Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Такія дзяржавы, як Беларусь і Казахстан, павінны мець самыя прасунутыя адносіны


Па выніках 2023 года тавараабарот паміж Беларуссю і Казахстанам склаў 1,11 мільярда долараў ЗША. У Беларусі зарэгістравана 55 прадпрыемстваў з казахстанскім капіталам, а ў Казахстане дзейнічае больш 170 аб’ектаў тавараправоднай сеткі беларускіх прадпрыемстваў. Дагаворна-прававая база, якая рэгулюе адносіны дзвюх краін, уключае больш за 80 дакументаў. Перспектывы далейшага супрацоўніцтва і магчымасці для развіцця двухбаковых адносін Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў падчас сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Казахстана ў Беларусі Ерланам Байжанавым.


Найперш кіраўнік дзяржавы падзякаваў за вялікую работу, праведзеную ў адказны для нашай краіны перыяд — электаральную кампанію. «Вы ўважліва сачылі за сітуацыяй, якая адбываецца ў Беларусі. Ведаю, што вы зараз наведваеце розныя населеныя пункты, месцы ў нашай Беларусі. Хацеў бы пачуць вашы ўражанні. Можа быць, вы нешта нам падкажаце, чаго мы не бачым, свежым поглядам заўсёды лепш відаць. Таму мы будзем вам вельмі ўдзячныя», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сустрэча з паслом праходзіць не проста — плануецца афіцыйны візіт Прэзідэнта Казахстана Касыма-Жамарт Такаева ў Беларусь. «Перагаворы пройдуць на самым высокім узроўні, зацікаўленыя асобы сустрэнуцца ў рамках гэтага візіту. Я ўпэўнены, што мільярд тавараабароту, які мы дасягнулі, пасля гэтага візіту акажацца проста смешным. Таму што краіны з такім патэнцыялам. Самыя дружалюбныя, якія знаходзяцца ў інтэграцыйных аб’яднаннях. Такія дзяржавы, як Беларусь і Казахстан, павінны мець самыя прасунутыя адносіны», — заявіў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што ўжо створаны добрыя сумесныя прадпрыемствы па вытворчасці камбайнаў, трактароў, ліфтаў. Плануецца далейшае прасоўванне беларускіх тэхналогій і стварэнне на іх аснове сумесных прадпрыемстваў у Казахстане. «У Беларусі мы гатовы падтрымліваць вас у любы момант, любыя вашы пажаданні на тэрыторыі Беларусі — для нас закон. Мы гатовы да пашырэння нашага супрацоўніцтва ў плане стварэння сумесных прадпрыемстваў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Удзялілі ўвагу і міжнароднай актыўнасці. Сёлета Казахстан старшынствуе ў Арганізацыі дагавора калектыўнай бяспекі і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. У лютым Казахстан ратыфікаваў усе дакументы аб членстве Беларусі ў ШАС. «Мы вам вельмі ўдзячны за гэта. У ліпені ў Астане адбудзецца чарговае паседжанне Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, было б вельмі сімвалічна, і мы б гэта віталі, калі б Беларусь менавіта ў Астане стала паўнавартасным членам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Мы вас будзем пра гэта прасіць. Ад старшынствуючага боку шмат залежыць. І нашаму міністэрству замежных спраў трэба актыўна папрацаваць у гэтым плане», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сённяшняе няпростае становішча ў свеце ўплывае і на Казахстан, і на Беларусь. На адносіны дзвюх дзяржаў асабліва ўплывае пагроза санкцыйнай палітыкі з боку Захаду. «Але мы супрацоўнічаем і павінны знаходзіць кірункі нашага супрацоўніцтва, не ствараючы праблем для Казахстана. Вы павінны ведаць, што мы гатовы з вамі супрацоўнічаць па ўсіх напрамках у інтарэсах вашай дзяржавы. Таму я не бачу тут вялікіх праблем, калі мы будзем рухацца ў напрамку, якія цікавяць Беларусь і Казахстан. Мы можам пераадолець не толькі санкцыі, але і любыя бар’еры і перашкоды. Вы павінны ведаць: вы для нас сябар, і разлічвайце на тое, што мы акажам вам усялякую падтрымку ў вашай дыпламатычнай місіі. Гэта нават не абмяркоўваецца», — запэўніў Прэзідэнт. 

Ерлан Байжанаў падкрэсліў, што расцэньвае сусутрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам яе асаблівы знак увагі Прэзідэнта да двухбаковага парадку дня ў адносінах Беларусі і Казахстана. «Вы спыталі аб маіх уражаннях. Я яшчэ буду працягваць паездкі. У мяне вельмі сур’ёзныя ўражанні, найперш ад тэхналагічнага развіцця і прамысловага патэнцыялу Беларусі, і вядома ж, ад людзей. Усе, ад галоўных інжынераў да простых рабочых, жадаюць развівацца далей і ў тым ліку ў кірунку Казахстана», — сказаў пасол.

У тэму

Прапаноўваецца стварыць сумесны фонд прамысловай кааперацыі

У размове з журналістамі Ерлан Байжанаў расказаў, што Казахстан зацікаўлены ў наладжванні супрацоўніцтва з такімі беларускімі прадпрыемствамі, як «Новус Індустры» з Магілёва (комплекс дрэваапрацоўчых і мэблевых фабрык), «Палімерканструкцыя» з Віцебска (кампанія, якая прапануе комплексныя рашэнні водаадвядзення і водазабеспячэння).

«Размова ідзе не проста аб гандлёвых пастаўках, а аб лакалізацыі вытворчасці. Гэта забяспечыла б больш фундаментальнае супрацоўніцтва. Таму мы арыентуем беларускіх партнёраў на такі падыход. Разумеем, што для падобнага кшталту інвестыцыйных праектаў патрэбна будзе падтрымка дзяржавы. У сувязі з гэтым я прапанаваў ідэю стварыць сумесны фонд прамысловай кааперацыі», — расказаў пасол. 

Кажучы аб перспектывах уступлення Беларусі ў ШАС менавіта ў Казахстане, Ерлан Байжанаў падкрэсліў, што падобныя рашэнні знаходзяцца ў зоне кампетэнцыі сакратарыята арганізацыі. «Казахстан вітае ўступленне Рэспублікі Беларсь у Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва. — падкрэсліў ён. — Мне здаецца, усе перадумовы для гэтага існуюць».

Пасол Казахстана ў Беларусі адзначыў, што нашы краіны шануюць агульную гісторыю. Па яго словах, Казахстан, зацікаўлены ў развіцці адносін з Беларуссю, нягледзячы на цяжкасці. «Саюзнік — гэта паняцце глыбокае і шматграннае. Тут не можа быць голага прагматызму. Саюзнік на тое і саюзнік, што па ўсіх пытаннях трэба ўзаемадзейнічаць, аказваць падтрымку. Адносіны Беларусі і Казахстана менавіта так і будуюцца. Мы разумеем усе рызыкі і трэба проста знаходзіць магчымасці для пазітыўнага ўзаемадзеяння, якое прыносіць карысць», — падсумаваў Ерлан Байжанаў. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.