Вы тут

Біятлон у «Раўбічах» — гэта заўсёды прыгожа


У біятлонным доме зноў свята. У Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы» ў гэтыя дні праходзіць трэці этап Кубка Садружнасці па біятлоне. За медалі спаборнічаюць каля 60 спартсменаў з Беларусі і Расіі, сярод іх — чэмпіёны і прызёры Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы, а таксама біятланісты, якія толькі пачынаюць заваёўваць аўтарытэт. «Для нас вялікі гонар тут, на аб’екце сусветнага ўзроўню, прымаць трэці этап Кубка Садружнасці па біятлоне. Калі ў дачыненні да беларускіх і расійскіх спартсменаў былі прыменены санкцыі, якія абсалютна не адпавядаюць ніякім міжнародным правілам, нормам і стандартам, нашы спартыўныя сем’і стварылі ўмовы для трэніровак і спаборніцтваў. Традыцыйнае наша вялікае спаборніцтва — Кубак Садружнасці па біятлоне — ужо другі год знаходзіцца ў календары найважнейшых спартыўных мерапрыемстваў. У Беларусі, як і ў Расіі, любяць, шануюць і паважаюць біятлон», — адзанчыў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка падчас ўрачыстай цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў. 


Віцэ-прэзідэнт саюза біятланістаў Расіі Павел Растоўцаў заўважыў, што «Раўбічы» шмат гадоў прымаюць спаборніцтвы рознага ўзроўню. «І сёння дзякуючы зладжанай рабоце сотняў людзей, якія рыхтавалі трасы і аб’ект у цэлым, у няпростае надвор’е створаны неабходныя ўмовы для правядзення спаборніцтваў на найвышэйшым узроўні», — адзначыў ён. 

 

На лыжных трасах знакамітага спартыўнага комплекса ў розныя часы выступалі ўсе зоркі сусветнага біятлона. У 1974-м годзе тут прайшоў чэмпіянат свету па біятлоне. Менавіта, да гэтага турніру і быў пабудаваны новы біятлонны стадыён. Раўбічы выдатна адпавядалі ўсім крытэрыям: мяккі зімовы клімат, перасечаная мясцовасць, блізка ад аэрапорта і вакзала. У 1974 годзе спартыўны комплекс быў ўрачыста адкрыты. Варта правесці няхітрыя матэматычныя разлікі, каб усвядоміць, што сёлета «Раўбічы» святкуюць сваё пяцідзесяцігоддзе. Юбілейны год пачынаецца выдатна! 

У сваёй гісторыі «Раўбічы» прымалі чэмпіянат свету яшчэ два разы: у 1982-м і 1990-м гадах. У 1998, 2004, 2019 і 2020 гадах спартыўны компплекс прымаў чэмпіянаты Еўропы па біятлоне, у 2020 тут таксама прайшоў этап Кубка IBU па біятлоне. І кожны раз спаборніцтвы праходзілі на высокім узроўні. Таму зусім недзіўна, што яшчэ да пачатку трэцяга этапа Кубка Садружнасці, турнір выклікаў станоўчыя водгукі.

«Біятлон у Раўбічах — гэта заўсёды прыгожа. Плюсы — ідальныя ўмовы для спартсменаў: цікавая траса, закрытае з усіх бакоў ад ветру стрэльбішча, спуск да рубяжа, каб была магчымасць максімальна аднавіць дыханне і, адпаведна, максімальна добра страляць. Цяпер гэта адназначна адзін з лепшых біятлонных комплексаў Еўропы. Калі не самы лепшы», — напісала ў сваім Telegram-канале расійская спартыўная журналістка Алена Вайцяхоўская. 

 

— Калі мы гаворым пра адхіленне расійскіх спартсменаў і бядуем, што наймацнейшыя нашы біятланісты не могуць выступаць на Кубках свету, то паверце, калі параўноўваць, атмасфера ў Раўбічах самая што ні на ёсць кубкавая. Гэта будуць дзіўныя старты і перапоўненыя трыбуны, — адзначаў «голас расійскага біятлону» Дзмітрый Губерніеў у эфіры «Матч ТБ».

Што да галоўнай часткі Кубка Садружнасці — спартыўнай, то яна ўжо ў першы дзень спаборніцтваў парадавала. Героем дня стаў лідар беларускай зборнай Антон Смольскі — ён стаў пераможцам у спрынтарскай гонцы. На дыстанцыю ён выйшаў адным з апошніх, але абодва агнявыя рубяжы Смольскі прайшоў без промахаў. На фінішы Антон на 24 секунды перасягнуў вынік Аляксандра Корнева, які стаў другім, трэцім аказаўся яшчэ адзін расіянін Аляксандр Логінаў. 

«Сёння я ставіў перад сабой толькі максімальную задачу — этап хатні, значыць, трэба было перамагаць. Да гэтага ў пачатку зімовага сезона былі няўдалыя старты, але гэта таксама досвед, я спрабую з любога выніку чэрпаць карысныя высновы. Да гэтага этапу я рыхтаваўся і маральна і фізічна, вельмі рады, што ўсё склалася. Стан дазваляў змагацца, траса добрая. Калі ішоў на фініш, трэнеры казалі, што супернікі крыху адыгрываюць, таму я ўключыўся і працаваў на максімум да самых апошніх метраў.Тэмпература сёння была вельмі камфортнай. Цела працавала так, як трэба, мышцы не былі скаваныя... У моцны мароз думаеш аб тым, як бы не змерзнуць, а сёння ўсе думкі былі толькі аб гонцы», — падзяліўся спартсмен сваімі ўражаннямі.

Сваёй перамогай ён парадаваў усіх аматараў, але больш за ўсіх, напэўна, радавалася жонка біятланіста, алімпійская чэмпіёнка Дзінара Алімбекава, якая ў пятніцу адзначыла дзень нараджэння. Дзінара таксама магла б парадаваць сваім выступленням, але зараз яна знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, таму за спаборнцітвамі назірае з трыбун. 

 

Спорт — гэта калі перамогі і паражэнні ідуць побач. У жаночай паловы беларускай зборанай у пятніцу нічона не атрымалася. Дзяўчаты не ўвайшлі нават ў дзесятку лепшых па выніках спрынтарскай гонкі. Найлепшы вынік паказала Ганна Сола, якая размясцілася на 16-й пазіцыі, Адэліна Сабітава стала 17-й, Ірына Лешчанка — 20-я, Алена Кулак — 23-я, Дар’я Кудаева — 25-я, Наталля Карніцкая — 26-я.

Спаборніцтвы ў «Раўбічах» будуць праходзіць усе выхадныя. На суботу 6 студзеня запланаваныя гонкі пераследу, у 11.00 стартуюць мужчыны, у 14.00 — жанчыны. У нядзелю пройдуць мас-старты: 11.00 — мужчынскі, 14.00 — жаночы. Арганізатары паклапаціліся аб тых, хто хоча падтрымаць сваіх куміраў: для гледачоў арганізавана работа прыгараднага экспрэснага аўтобуснага маршруту нумар 949Э «Мінск — Раўбічы» ад прыпыначнага пункта «Станцыя метро «Барысаўскі тракт» (пасадка пасажыраў будзе ажыццяўляцца на баку Усходніх могілак) і ад прыпыначнага пункта «Раўбічы».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: Віктар ІВАНЧЫКАЎ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.