Вы тут

Каб гірлянда не ўспыхнула. Літаральна. Некалькі правілаў электрабяспекі


Вось і набліжаюцца зімовыя святы — Каляды і Новы год. Вуліцы гарадоў, вітрыны магазінаў і кафэ, будынкі арганізацый і прадпрыемстваў упрыгожваюцца разнастайнымі гірляндамі.

Каб прадухіліць выпадкі электрычнага траўматызму і пажараў падчас навагодніх масавых мерапрыемстваў, усе работы па мантажы і падключэнні дадатковых электраўстановак, гірлянд і святочнай ілюмінацыі павінны ажыццяўляюцца падрыхтаванымі спецыялістамі. Амаль у кожным доме будуць ставіць і ўпрыгожваць ёлкі. Таму варта ведаць элементарныя правілы электрычнай бяспекі пры выкарыстанні электрычных прылад для ўпрыгожвання. Пра тое, як не дапусціць няшчасных выпадкаў, правільна выбраць гірлянду і засцерагчы сваіх дзяцей, расказаў намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер ДУ «Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд» Аляксандр Гулевіч.


Менш за 25 вольт на «выхадзе» гірлянды — лепш за ўсё

Фота Віктара Іванчыкава

Спецыяліст адзначыў, што пры падключэнні да электрычнай сеткі гірлянд і ілюмінацый чалавек можа трапіць пад дзеянне электрычнага току і ў выніку атрымаць электратраўму альбо ў памяшканні можа ўзнікнуць пажар.

Паводле яго інфармацыі, інцыдэнты могуць адбывацца па некалькіх прычынах. Напрыклад, калі ў сетцы няма апаратаў ахоўнага адключэння. Маюцца на ўвазе не толькі аўтаматы ў электрычных шчытках, але і спецыяльныя прылады, якія ўстаўляюцца ў разетку і такім чынам іграюць ролю засцерагальніка.

Электрычная траўма можа адбыцца па прычыне непасрэднага дотыку да адкрытых токаводных частак — пашкоджанага корпуса разеткі, правадоў і іншых электрапрыбораў. Таксама да няшчаснага выпадку можа прывесці выкарыстанне няякасных матэрыялаў пры падключэнні гірлянд, у тым ліку прымяненне самаробных гірлянд або вырабаў сумніўнай вытворчасці.

«Пажаранебяспечныя сітуацыі ўзнікаюць таксама пры падключэнні гірлянд на адкрытым паветры без уліку ступені іх абароны, а таксама пакіданне ўключаных гірлянд без кантролю на працяглы час», — распавёў Аляксандр Гулевіч.

Увага! Эксперт дадаў, што падключэнне гірлянд і святочнай ілюмінацыі павінна ажыццяўляцца толькі ад электрычнай сеткі, абсталяванай апаратамі абароны. Пры гэтым у сеткі напружаннем 220 вольт неабходна ўстанаўліваць прыладу ахоўнага адключэння. Электрычныя ўпрыгажэнні з напружаннем менш за 25 вольт з’яўляюцца найбольш бяспечнымі.

Калі гірлянда за год «патухла»

Нічога, кажа наш чалавек, паправім. 

І бярэцца выпраўляць няспраўнасць самастойна, але... Часам удар токам атрымліваюць людзі ў тым выпадку, калі пашкоджана ізаляцыя. Таму трэба загадзя, да падключэння да разеткі, пераканацца, што ізаляцыя і правады не пашкоджаныя ці не адарваныя.

«Каб не дапусціць электратраўмы і пажару, варта ажыццяўляць рамонт любых электрапрыбораў толькі з адключэннем іх ад сеткі, — падкрэсліў спецыяліст. — Неабходна даверыць правядзенне такога рамонту выключна кваліфікаванаму прафесіяналу. Трэба памятаць, што нельга замацоўваць электрычныя правады і кабелі з моцным нацяжэннем, падвяргаць іх іншым механічным уздзеянням, а таксама размяшчаць паблізу ад крыніц цяпла (напрыклад, батарэі або адкрытага агню). Таксама неабходна выкарыстоўваць гірлянды толькі заводскага вырабу. Перад уключэннем гірлянд і ілюмінацый у электрасетку важна ўважліва вывучыць інструкцыю па іх эксплуатацыі».

Яшчэ ён звярнуў увагу на недапушчальнасць падключэння гірлянды да сеткі дзецьмі, бо яны не могуць ацаніць у поўнай меры яе тэхнічны стан. Дзяцей трэба папярэджваць аб небяспецы.

«Акрамя гэтага, неабходна візуальна пераканацца ў адсутнасці пашкоджанняў электрычнага кабеля, штэпсельнай вілкі і іншых электрычных элементаў ўпрыгожвання да падключэння іх да электрасеткі. Трэба неадкладна адключыць электрапрыбор ад сеткі пры з’яўленні прыкмет аплаўлення ізаляцыі, дыму, непрыемнага паху і іскрэння», — раіць Аляксандр Гулевіч.

Вывучым маркіроўку пад лупай

Асобна спецыяліст спыніўся на выкарыстанні прылад ахоўнага адключэння. Па статыстыцы Дзяржаўнага энергетычнага і газавага нагляду, прыкладна да 40% няшчасных выпадкаў можна было б пазбегнуць, калі б у сетцы стаялі прылады ахоўнага адключэння.

«Гэта прылада даказвае сваю эфектыўнасць, а ахоўныя апараты такога тыпу свабодна прадстаўлены ў гандлёвай сетцы. Акрамя таго, на сённяшні дзень у продажы маюцца нават разеткі з убудаванай прыладай ахоўнага адключэння», — адзначыў галоўны інжынер арганізацыі.

Паводле яго слоў, на выставе Energy Expo іх установа, у ліку іншых распрацовак, прадставіла практычны стэнд, які імітуе спрацоўванне стацыянарна ўстаноўленай прылады ахоўнага адключэння ў двухправадной электрычнай сетцы. «Любы, хто жадае, мог убачыць прынцып работы такіх прылад і даведацца ўсе перавагі іх выкарыстання. Улічваючы станоўчы эфект, прымяненне падобных стэндаў будзе пашырацца», — запэўніў Аляксандр Гулевіч.

Дык як жа выбраць гірлянду для ўпрыгожвання індывідуальнага дома, кватэры і дачы?

Тут спецыяліст звярнуў увагу на тое, што ўсе гірлянды і ілюмінацыі, якія падключаюцца, павінны адпавядаць месцу і ўмовам размяшчэння.

«Пры выбары ўпрыгожванняў трэба звярнуць увагу на маркіроўку ступені абароны электрапрыбора. Так, прыбор з маркіроўкай ІP 20 прызначаны толькі для выкарыстання ўнутры сухіх памяшканняў. Калі на прыбор нанесеная маркіроўка ІP 44, то ён можа выкарыстоўвацца і па-за памяшканнем, але павінен быць размешчаны пад навесам. У цэлым, размяшчаць гірлянды на вуліцы можна са ступенню абароны ІP 54 і вышэйшай. Так, маркіроўка ІP 67 азначае, што прыбор з’яўляецца водатрывалым. Упрыгожванні з такой маркіроўкай будуць найбольш бяспечнымі для дэкарацыі індывідуальнага дома і вуліцы», — растлумачыў Аляксандр Гулевіч.

Акрамя ступені абароны, на вырабе можа быць нанесены малюнак хаткі са стрэлачкамі. Калі стрэлачкі накіраваны ўнутр дома, значыць, гірлянда можа размяшчацца толькі ўнутры памяшкання. Калі ж стрэлачкі накіраваны ад дома, значыць, прыбор можа выкарыстоўвацца і на вуліцы.

У выпадку надзвычайнага здарэння з электрычнасцю, аварыі або пашкоджання электрапрыбораў важна памятаць і выконваць асноўнае правіла бяспекі — перш за ўсё, неабходна неадкладна адключыць пашкоджаны элемент ад электрасілкавання. Калі ж адбылося ўзгаранне, трэба як мага хутчэй адключыць аўтаматычныя выключальнікі або пробачныя засцерагальнікі ў электрычным шчытку. Менавіта таму кожны жыхар дома павінен ведаць, дзе знаходзяцца яго аўтаматычныя выключальнікі. У крытычны момант гэта можа зберагчы памяшканне і людзей ад пажару.

Мінск будзе зіхацець да сярэдзіны студзеня

А сталіцу, як навагоднюю ялінку, ужо «загарнулі» ў мноства святочных агнёў. Намеснік галоўнага інжынера УП «Мінгарсвятло» Дзмітрый Сырамалотаў распавёў нам, што сёлета Мінск ужо ўпрыгожылі больш за 12 тысяч гірлянд рознай мадыфікацыі. З іх 10 тысяч вісяць уздоўж праспектаў і вуліц, а 2,2 тысячы ўпрыгожылі 26 навагодніх ёлак. Напружанне апошніх складае 24 вольты, а ступень абароны — ІP 67.

Святочная ілюмінацыя запалілася ў Мінску 10 снежня і прадоўжыць радаваць вока да 15 студзеня ўжо наступнага года. На ўвесь гэты перыяд у мэтах папярэджання ўзнікнення якіх-небудзь аварый і няшчасных выпадкаў арганізавана дзяжурства аператыўных выязных брыгад.

«Агульная магутнасць ілюмінацыі ў Мінску складае каля 987 кВт. Пры гэтым устаноўленая магутнасць ілюмінацый усіх ёлак у сталіцы — каля 153 кВт. Так, галоўная ёлка краіны на Кастрычніцкай плошчы ўпрыгожаная 128 гірляндамі. Электрычная магутнасць гірлянд на ёлцы і ўсіх усталяваных на плошчы канструкцый — 35 кВт», — расказаў Дзмітрый Сырамалотаў.

Сёлета ў Мінску з’явіліся новыя арт-аб’екты, якія свецяцца. Так, у раёне Палаца спорту ўсталяваны светлавы фантан вышынёй 5 метраў. Акрамя таго, новыя ілюмінацыі размясцілі на вуліцах Маякоўскага, Ташкенцкай, Кабушкіна, Асаналіева і ў Севастопальскім парку. Прыязджайце і любуйцеся.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.