Вы тут

Бітбоксер Ілья Данільчык распавёў падрабязнасці работы ў гэтым музычным жанры


Біты, рытмы і мелодыя... Але ўсё гэта — толькі пры дапамозе голасу чалавека. Менавіта гэты інструмент з’яўляецца асноўным складнікам бітбокса. Мы паразмаўлялі з трыццацігадовым Ільёй Данільчыкам, бітбоксерам з Баранавіч, і даведаліся падрабязнасці работы ў гэтым музычным жанры.


Бітбокс уключае ў сябе спосабы стварэння кампазіцыі пры дапамозе рота, вуснаў, горла, голасу і часам рук. Ён таксама можа ўключаць спяванне, вакальны скрэтч, імітацыю работы з круцёлкамі, гукам духавых інструментаў, струн, дыджэй-скрэтчаў... Раней бітбокс быў цесна звязаны з хіп-хоп-культурай, часта згадваўся як «пяты элемент хіп-хопа», аднак пазней абмежаванні ў стылях перасталі мець значэнне. Тэрмін «бітбокс» часам выкарыстоўваецца для абазначэння вакальнай перкусіі ўвогуле.

— З самага дзяцінства мяне цягнула ў музычнае асяроддзе. Аднак жыццё павярнулася так, што я маю сярэднюю спецыяльную адукацыю электраслесара па рамонце электрычных машын. І гэта, вядома, не тое, што прыносіць задавальненне майму сэрцу. Прыкладна ў 2007 годзе дзякуючы даступнасці інтэрнэту я адкрыў для сябе такі кірунак, як бітбокс. Менавіта там упершыню ўбачыў, як хлопец сваім голасам робіць дзіўныя рэчы. Без музычных інструментаў ён ствараў музыку! Гэта ўзарвала мозг і бударажыць маё сэрца да сёння. Наогул, я лічу, што бітбокс пры правільным яго выкананні і падачы ператвараецца з навыку ў сапраўднае мастацтва.

Першае сваё выступленне наш герой прыгадвае з асаблівым трапятаннем і цеплынёй. Гэта быў 2009 ці 2010 год, Ілья ў якасці бітбоксера выступіў у роднай баранавіцкай школе № 14, чым выклікаў сапраўдны фурор.

— Сказаць, што аднакласнікі і настаўнікі былі ў шоку — нічога не сказаць. 

Я купаўся ў промнях школьнай славы яшчэ некалькі дзён пасля выступлення. Потым з’явілася магчымасць паказаць свае здольнасці на вяселлі праз знаёмага вядучага. І я яшчэ раз пераканаўся ў тым, што хачу здзіўляць людзей і развівацца ў гэтым кірунку. Дзякуючы такім маленькім крокам стаў дастаткова вядомым бітбоксерам, якога запрашаюць на мноства мерапрыемстваў. Дарэчы, бацькі заўсёды падтрымлівалі мае ідэі, і тут тата дапамагае мне з увасабленнем ідэй.

Наш герой выступае на розных мерапрыемствах, як прыватных, так і дзяржаўных. Найбольш вядомымі з’яўляюцца «Брэнд года», «Тэлевяршыня», рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства «ProfSkіlls Belarus». Як заўважае суразмоўнік, за сямнаццаць гадоў усіх выступленняў ужо і не прыгадаеш. Акрамя таго, за плячыма ў яго не адзін прафесійны конкурс, у многіх ён займаў першыя месцы. З часам перастаў удзельнічаць у творчых спаборніцтвах. Цяпер вельмі часта выступае ў якасці запрошанага госця.

— Бітбоксінгу можа навучыцца практычна кожны і ў любым узросце. Але пры наяўнасці некаторых здольнасцяў авалодаць такім відам музычнага мастацтва будзе нашмат прасцей. А гэта пачуццё рытму, музычны слых і асновы вакальнага мастацтва. Таксама кожны бітбоксер мае свой непаўторны стыль. Ёсць адзін хлопец, падачу і ў цэлым выступленні якога я бяру як арыенцір для паспяховага прасоўвання свайго асабістага бітбокс-брэнда. Яго завуць Ілья Арэхаў. Цяпер я маю ўласнае бітбокс-шоу пад назвай «Магія голасу», дзе ствараю з нуля папулярныя трэкі пры дапамозе луп-станцыі. Гэта такі невялікі сэмплер, які накладвае гукі адзін на другі і непасрэдна голас самога бітбоксера. Яшчэ я прыдумаў некалькі цікавых імправізацый, у якіх раблю трэкі з галасоў гледачоў падчас сваіх выступленняў.

Ілья адзначае, што бітбокс дагэтуль з’яўляецца нечым дзіўным і цікавым, нестандартным і крэатыўным. Аднак у нашай краіне ён не асабліва папулярны і як кам’юніці ўжо разваліўся ў 2014–2015 гадах. Вядома, ёсць хлопцы, якія выступаюць на сцэне з бітбоксам, але іх вельмі мала.

— Я пажадаў бы пачаткоўцам-бітбоксерам у першую чаргу ісці да канца, не закідваць гэтую справу, бо вы пакуль яшчэ эксклюзіў. Апроч самой тэхнікі, займайцеся вакалам, спрабуйце некалькі музычных інструментаў. Эксперыментуйце, стварайце і не зважайце на насмешкі сяброў, аднакласнікаў, і тады ваша бітбокс-дрэва прынясе плён.

Ангеліна НОВІКАВА

Фота дадзена героем

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.