Вы тут

Буйніцкае поле: рэканструкцыя падзей


Святым месцам у гісторыі падзей Вялікай Айчыннай вайны на Беларусі, асабліва на Магілёўшчыне, лічыцца Буйніцкае поле. Фактычна тут, на паўднёва-заходніх ускраінах Магілёва, была арганізавана гераічная абарона... Менавіта тут савецкія камандзіры і чырвонаармейцы паказалі ўсю сваю мужнасць, усю сваю дзеяздольнасць у супрацьстаянні фашыстам, якія і далей планавалі пераможна ісці ў наступленні на савецкія тэрыторыі, на нашы гарады і вёскі. Планавалі з лёгкасцю пераадолець шлях, скіраваны на татальнае знішчэнне савецкага народа, знішчэнне беларусаў, рускіх, знішчэнне альбо татальны прыгнёт, татальнае падпарадкаванне прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцяў...


У Выдавецкім доме «Звязда» толькі што пабачыла свет кніга дасведчанага гісторыка і краязнаўца, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, члена Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы Мікалая Барысенкі «Буйніцкае поле. «Застацца і памерці...»

З прадмовы «Ад аўтара»: «Святое Буйніцкае поле...

Стойкасць і мужнасць салдат Чырвонай Арміі і апалчэнцаў г. Магілёва ў першыя тыдні Вялікай Айчыннай вайны на Буйніцкім полі сталі вядомыя ў ліпені 1941 года на ўсім тысячакіламетровым савецка-германскім фронце.

Мы захоўваем гістарычную памяць пра самаадданасць і самаахвярнасць абаронцаў Магілёва на працягу ўсіх пасляваенных гадоў, і асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі, калі слава Буйніцкага поля ўмацавалася і ўжо не падуладна часу. Гэта дае нагоду паставіць яго ў адзін шэраг з расійскімі ратнымі палямі воінскай славы — Куліковым, Барадзінскім і Прохараўскім. Па сутнасці, у народнай памяці яно ўжо і стала чацвёртым ратным полем.

Эмацыянальна трактаваць першапачатковы перыяд вайны, даследаваць і ацэньваць яго можна, толькі зыходзячы з канкрэтнай абстаноўкі таго часу...»

Мікалай Барысенка займаецца гісторыяй падзей, звязаных з абаронай Магілёва ў 1941 годзе, многія гады. Ён карыстаецца пры гэтым не толькі многімі ўжо вядомымі мемуарнымі крыніцамі, а вышуквае дакументы ў розных архівах, сам праводзіць пошукавыя работы ў мясцінах легендарных падзей. На старонках кнігі «Буйніцкае поле...», дарэчы, надзіва багата ілюстраванай, чытач сустрэне процьму імёнаў, адкрые для сябе шмат новага ў звязку з тэмай, якая, здавалася б, добра вядомая па ранейшых дакументальных і мастацкіх тэкстах.

Асобны раздзел кнігі — «Канстанцін Сіманаў на Буйніцкім полі». Мікалай Барысенка дэталёва апісвае прысутнасць славутага ваеннага карэспандэнта і пісьменніка, аўтара неўміручых ваенных твораў, на месцы баявых падзей. Нагадвае пра тое, што менавіта Канстанцін Сіманаў у газеце «Известия» щпершыню назваў многія імёны герояў магілёўскай абароны. Пазней двум з іх пісьменнік прысвяціў вершы — «Презрение к смерти» (памяці артылерыста-наводчыка Сяргея Палякова) і «Секрет победы» (твор прысвечаны лётчыку-знішчальніку Мікалаю Цярохіну)...

Несумненна, кніга «Буйніцкае поле: «Застацца і памерці...» Мікалая Барысенкі вартая самага шырокага прачытання, самага шырокага знаёмства, і сярод моладзі найперш. Адрасы мужнасці, драматычных выпрабаванняў нашых прашчураў не павінны забывацца. Пра іх след расказваць трэба падрабязна, іх варта паказваць усяму свету. Пра Буйніцкае поле павінны ведаць і маўклівыя сузіральнікі тых грамадска-палітычных працэсаў, якія адбываюцца ў Еўропе, у краінах, дзе звышдастаткова палітыкаў, што імкнуцца накласці свайго роду санкцыі і на нашу гістарычную памяць. Таму нядрэнна было б перавыдаць кнігу магілёўскага руплівага даследчыка (дарэчы, указамі Прэзідэнта нашай краіны Мікалай Барысенка адзначаны медалём Францыска Скарыны, ордэнам Францыска Скарыны) на іншых мовах народаў свету.

Кастусь ХАДЫКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.