Вы тут

На паліцах — больш свайго


Пра гэта заявіў журналістам міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў, які сёння сустракаўся з прадстаўнікамі буйных гандлёвых сетак і айчынных вытворцаў, паведамляе БелТА.


«Сёння ў харчовым блоку доля беларускай прадукцыі займае 78 працэнтаў, а па некаторых групах тавараў даходзіць і да 100 працэнтаў. У прыватнасці, гэта датычыцца мясной, малочнай прадукцыі і яек. У 2024 годзе мы будзем імкнуцца павялічыць долю беларускіх харчовых і нехарчовых тавараў да 62 працэнтаў. У асноўным гэта будзе датычыцца тавараў для прыкасавай зоны і нехарчовых тавараў. Будзем нарошчваць аб’ёмы вытворчасці», — заявіў Аляксей Багданаў.

Паводле яго слоў, самі прадстаўнікі гандлю ўжо гатовы павялічыць долю продажаў беларускіх тавараў.

«Беларускія прадпрыемствы даўно працуюць над тым, каб імпартазамясціць вядомыя заходнія брэнды, і шмат у чым гэта ўжо атрымалася. Сёння, прыходзячы ў крамы, мы бачым гэтыя тавары, але не ў такім шырокім асартыменце, як хацелася б. Таму цяпер прасоўванню імпартазамяшчальнай прадукцыі ўдзяляецца асаблівая ўвага. Упэўнены, што з часам асартымент айчыннай прадукцыі на паліцах беларускіх крам пашырыцца», — рэзюмаваў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Алег Жыдкоў расказаў, што прадпрыемствы канцэрна за 11 месяцаў выпусцілі больш як 30 тысяч тон імпартазамяшчальнай кандытарскай прадукцыі. «У цэлым за 11 месяцаў прадпрыемствамі канцэрна выпушчана больш за 85 тысяч тон кандытарскіх вырабаў. З гэтага аб’ёму каля 55 тысяч тон пастаўлена на ўнутраны рынак, пры гэтым больш за 30 тысяч тон — гэта імпартазамяшчальны асартымент. Сёння імкнёмся максімальна замясціць імпартныя пазіцыі, а таксама прадставіць нешта сваё — не горш па якасці, але больш даступна па цане», — адзначыў Алег Жыдкоў.

Але пакуль беларускіх цукерак няшмат убачыш у самай папулярнай — прыкасавай зоне вялікіх крам. «Мы традыцыйна на працягу шэрагу гадоў займаемся пытаннямі прасоўвання прадукцыі на ўнутраным рынку, і найбольш вострым пытаннем для нас з’яўляецца асваенне прыкасавай зоны. Тут тавары ў асноўным прадстаўлены імпартнымі вытворцамі, але сёлета мы ўжо напрацавалі 142 асартыментныя пазіцыі, якія здольны замясціць імпартныя тавары. «У цэлым можна налічыць больш як 1 тысячу найменняў прадукцыі, якую мы гатовы прапанаваць да пастаўкі на ўнутраны рынак. Адзначу, што ў гэту лічбу ўваходзяць распрацаваныя рэцэптуры і тэхналогіі, таму аднамомантна ўвесь гэты пералік не вырабляецца», — растлумачыў старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам».

Паводле яго слоў, гэта прадукцыя выпускаецца выключна па заяўках гандлю. Гэта той асартымент, які на дадзены момант добра прадаецца, карыстаецца попытам і можа добра канкурыраваць. У сувязі з гэтым прадпрыемствам канцэрна «Белдзяржхарчпрам» ставіцца задача па нарошчванні экспарту гэтых вырабаў за межы Беларусі.

«Сёння доля тавараў гэтага асартыменту, якія пастаўляюцца, дасягае 30 працэнтаў ад аб’ёму выпуску. Пры гэтым асноўная мэта — забяспечыць задавальненне ўнутранага рынку. Асабліва ў пераднавагодні перыяд, калі попыт на кандытарскія вырабы ўзрастае ў разы. Так, у гэтым годзе прадпрыемствы „Белдзяржхарчпрама“ выпусцяць 2,5 млн навагодніх падарункаў у розных фарматах і розных па асартыменце. Гэта адпавядае існуючаму попыту. Выпускацца навагоднія падарункі будуць аж да 31 снежня, таму ўсе магазіны будуць у дастатковым аб’ёме забяспечаны гэтай прадукцыяй», — падкрэсліў Алег Жыдкоў.

Гаворачы аб экспарце, ён паведаміў, што беларускія кандытарскія вырабы пастаўляюцца ў 24 краіны. «У прыватнасці, на мінулым тыдні падпісалі кантракт на пастаўку кандытарскіх вырабаў у В’етнам. Акрамя таго, усё больш пастаўляем прадукцыі на рынак Кітая, бачым тут устойлівую тэндэнцыю да росту. Таксама актыўна працуем і на традыцыйных рынках краін ЕАЭС, Узбекістана і Манголіі. Спрабуем ісці і ў напрамку краін Афрыкі», — падсумаваў кіраўнік канцэрна.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.