Вы тут

У музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася выстаўка да стагоддзя «Маладняка»


Выстава — падвядзенне вынікаў вялікага асветніцкага праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця», арганізатарамі якога разам з супрацоўнікамі музея выступілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і РВУ «Выдавецкі дом «Звязда».


На працягу пяці гадоў збіраліся матэрыялы, праходзілі круглыя сталы, выставы, прэзентацыі. На рэсурсе Нацыянальнай бібліятэкі створаны віртуальны музей, у якім змешчаны архіўныя дакументы, фотаздымкі, адсканаваныя выданні «маладнякоўцаў». Да праекта далучыліся даследчыкі розных галін: архівісты, музейшчыкі, гісторыкі, літаратуразнаўцы, філосафы.

Так, Полацкі музей кнігадрукавання, які традыцыйна ў пачатку года праводзіць выстаўку, прысвечаную найбольш значным літаратурным падзеям, вырашыў стварыць экспазіцыю да стагоддзя «Маладняка», якая пазней перарасла ў віртуальны праект. Дарэчы, у Полацку сто гадоў таму была адна з філій знакамітага літаратурнага аб’яднання, якая выпускала часопіс «Надзвінне».

«Дняпроўскія ўсплёскі», «Світанне», «Уздым», «Маладняк Барысаўшчыны», «Аршанскі Маладняк» — гэта назвы альманахаў, прадстаўленых на выставе ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Яны сведчаць пра тое, наколькі шырокім і папулярным быў творчы моладзевы рух у 20-я гады ХХ стагоддзя.

За кароткі час арганізацыя сабрала каля 500 сяброў. «Маладняк» — займаўся не толькі літаратурай, але і выяўленчым мастацтвам, музыкай, фота. Напрыклад, у Віцебску моладзь актыўна запісвалася ў мастацкую студыю, бо гэты горад меў выдатныя традыцыі, і падарыў свету Казіміра Малевіча.

Дарэчы, выстаўка аформлена ў стылістыцы таго часу: геаметрычныя формы, так званы супрэматызм, маляўнічая плакатная гісторыя, «пазычаная» ў моладзі 1920-ых гадоў. Незвычайны фармат разлічаны на маладых наведвальнікаў.

Творчасць таленавітых аўтараў цікавіла многіх вядомых даследчыкаў. Напрыклад, ёй прысвяціў сваю дысертацыйную работу паэт і вучоны Ніл Гілевіч, высокую ацэнку далі Уладзімір Конан і Міхась Мушынскі, шмат увагі надаюць і сучасныя літаратуразнаўцы. Дзіўна, што «бурапенная» літаратура працягвала заставаццца малавядомай сучаснаму чытачу. Хаця энергічная, шчырая паэзія маладнякоўцаў сапраўды здольна ўразіць, натхніць, абудзіць цікавасць да творчасці ў падрастаючага пакалення. Цяпер маштабны асветніцкі праект «На хвалі часу, у плыні жыцця» паказаў, што «маладнякоўцы» зноў становяцца запатрабаванымі. Адгукнуліся музеі, бібліятэкі і школы рэгіёнаў, праходзілі мерапрыемствы на малой радзіме аўтараў-маладнякоўцаў, ствараліся новыя экспазіцыі. Дзеці і моладзь актыўна далучаліся да конкурса чытальнікаў і пісалі эсэ.

Выстаўка дазваляе зазірнуць у складаны, але вельмі цікавы, насычаны, прадуктыўны час, багаты на імёны таленавітых аўтараў, якія актыўна шукалі ўласныя формы і зместы, шанавалі родную мову, лічылі сябе стваральнікамі новай беларускай літаратуры. «Маладняк» быў сапраўдным выбухам творчасці. Літаратурнае аб’яднанне дазваляла моладзі кансалідавацца, абменьвацца сваімі напрацоўкамі, адтрымліваць парады і падтрымку ад калег. 

У архівах захавалася багата дакументаў, якія сведчаць і пра літаратурны працэс, і пра жыццё маладнякоўцаў. Некаторыя з гэтых крыніц прадстаўлены на выставе. Так, тут можна пабачыць спісы ўдзельнікаў суполак, анкеты, якія запаўнялі маладыя людзі пры ўступленні ў аб’яднанне, запісы пасяджэнняў, просьбы.

Выстава насычана фотаздымкамі, звесткамі пра найбольш яскравых прадстаўнікоў літаратурнага руху. Выстава адлюстроўвае гісторыю арганізацыі, змешчаны тут і пратакол з пасяджэння, падчас якога некаторыя творцы выказалі жаданне выйсці з аб’яднання і заснаваць новае — «Узвышша». Падаецца інфармацыя і пра іншыя літаратурныя суполкі, якія існавалі ў той час.

Дзякуючы такім праектам у чытачоў ёсць магчымасць па-іншаму паглядзець на літаратурны працэс, адкрыць для сябе цікавых аўтараў, знайсці тэмы для літаратурных вечарын ці паэтычных сустрэч.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.