботныя ўчынкі, пустыя словы. Паралельна з асабістым жыццём — кар’ера. Штогадзінная праца ўсюды і ва ўсім. Чым больш мянялася я, тым шчыльней нарастала скура, якая бараніла душу. Праз яе ўсё складаней пранікалі мужчынскае каханне, эгаізм і падман. Станавілася камфортна і спакойна. Я ставіла знак роўнасці паміж «цябе не параняць» і «ты шчаслівая». Ідэальны самападман: такі салодкі, так заспакойвае. Часам «браня» злятала, агаляючы далікатнае цела, праз якое свяцілася душа. Надыходзіў небяспечны момант: працягваць скідаць з сябе тоўстыя акраўкі ці зноў залатваць іх.

Гавораць, што лепш паспрабаваць, чым шкадаваць аб упушчаным. Магчыма. А магчыма — і не. Я спрабавала і спрабую. Дазавана. Крыху мужчынскі падыход: бярэш тое, што трэба, і адыходзіш, каб не прывыкаць і не адчуваць.

Яшчэ кажуць, што сёння — час адзіноты. Камфортнай адзіноты. Узаемаадносін, калі табе добра з самім сабой. Не трэба будаваць ніякіх зносін: сустрэліся, правялі выдатна час, разышліся. Папахвае цынізмам? Крыху. Але тут няма небяспекі прывыкнуць да чалавека, пакахаць і потым... раптам, калі ўсё ж не атрымаецца... надламаць душу.

А потым сусвет глядзіць на цябе, такі разумны, усміхаецца і пасылае чалавека, які гатовы на ўсё дзеля цябе. Які кахае і робіць. Не кідае словы ў пустату, а дзейнічае. І ты зноў адчуваеш, як часцінкі ахоўнай «брані» сыплюцца на зямлю, агаляючы цела. І нешта цёплае пранікае ў тваё сэрца. Пры гэтым ты малайчына, ты трымаешся: працягваеш сумнявацца і пераконваць сябе, што табе гэта не трэба... Ці трэба? І ўсе гэтыя пытанні віхурай праносяцца скрозь цябе.

Праходзіць яшчэ крыху часу. І вось ты ўжо, амаль аголеная, стаіш пасярод горада, баючыся памыліцца і так яўна жадаючы паспрабаваць зноў.

Ганна ЧЫЖ-ЛІТАШ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.