Вы тут

Рэстаранны этыкет. Як правільна ўжываць розныя стравы?


Вы вырашылі адзначыць свята ў рэстаране ці проста наведаць установу з сябрамі. Каб у поўнай меры атрымаць асалоду ад гастранамічнага мастацтва кухараў, неабходна ведаць правілы этыкету. Пра тое, як правільна ўжываць тыя ці іншыя стравы, даведвалася наша журналістка.​ 


Фота: pexels.com

Вустрыцы

Яны сталі прадуктам харчавання ў вельмі старажытныя часы, і дагэтуль вустрыцы ў трэндзе ў гурманаў. Традыцыйна страва складаецца з размешчаных на лёдзе малюскаў, у дадатак да якіх падаюцца дзелькі цытрыны і соўсы. Лічыцца, што адкрыць вустрыцу належным чынам — сапраўднае майстэрства. У Францыі спецыяліста ў гэтым называюць «экаі». 

З дапамогай вустрычнага відэльца неабходна аддзяліць цела малюска, па жаданні паліць яго цытрынавым сокам і выпіць. Пустую ракавіну не трэба класці на сваю талерку - яе варта перавярнуць і пакласці на лёд..

 

Брускетта

Простая закуска італьянскіх сялян калісьці стала папулярнай стравай і сярод шляхты. Асновай брускетты з'яўляецца хлеб, абсмажаны да хрумсткай скарыначкі, і лепшыя гатункі аліўкавага алею. Сёння існуе вялікая колькасць варыянтаў начынняў для брускетты: з апетытным хамонам, слабасалёным ласосем ці свежым авакада, з сакавітымі таматамі, далікатным ростбіфам і гэтак далей.

Брускетту варта есці рукамі, пакрысе адкусваючы.

Лобстар​ 

Некалькі стагоддзяў таму гэтыя ракападобныя служылі кормам для свіней, а іх панцыры здрабнялі ў парашок і выкарыстоўвалі ў якасці ўгнаенняў. У той час лобстары лічыліся ежай для беднякоў і катаржнікаў. Вядомы судовы працэс, на якім прыслуга абуралася з-за таго, што гаспадары залішне часта кормяць яе лобстарамі. Цяпер гэта вытанчаная страва, якая падаецца ў лепшых установах мегаполісаў.

Каб з'есці лобстара, неабходна адкруціць яго канечнасці: маленькія ножкі, клюшні, хвост - пасля гэтага, выкарыстоўваючы спецыяльны відэлец, дастаць мяса.

Паста 

Упершыню страва была прыгатавана ў Кітаі ў пятым стагоддзі да нашай эры. Паста таксама згадвалася ў летапісах 1154 года: арабскі географ расказваў пра мучную страву родам з Сіцыліі, якая мае форму доўгіх нітак. Цяпер паста шырока папулярная ў свеце, і асабліва ў Італіі: кожны год італьянцы з'ядаюць неймаверную яе колькасць.

Пасту накручваюць на відэлец, паварочваючы прыбор і дадаткова дапамагаючы сабе лыжкай. Так выраб аказваецца сабраны ў клубок і гатовы да ўжывання.

Мяса на костцы

Першае правіла этыкету, аб якім важна памятаць у дадзеным выпадку, – не есці страву рукамі. Неабходна выкарыстоўваць відэлец і нож, акуратна адлучаючы мяса ад косткі. Адразаць мяса варта паступова – так частка, якая знаходзіцца на костцы, даўжэй захавае цяпло. Калі ў канцы трапезы на косці па-ранейшаму ёсць рэшткі мяса, не варта яе абглодваць.

Тартар 

Гісторыя ўзнікнення стравы нават сёння выклікае спрэчкі сярод экспертаў. Па легендзе кароль Францыі Людовік, дзівячыся подзвігам татараў, назваў у гонар іх страву. Кіраўнік лічыў, што ежай для гэтага народа служаць волкае мяса і салёныя агуркі. З часам у склад тартара былі ўнесены карэкціроўкі, і адным з магчымых інгрэдыентаў стала сырая рыба.

Сёння страва мае неймаверную колькасць варыяцый: ад класічнага волкага мяса да свежай садавіны і ягад. Традыцыйна тартар падаецца з жаўтком сырога яйка, каперсамі, марынаванымі агуркамі, цыбуляй і зелянінай. Добрым спалучэннем будзе хрумсткая чыабатта, абсмажаная да залацістай скарынкі, бульба фры, пармезан.

Як правіла, страву ядуць відэльцам. Калі да яго вам дадаткова прынеслі хлеб, тартар варта выкарыстоўваць як паштэт, нашмароўваючы зверху.

Крыветкі​ 

Крыветкі карысталіся папулярнасцю яшчэ ў антычныя часы: жыхары Рымскай імперыі і Старажытнай Грэцыі з задавальненнем запякалі ці абсмажвалі іх. Гэтыя ракападобныя лічацца візітнай карткай кітайскага мастака Ці Байшы – для яго крэветкі былі сімвалам дзяцінства і зацятасці.

Сёння гэтыя марскія жыхары служаць важным інгрэдыентам у мностве страў, а таксама падаюцца самастойна, з соевай падліўкай і дзелькай цытрыны. Звычайныя крэветкі варта есці цалкам. Калі ва ўстанове вам падалі лангустыны ці тыгравыя крэветкі, для пачатку варта падрыхтаваць іх да ўжывання - аддзяліць галаву ад тулава. Пры неабходнасці можаце звярнуцца да афіцыянта з просьбай зрабіць гэта за вас.

Манты 

Паводле старажытнай легенды, з'яўленне стравы з'яўляецца заслугай кітайскага палкаводца Лян Джунгэ. Ён абавязаны быў ахвяраваць тагасветным сілам 50 мужчын. Не жадаючы губляць верных ваяроў, кіраўнік пайшоў на хітрасць: загадаў зляпіць з цеста булкі, падобныя да чалавечай галавы, і напоўніць іх ялавічынай. Страва паступова набыла папулярнасць, і зараз існуе вялікая колькасць рэцэптаў.

Па традыцыі манты прынята есці рукамі. Для пачатку неабходна надкусіць цеста і выпіць булён. У некаторых установах выкарыстоўваецца аўтарская падача стравы, у такіх выпадках для зручнасці ўжывання можна скарыстацца відэльцам і нажом.

Лізавета МАЛЬЧУК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.