Вы тут

Смеласць і праўда


Памяць старанна захавала аповед, пачуты ад колішняга дэкана журфака. Доктар гістарычных навук з болем у сэрцы расказваў аб паркеце ў Букінгемскім палацы. Тая шыкоўная падлога — з белавежскіх дубоў. Іх ссякалі і прадавалі для замежных палацаў захопнікі і акупанты. І зараз ужо не надта важна, рабілі гэта кайзераўскія войскі, польскія асаднікі, альбо прадпрымальныя бенефіцыяры нацысцкага СС. Важна, што нішчылі нашых людзей і нашу прыроду.


У адным з «аплотаў заходняй цывілізацыі» пад нагамі істэблішмента — сімвал беларускай моцы і хараства. Як гэта сімвалічна. Лонданскі лорд, брусэльскі чыноўнік, амерыканскі палітык — усе яны нейкі час пад абцасамі трымалі свет і зараз намагаюцца рабіць тое ж самае. Але цяпер паслухмянасць выхоўваюць іншымі варыяцыямі. У тым ліку рознымі «дэмакратычнымі» метадамі, хаваючы свае сквапныя мэты клопатамі аб планеце.

«Зялёны» парадак дня апанаваў і моладзь. Модна быць экалагічным. Але ж пачакайце. Чаму адны людзі — некалькі мільярдаў — павінны змяніць звычкі, уцяцца (нібы у Піліпаўку сустрэлі на сваім шляху ваўка), а некалькі дзясяткаў краін будуць і надалей шыкаваць? І весці войны супраць чалавецтва, вынішчаючы прыроду. Якое і хто ім даў права? Пад лязо палітычнага валюнтарызму трапіла і наша Белавежская пушча — самая чыстая частка Еўропы, некранутая сусветная спадчына. Колькі ўжо жывёл загінула, сутыкнуўшыся з бар’ерам заходняй цывілізацыі, колькі рэліктавага лесу загубілі, каб узвесці яго.

Зверскія паводзіны польскіх уладаў так і засталіся незаўважанымі. Вось вам і «зялёны» парадак дня, і «праўда» заходняга свету. Праўду ўсяго чалавецтва агучыў наш Прэзідэнт. За некалькі хвілін перадаў пачуцці і Глабальнага Поўдня, і сапраўднай суверэннай Еўропы. Была Фултанская прамова Чэрчыля, якая развязала «халодную вайну», смела прагучала Мюнхенская прамова Пуціна, якая адкрыла праўду сусветнага гегеманізму. А Дубайская прамова Лукашэнкі проста скінула заслону заходняй бязгрэшнасці. Ухвальна ківалі журналісты, уважліва слухалі кіраўнікі іншых дзяржаў. Гучна, смела і сумленна сказана. Гэта яшчэ такі заклік і выклік — адмаўчацца не выпадзе. Час выходзіць з умоўнай зоны камфорту ў міжнародных адносінах. Інакш «разбудзяць» альбо бомбы «галоўных дэмакратый свету», альбо цунамі. Прырода не церпіць крывадушнасці.

І на вяршынях сусветнага палітычнага алімпу — праўда ў павазе. Трэба было бачыць чаргу з журналістаў і шэраг кіраўнікоў свету, з якімі правёў перагаворы наш Прэзідэнт. Саміт паказаў, каго большасць і за кім будучыня. Скептыкі запярэчаць: маўляў, Еўропа — гэта цэнтр сусвету. Дарэчы, цэнтр Еўропы — пад Полацкам. А што датычыцца такой палітычнай з’явы, як Еўропа — тут таксама клімат змяняецца. І ў гісторыі такое ўжо было. Неаднаразова. Пыхлівыя імперыі знікалі... Надышоў час іншых краін — больш сціплых, але сапраўды незалежных. Гэта таксама прадэманстраваў саміт.

Вашынгтон цісне на Брусэль, а Брусэль — на сталіцы Еўропы. Але на Белград і Будапешт не надта атрымліваецца. З сербскім калегам Вучычам Аляксандр Лукашэнка і паразмаўляў на палях саміту, і сядзеў у адным радзе. Ззаду і наводдаль коса пазіраў кіраўнік Польшчы. Атрымалася нават сімвалічна. З’явіліся каментарыі: Дуда глядзеў ці то з крыўдай, ці то з зайздрасцю. Карціна маслам — «Адзінота еўрапейскага штата ЗША». Дарэчы, Варшава шмат зрабіла, каб ізаляваць Беларусь. Дарэмна. Дуда здолеў пераканацца на свае вочы. Час уній прайшоў. Надышоў час саюзаў самадастатковых краін. Варшава можа далучацца, далонь Мінска не сціснута ў кулак, нават адкрыта для поціску рукі. Мы не злапамятныя. Але зараз мы асцярожныя. Дарэчы, увесь свет цяпер пазнаў сэнс беларускага выразу «па завуголлі». Кіраўнік Беларусі гэты тэрмін прывёў, калі распавядаў пра пошук грошай на абарону прыроды. Цяпер «па завуголлі» яшчэ можа стаць і такім неафіцыйным палітычным тэрмінам. Мінае перыяд, калі большасць краін былі «ў завуголлі» міжнароднага жыцця планеты.

Дарэчы, што ў геапалітычным клімаце, што ў звычайным. Беларусь не дастаўляе турботы. Наш уклад у сусветныя выкіды парніковых газаў мізэрны — 0,2% з 200 краін свету. А вось карысць ад нас адчувальная і для кантынента, і для ўсёй планеты. Аднаўляем біяразнастайнасць лясоў ледзь не з часоў Сярэднявечча. У Беларусі амаль 10 працэнтаў тэрыторыі — гэта асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі... Даўней, змагаючыся з наступствамі засухі, нашы продкі часам ужывалі самыя народныя метады кшталту баранавання... ракі. На аўтэнтычны абрад можна было глядзець гадзінамі. Цнатлівыя прыгажуні з усёй акругі збіраліся да ракі і цягнулі барану па высахлым рэчышчы. Дзейсна спрабавалі вярнуць прыродны баланс, а не чакалі, што неба злітасцівіцца. Вось зараз і сучасная Беларусь нібыта робіць тое ж самае. Еўропа дыхае менавіта нашымі беларускімі «лёгкімі» — Палескімі балотамі, якія разам з унікальнай экасістэмай захоўваем і ахоўваем.

На геапалітычны клімат уздзейнічае заакіянская «ружа вятроў». І клімат прыродны таксама псуе гэтая заходняя хеўра. Ды і «зялёны» парадак дня спрабуе выкарыстаць для чарговага ціску на астатні свет. Маўляў, вы тут нічога не стварайце і пажадана не нараджайце. Ператварыцеся ў перыферыю свету, рынак таннай сыравіны, дармовых рабоў і рынак збыту. А мы — «барэлеўскі сад» — і без вас забрудзім планету. Палічым патрэбным — і палосы памяняем, і арыенціры — ад гендарных да палітычных... Лукашэнка дакладна спакойна за гэтым назіраць і падпарадкоўвацца не будзе. «Хопіць!» — аб гэтым таксама выразна сказаў беларускі лідар. Геапалітычны клімат павінна фарміраваць усё чалавецтва. Мо тады і прыродны клімат стане меней падкідваць неспадзяванак і катаклізмаў.

Смеласць і праўда — гэтага так не хапае сучасным людзям. А яшчэ павагі да сваёй зямлі. Усё імкнёмся да іншаземных берагоў. Перад тым, як купіць білет удалячынь, спазнай Беларусь. Таямніцы Свіцязі, хараство Прыпяці, кручы бацькі-Нёмана, хвалі Дняпра. Ды ўвогуле здзейсніце падарожжа да хаты дзядоў. Не забывайцеся на родныя сцежкі. Тады і зямля, і нябёсы не забудуць нас. Ці то супадзенне, ці то заканамернасць, але пасля праўдзівай прамовы Лукашэнкі на кліматычным саміце ў Беларусі пачалася сапраўдная, як мае быць, зіма.

Яўген ПУСТАВОЙ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.