Вы тут

Клас пракурорскай накіраванасці адкрыўся ў дзяржынскай гімназіі № 1


Адпаведная форма, веданне законаў і павышаная адказнасць — усё гэта цяпер уласціва навучэнцам 10 «А» класа дзяржынскай гімназіі № 1, бо літаральна нядаўна яны сталі другім у Беларусі класам пракурорскай накіраванасці. Аб тым, як прайшло пасвячэнне і якія эмоцыі зведалі навучэнцы, мы даведаліся на месцы падзей.


Першыя пажаданні вучні атрымалі асабіста ад Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Андрэя Шведа:

— Зараз мы праводзім акцыю, у рамках якой у кожным рэгіёне адкрываем спецыялізаваныя класы «Юны пракурор». Спадзяемся, што падчас вучобы ў вас з’явіцца разуменне, што такое пракуратура, чым займаюцца пракуроры, што ў далейшым абумовіць ваш выбар прафесіі. Для нас вельмі важна, каб праз гэтыя спецыялізаваныя класы можна было данесці да дзяцей любоў да Радзімы, патрыятызм, пачуццё адданасці свайму народу і сваёй справе.

Сваё меркаванне выказаў таксама пракурор Дзяржынскага раёна Уладзімір Непадкупны:

— Стварэнне такога класа ў нашым раёне — гэта вялікі гонар. Для яго навучэнцаў цяпер адчынены дзверы на мноства мерапрыемстваў і сустрэч, якія як пракуратара Дзяржынскага раёна, так і Генеральная пракуратура будуць арганізоўваць для дзяцей. Акрамя гэтага, мы цяпер абмяркоўваем магчымую дапамогу пры паступленні выпускнікоў профільнага класа на юрыдычныя спецыяльнасці. Спадзяемся, што вучоба ў класе «Юны пракурор» для гімназістаў стане не толькі новай адказнасцю, але і пуцёўкай у будучыню.

— Нам хацелася, каб, выходзячы са сцен гімназіі, дзеці былі не толькі адукаваныя, таленавітыя, але каб яны сталі сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны, — адзначыў дырэктар гімназіі Валерый Скуратовіч. — Я рады і вельмі ганаруся, што менавіта хлопцы і дзяўчаты нашай гімназіі атрымалі такую магчымасць і сталі другім класам ва ўсёй краіне з такой накіраванасцю. Калі нам паступіла адпаведная прапанова з аддзела адукацыі, не ўтойваю, было невялікае хваляванне, але дзякуючы дапамозе адміністрацыі раёна і супрацоўнікаў пракуратуры мы ўжо пачалі паспяховую работу з навучэнцамі і наведалі некалькі мерапрыемстваў, якія пакінулі свой след у іх душах. У новы профільны 10 клас было залічана трыццаць чатыры вучні. Усе — з добрымі адзнакамі па вучэбных прадметах. А профільнымі прадметамі, якія школьнікі вывучаюць паглыблена, з’яўляюцца грамадазнаўства і англійская мова. Навучанне ў прававым класе дасць дзецям магчымасць лепш разбірацца ў розных бытавых сітуацыях, падзеях, што адбываюцца вакол нас, і даваць ім правільную прававую ацэнку.

Пасля прадстаўнікі пракуратуры Мінскай вобласці і раёна, упраўлення па адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама і дырэктар гімназіі № 1 падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве і ўрачыста пасвяцілі гімназістаў у навучэнцы класа «Юны пракурор». Далей усе ўдзельнікі свята наведалі падрыхтаваныя выставы і экспазіцыі ваенна-патрыятычнай накіраванасці, а хлопцы і дзяўчаты і іх класны кіраўнік падзяліліся з карэспандэнтам «Чырвонкі: Чырвонай змены» сваімі ўражаннямі.

— Я вельмі рада і ганаруся быць кіраўніком класа такога кірунку, — расказвае Тамара Дзяржынская, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства. — Я адразу правяла з гімназістамі гутарку і патлумачыла ўсю значнасць і адказнасць іх новага статусу. Упэўнена: яны не падвядуць нас! Бо кожны з іх унікальны і індывідуальны, а я зраблю ўсё магчымае, каб падтрымаць навучэнцаў, і, мабыць, нехта з іх сапраўды стане пракурорам.

Аляксандра Фрол расказала, што, калі ім паведамілі, што гімназісты цяпер будуць навучэнцамі профільнага класа «Юны пракурор», узрадавалася, бо яны будуць знаёміцца з асновамі права і іншымі юрыдычнымі дысцыплінамі. Паколькі навучэнка хоча звязаць сваё жыццё з гэтай сферай, атрыманыя веды, безумоўна, дапамогуць у будучыні. Да таго ж як дзяўчына яна проста не можа не адзначыць, наколькі прыгожа і статутсна яна і яе сябры выглядаюць у сваёй новай форме.

А вось камандзір класа Ілля Кандрашоў канстатаваў, што цяпер ён не толькі адчувае радасць, але і разумее, што на ім ляжыць двайная адказнасць. Калі раней хлопец быў у адказе за свой клас, то цяпер усе яны павінны быць прыкладам для гімназіі.

— З моманту абвяшчэння пра тое, што мы зараз профільны клас, з намі адразу ж пачалі актыўна працаваць; праводзіліся розныя гутаркі, у тым ліку прафарыентацыйныя, вялася падрыхтоўка нашай формы, адбылося некалькі выязных мерапрыемстваў. Асабліва мне ў душу запала паездка на месца пахавання часоў Вялікай Айчыннай вайны ва Уруччы. Назад мы ўсе ехалі ў роздумах... Але менавіта гэта мерапрыемства дапамагло мне па-сапраўднаму ўсвядоміць, якая важная роля ўскладаецца на наш клас. Ну і, вядома ж, у будучыні, я спадзяюся, вучоба ў класе «Юны пракурор» дапаможа мне і я ажыццяўлю сваю мару, стаўшы адвакатам.

Ангеліна НОВІКАВА

Фота дадзены гімназіяй

Загаловак у газеце: У пракуроры са... Школьнай лаўкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.