Вы тут

Насця Краўчанка: Спяваю пра рамонкі, але ў душы — рокерша


Любяць ці не любяць? Як спяваецца ў песні Насці Краўчанкі, — дзяўчыны, якая ў свае дзевятнаццаць гадоў творчасцю і абаяннем змагла пакарыць сэрца, лічы, кожнага беларуса, варажыць на рамонку тут дакладна не варта. Пра тое, з чаго пачынаўся творчы шлях маладой артысткі, дзе яна чэрпае натхненне і якія мае планы на будучыню, Насця расказала нам у інтэрв’ю.


— Пакуль у дзяцінстве ўсе хацелі стаць касманаўтамі ці прынцэсамі, у мяне было дзве мары. Я марыла быць пракурорам альбо выступаць на сцэне. Дакладна не ведала, як складзецца жыццё, але душа ўвесь час жадала чагосьці творчага. Як бачыце, пракурорам я не стала, а са сцэнай склалася! Недзе гадоў з чатырох пачала ўжо ўсведамляць сваю мэту, таму што мяне цягнула да музыкі. І нават калі не ўсё атрымлівалася, я працягвала развівацца ў гэтым кірунку. Цяпер я ўжо шмат дасягнула ў сваёй дзіцячай мары.

Нягледзячы на тое што Насця ўжо з’яўляецца прафесійным артыстам, свой самы першы выступ яна ўзгадвае з асаблівым хваляваннем.

— Выступленне тое адбылося на ранішніку ў дзіцячым садку. Я была ў мілым ружовым касцюмчыку і спявала песню Уладзіміра Якаўлевіча Шаінскага «Знік сабака». Назвала б гэта нават міні-спектаклем, бо мне паставілі цэлую сцэнку, і ў ёй я разыгрывала сваю ролю. Здарылася са мной нават непрадбачаная сітуацыя, як у сапраўдных артыстаў. У нейкі момант мне здалося, што песня заканчваецца, і пачала адыгрываць канцоўку, але раптам пачула, што пачынаецца яшчэ адзін куплет. І ў свае тады шэсць гадоў я не разгубілася і выкруцілася так, што ніхто нічога не заўважыў.

Адным з пераломных момантаў у жыцці нашай гераіні стаў удзел у музычным шоу талентаў «Х-Фактар Беларусь». Насця не толькі змагла прайсці перадкастынг праекта, у якім узялі ўдзел больш за чатыры тысячы канкурсантаў, але і здолела стаць адной з суперфіналістак гэтага конкурсу.

— Калі я пачула, што ў Беларусі збіраюцца запусціць гэтае шоу, то вельмі ўзрадавалася. Вядома, ведала аб існаванні падобных праектаў у іншых краінах, пару разоў нават паступалі прапановы паўдзельнічаць, але мама лічыла тады, што гэта не мэтазгодна: марнаваць час, сілы і сродкі. Адна дарога ў іншую краіну чаго вартая. А тут табе ўсё побач, і такая крутая магчымасць! Але з-за таго, што пачалася ўспышка каранавіруса, праект прыпынілі. І пра тое, што пачынаюцца кастынгі, я даведалася толькі праз год. Адразу паведаміла навіну маме, і мы вырашылі ўдзельнічаць. Спачатку былі кастынгі па гарадах, а потым ужо ў Мінску. Я ўдзельнічала і ў Баранавічах, і ў сталіцы, каб падвоіць шанцы. І калі на кастынгу ў Мінску арганізатары ўспомнілі, што я ўжо была ў іх, то мне стала вельмі прыемна! Тады з’явілася ўпэўненасць, што ўсё раблю правільна. Пра тое, што мяне дапусцілі да кастынгу з членамі журы, даведалася ў канцы чэрвеня, седзячы ў сяброўкі дома. Я была проста на сёмым небе ад шчасця. А праз некаторы час даведалася, што паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на тэалагічны факультэт.

Калі Насця ехала на кастынг з членамі журы, то ўжо адчувала сябе шчаслівай, што змагла прайсці так далёка. І, як прызнаецца сама дзяўчына, была гатовая да любога развіцця падзей. Але, вытрымаўшы і гэты этап, а пасля трапіўшы ў трэніровачны лагер, зразумела, што не жадае спыняцца і будзе змагацца да перамогі. Так і атрымалася: Насця стала фіналісткай конкурсу і народнай улюбёнкай.

— Несумненна «Х-Фактар» вельмі моцна паўплываў на маё развіццё як артысткі. Лічу, што кожны конкурс у жыцці важны і прыносіць самае галоўнае — досвед. І на кожнай памылцы, зробленай на такіх спаборніцтвах, ты вучышся. Напрыклад, стрэсаўстойлівасці. Для мяне гэта вельмі важная якасць. Бо сцэна — гэта месца, дзе можа здарыцца шмат непрадказальнага, і трэба заўсёды захоўваць здаровы розум і стрыманасць.

Калі спытаць Насцю пра любімую песню з яе рэпертуару, то яна, смеючыся і не раздумваючы, называе «Рамонкі». Бо гэтая кампазіцыя стала яе візітнай карткай, яе словы на канцэртах хорам падпяваюць і дзеці, і дарослыя. Разам з тым, дзяўчына прызналася, што ў душы яна сапраўдная рокерша. У рэпертуары артысткі ёсць песня, напісаная ў стылі поп-рок, пад назвай «Цырк», якая грэе яе душу больш за ўсё, хоць яна і менш папулярная.

— Я захапляюся тымі, хто нечага дабіваецца. Але калі казаць пра «куміраў», то іх у мяне няма. Ёсць дэталі ў розных артыстаў, людзей, якія мяне чапляюць. У кагосьці, напрыклад, крутыя касцюмы, а ў іншага тэмбр голасу. І калі мне прапануюць заспяваць дуэтам, то я заўсёды — за! Зноў жа, таму што гэта дае багаты досвед.

У Іnstagram маецца каля 15 фан-акаўнтаў, прысвечаных творчасці Насці. Артыстка заўсёды рада сваім прыхільнікам і з задавальненнем праводзіць з імі фан-сустрэчы. Як прызнаецца, «хоць і рэдка, але вельмі душэўна і трапна».

— Я ўдзячная дзяўчатам, якія вядуць мае фан-акаўнты. У іх адчуваецца шчырая любоў да мяне і маёй творчасці. Акрамя актыўнасці ў сацыяльных сетках, часта дораць розныя падарункі. У асноўным гэта штосьці мілае.

Нельга не адзначыць і яркія канцэртныя вобразы нашай суразмоўніцы. Па словах Насці, у гэтым «вінаваты» каранавірус.

— У мяне былі свае доўгія русыя валасы, але, пакуль падчас каранавіруса сядзела дома на каранціне, захацела перамен. Падышла да мамы і сказала, што хачу карэ, зрабіць чубок, пафарбавацца ў чорны і пагаліць віскі. Мякка кажучы, мама здзівілася (смяецца). З гэтага спісу маіх эксперыментаў са знешнасцю мне дазволілі толькі пагаліць патыліцу, каб пры распушчаных валасах гэта не кідалася ў вочы. Але, каб спатоліць маю прагу змен, мы з мамай пайшлі ў краму з парыкамі, абралі чорны парык са стрыжкай «карэ» і чубком. І так супала, што літаральна праз месяц пасля гэтай пакупкі быў кастынг на «Х-Фактар», куды я вырашыла паехаць у вобразе. З таго моманту і пачала эксперыментаваць з парыкамі. Зараз я прыпыніла гэта, пафарбавалася ў блонд, і мне вельмі падабаецца.

Любімым заняткам Насці з’яўляюцца шпацыры. Таму пры любой магчымасці яна імкнецца хадзіць пешшу. Артыстка прызналася, што з задавальненнем знялася б у фільме альбо агучыла б якога-небудзь персанажа мультфільма.

— Зараз вельмі шмат працую, ствараю новыя песні, і хутка выйдзе свежая кампазіцыя. Таксама ідуць здымкі кліпа на трэк «Пушкін». 

А яшчэ я вырашыла дадаць новых фарбаў у сваё жыццё і запісалася на заняткі па ігры на барабанах. Наогул, я больш люблю не расказваць пра планы на жыццё, а проста ажыццяўляць задуманае, атрымліваючы асалоду ад моманту.

Ангеліна НОВІКАВА

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.