Вы тут

Як падтрымаць жыхароў у іх гаспадарчай дзейнасці?


У Чавускім раёне абмеркавалі, як падтрымаць жыхароў у іх гаспадарчай дзейнасці. Міжрэгіянальны выязны семінар прайшоў на базе Гарбавіцкага сельсавета ў Чавускім раёне. Ён стаў працягам тэмы па развіцці ўласных падсобных гаспадарак, якая закраналася на пляцоўках іншых раёнаў вобласці. У семінары прынялі ўдзел старшыня Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Ірына Раінчык, прадстаўнікі кіраўніцтва Чавускага раёна, а таксама старшыні раённых і сельскіх Саветаў дэпутатаў Горацкага, Крычаўскага, Мсціслаўскага і Шклоўскага раёнаў і іншыя.


Фота: pixabay.com

У сельскім Доме народнай творчасці можна было ўбачыць прадукцыю, якая ствараецца працавітымі рукамі жыхароў названых раёнаў. На сталах чаго толькі не было: пачынаючы ад садавіны-гародніны і мёду, заканчваючы сырамі розных сартоў, саленнямі, каўбасамі і іншай смакатой.

Насуперак песімістычным разважанням, што на вёсцы няма чым займацца, самі вяскоўцы дэманстравалі супрацьлеглае. Як потым агучвалася на нарадзе, толькі на тэрыторыі Гарбавіцкага сельсавета, дзе зарэгістравана 853 домаўладанні, развіццём уласных падсобных гаспадарак займаюцца ў 658 з іх. Усяго ў Чавускім раёне 1299 асабістых падсобных гаспадарак. Найбольш папулярныя кірункі ў насельніцтва — пчалярства і жывёлагадоўля. Жыхары займаюцца вырошчваннем свіней, авечак, коз, коней, птушак. Адных толькі кароў і цялят на падворках жыхароў невялікага Чавускага раёна 444.

За 11 месяцаў насельніцтва здало 826 тон малака, прычым толькі на тэрыторыі Гарбавіцкага сельсавета сабрана каля 126 тон. Лішкі гэтай прадукцыі закупляе Чавускае райспажыўтаварыства і ААТ «Рудзея Гранд». Акрамя гэтага, у насельніцтва закуплена 23 галавы маладняку.

Вопытам развіцця ўласных падсобных гаспадарак на семінары падзяліліся старшыні Крычаўскага і Мсціслаўскага райсаветаў дэпутатаў Ірына Пруднікава і Алена Клеянкова. Старшыня Мсціслаўскага райсавета адзначыла, што людзі выказваюць пажаданні, каб ім крыху спрасцілі ўмовы рэалізацыі прадукцыі.

У рабоце семінара прымалі ўдзел прадстаўнікі банка і зямельнай службы. Яны давялі да жыхароў карысную інфармацыю наконт атрымання ўчасткаў пад агародніцтва, а таксама афармлення льготнага крэдыту.

— Падчас нашых міжрэгіянальных сустрэч па пытаннях развіцця асабістых падсобных гаспадарак мы прыйшлі да высновы, што гэтым кірункам займаюцца ў асноўным людзі сярэдняга ўзросту, — падкрэсліла старшыня аблсавета дэпутатаў Ірына Раінчык. — Але моладзь таксама праяўляе інтарэс. Дэпутаты зацікаўлены, каб на такіх сустрэчах узнімаліся і праблемныя пытанні. Гэтаму кірунку сёння ў краіне ўдзяляецца вельмі вялікая ўвага. Для стымулявання развіцця асабістых падсобных гаспадарак грамадзян на тэрыторыі нашай вобласці і павелічэння вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі сёлета ў рамках дзяржпраграмы «Аграрны бізнес» са сродкаў бюджэту выдзелена фінансаванне для надбавак да закупачных цэн за рэалізаванае малако і маладняк буйной рагатай жывёлы.

Як правіла, ад ініцыятыўных і актыўных людзей залежыць і парадак на сяле. Не рэдкасць, калі яны выступаюць за развіццё сваіх населеных пунктаў і добраўпарадкаванне культурных месцаў. Дарэчы, частковае фінансаванне пад нейкія грамадскія ініцыятывы, у якіх зацікаўлены жыхары вёскі, прапануе Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. Па словах яе дырэктара Паліна Церашковай, падтрымку атрымліваюць тыя праекты, дзе насельніцтва гатовае прыняць жывы ўдзел у стварэнні ўмоў для агульнага адпачынку, заняткаў спортам, гульняў для дзяцей і гэтак далей.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Занятак для селяніна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.