Вы тут

Анёлы побач


Недзе паўгода таму я зусім нечакана для сябе знайшла кавалачак дрэва, на якім быў намаляваны ўсмешлівы анёл з белымі крыламі. Яго прымацавалі да кары разгалістага дуба ў парку. Гэта было так незвычайна, што на душы стала вельмі светла. Я спачатку вырашыла забраць той цуд з сабой, але потым вярнулася і паклала яго на месца. Падумала: няхай радуе іншых людзей. Магчыма, для кагосьці яшчэ гэты анёлак стане добрым знакам, выратаваннем, надзеяй на лепшае.


Ужо потым ад прыяцелькі я зусім выпадкова даведалася, што гэты цуд — справа рук мастачкі, якая вырабляе прыгожыя і душэўныя прадметы інтэр’ера з дрэва. Яна вельмі любіць вандраваць па Беларусі і заўсёды бярэ з сабой некалькі мініяцюрных анёлаў, якія пакідае ў розных месцах. Ставіць паміж камянямі на фасадзе старажытнага будынка, кладзе ў дупло старога дрэва ці на падаконні закінутага вясковага дома, на лаўцы, на пні, на парэнчах моста... Ужо каля двухсот такіх маленькіх анёлкаў, якія змяшчаюцца ў далоньку, разляцеліся па Беларусі. Мастачка стварае іх ад вялікага парыву, ад жадання падзяліцца цеплынёй і надзеяй, як быццам кажа мінаку, які знайшоў той маляўнічы кавалачак дрэва: усё будзе добра, твой анёл побач.

Пакуль пісала, згадала гісторыю адной сваёй гераіні, якая таксама любіць вандраваць. Пасля тых вандровак у яе нараджаюцца душэўныя нататкі — пра хаткі з неверагодна прыгожымі ліштвамі, пра стары вясковы млын, дзе і сёння меляць збожжа на муку, ды неверагодна прыгожы касцёл, дзе можна паслухаць сапраўдны арган... Аднойчы па дарозе ў чарговую вёску Анэлі стала спякотна. Яна зняла вятроўку і прымацавала яе на багажнік свайго ровара. Праехала шмат кіламетраў, пакуль заўважыла, што курткі няма. Ужо, здаецца, страціла надзею яе знайсці. Але калі вярталася назад, яе куртка, як ветразь, гайдалася на суку дрэва, што расло на ўзбочыне. І ў кішэнях было поўна цукерак. У той момант, прызналася жанчына, яна адчула незвычайную цеплыню да тых незнаёмых людзей, якія, магчыма, спяшаліся, але не праехалі міма.

Дарэчы, і сама Анэля — вельмі чулы чалавек, ніколі не пройдзе міма чужой бяды. Напрыклад, год таму яна стала анёлам для адной вялікай і дружнай сям’і. У Насці, Мікіты, Карыны і Дзяніса пасля сур’ёзнай хваробы памерла мама — аднакласніца Анэлі. Жанчыны апошнім часам страцілі сувязь, але ў дзяцінстве былі найлепшымі сяброўкамі. Дык вось дзяцей цяпер выхоўвае іх дзядуля, якому 65 гадоў. Ён — малайчына, спраўляецца: дзеці дагледжаныя, накормленыя, апранутыя. Але ім, асабліва малодшай, якой пяць гадкоў, не хапае жаночай пяшчоты. І гэтую ролю на сябе ўзяла Анэля. У вольны ад працы час яна заязджае да іх у госці, гуляе, малюе, абдымае. Кажа, што яны на сувязі практычна кожны дзень, дзеці ўжо пачалі ёй нават свае сакрэты давяраць.

Днямі мне таксама пашчасціла пабыць у ролі добрага анёла. Пачалося ўсё з таго, што напярэдадні ў нашым сямейным адвент-календары аказалася заданне зрабіць нешта добрае для іншага чалавека: «Падумайце, хто патрабуе вашай дапамогі, каму вы можаце паслужыць, праявіце ўвагу». У той дзень я нічога годнага так і не прыдумала... Наступнай раніцай ехала з вёскі ў Мінск на маршрутцы і задрамала. Мяне разбудзіў дотык чыёйсьці рукі. «Дачушка, прабач, што патрывожыла. А ты раптам не на Малінаўцы выходзіш?» — «Так». — «Вой, дык добра, а то баюся праехаць свой прыпынак. Я першы раз еду ў Мінск... На пахаванне сына». Перш чым выйсці з маршруткі, я прасачыла, каб бабуля выйшла таксама. На вуліцы наскрозь пранізваў сцюдзёны вецер. Бабуля ў роспачы глядзела па баках. «Вас хтосьці сустрэне?» — «Так, унучка званіла, сказала, што пад’едзе на машыне. Дзе мне лепш яе пачакаць?» — «Хадзем, — кажу, — падвяду вас да прыпынку, там будзе зацішней». І ўзяла яе, як дзіця, за руку.

Потым, едучы ў метро на працу, падумала, што мы такія занятыя, пастаянна кудысьці спяшаемся і часам проста можам не заўважыць, што камусьці патрэбны дотык, цёплае слова, кропля ўвагі. І зусім неабавязкова штосьці штучна выдумляць, бегаць у пошуках добрых спраў. Дастаткова проста быць уважлівым штодня, і вы ўбачыце, што вакол шмат нагод для дабрыні, і яны не вымагаюць ад вас празмерных высілкаў, затое для кагосьці стануць сапраўдным добрым знакам, праменьчыкам надзеі. І яшчэ, гэта праверана: калі робіш дабро — сам становішся дабрэйшым і святлейшым. І па жыцці ісці неяк лягчэй.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.