Ёсць далёка на паўночным усходзе Глыбоцкага раёна прыгожае возера Доўгае. Раскінулася яно між лясоў і палёў, разлілося сцюдзёнымі водамі — амаль 7 км уздоўж і да 700 м у шырыню. І глыбокае — болей за 53 м. Чыстае, празрыстае: відаць амаль 7 м углыб. Таямнічае, бо ўзнікла тут пасля Валдайскага ледавіка. Па мясцовых паданнях, з тых самых часін пасяліліся ў яго вірах і ямах драпежныя пачвары «кракадзілы»...
«… У даўні-далёкі час у нашых мясцінах было цёмна і вільготна. І вадзіліся тут велізарныя пачварыя шчары і маманты; у сажалках боўталіся кракадзілы; лясы і балоты кішэлі рудымі змеямі – пітонамі. Наступіў ледавік, многа пачвар загінула ад холаду і няўклюднасці, бо з-за вялікай вагі яны не маглі ісці далёка і адступіць ад сцюжы на поўдзень.
Прайшоў час, растаяў лёд, зноў пацяплела ў нашых мясцінах. Вярнуліся пачвары, што былі прыстасаваны жыць у вадзе. Гэта кракадзілы, якіх нашы продкі называлі вадзянымі каровамі. Пасяліліся яны ў падводных пячорах стромкіх кручаў возера Доўгае. Не-не, а даюць аб сабе знаць. Ідзеш часам па беразе, а раптам хтосьці велізарны наперадзе плюх ў ваду. І да сярэдзіны возера, на шляху ўцёкаў спалоханай жывёлы, паўзе глыбокая смуга... А ў іншы раз так хвастом боўтне, што ледзь лодку не перакуліць.
Заўважана яшчэ, што даўжанскія пачвары любяць назіраць за маленькімі дзецьмі. Аднойчы сонечным днём вудзіў дзядзька на водмелі, а метраў за 20 ад яго дзеці забаўляліся каменьчыкамі і ракавінкамі. Раптам малыя закрычалі, а ў возеры так хтосьці баўтануўся, ажно вал узняўся на плёсе, глыбокая смуга да сярэдзіны возера пабегла. Дзеці праз слёзы расказалі, як нейкая страшыдла з разяўленай пашчай ледзь не схапіла за ногі меншага з іх...», — так гучыць адно з паданняў пра таямнічых вадзяных істот на возеры Доўгім. Праўда, пакуль ніхто асабліва іх не бачыў.
А вось рэліктавая віды ракападобных — чырвонакніжныя рачкі калянус азёрны і бакаплаў Паласа тут сапраўды ёсць. З’явіліся яны прыкладна 12 тыс. год назад, калі ўзнікла і само Доўгае — на гэтым месцы затрымаўся Валдайскі ледавік. Пакуль ён раставаў, атрымалася вузкая, глыбокая расколіна, што хутка напоўнілася талай вадой. Нізкая яе тэмпература і чысціня, што захаваліся да нашых дзён, і зрабілі магчымым існаванне калянуса і бакаплава. А сонечнае святло, што пранікае дзякуючы вялікай празрыстаці на значную глыбіню, стварыла спрыяльныя ўмовы для развіцця багатай падводнай флоры, у тым ліку рэдкіх відаў водарасцяў. Апрача таго, тут водзіцца і ўнікальная для Беларусі рыба — сняток з сямейства Сігавых, які характэрны для крыштальна чыстых азёр Карэліі і Фінляндыіі.
Астатняя падводная фаўна на Доўгім даволі звычайная: акуні, ляшчы, судакі, шчупакі, карасі, карпы, самы і інш. Прамысловая здабыча забаронена, аднак арганізавана платнае аматарскае рыбалоўства.
У 1970-я гады на беразе Доўгага пабудавалі жывёлагадоўчы комплекс, і экалагічная сітуацыя ў «беларускім Байкале» адразу пагоршылася. Скід сцёкавых вод з высокім утрыманнем хларыдаў і сульфатаў пацягнуў за сабой зніжэнне празрыстасці і бурнае цвіценне вады, памяншэнне ўтрымання кіслароду ў прыдонных пластах, заільванне дна і скарачэнне плошчаў каштоўных карбанатных сапрапеляў. Каб захаваць унікальнае возера, у 1979 годзе быў створаны аднайменны гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння.
Плошча яго складае 644,45 га і ахоплівае, апрача возера Доўгага, возера Псуя і ўрочышча «Голубаў сад». Калісьці на месцы апошняга быў велічны парк з магутнымі дубамі і рознымі экзатычнымі раслінамі, што пасадзіў у 1920-я гады былы яго ўладальнік Канстанцін Голуб. На жаль, да нашых дзён ад былой прыгажосці захавалася няшмат.
Паколькі заказнік знаходзіцца паміж населеных пунктаў, то большасць відаў жывёл, асабліва млекакормячых і птушак, тут транзітныя. Даследчыкамі зарэгістравана 77 відаў птушак (сярод іх чырвонакніжныя звычайны зімародак і вялікі крухаль). Зафіксавана 517 відаў раслін, у тым ліку 13 рэдкіх. Напрыклад, ва ўрочышчы «Голубаў сад» расце дуб чарэшчаты (некаторым дрэвам ужо споўнілася больш за 100 гадоў), ліпа драбналістая, вяз шурпаты, барбарыс, шпажнік чарапічны і інш. З жывёл можна сустрэць казулю, барсука, ваўка, бабра, ласку і інш.
Наваколле возера багата на загадкавыя лакацыі: крыжы, якія «растуць» з зямлі, дахрысціянскія магільнікі з руннымі сімваламі, дзівосныя камяні і іншыя «месцы сілы». Ды і проста жывапісных пейзажаў мноства. Нездарма ж на базе заказніка існуе некалькі экалагічных маршрутаў: пешы «Азёрны край у цэнтры Еўропы» (15 км), конны «Партызанскімі сцежкамі» (20 км), водны «Па Шошы» (49 км) і велавандроўка «Легенды беларускага Байкала» (55 км).
Аматары больш экстрэмальнага баўлення часу маюць магчымасць даследаваць падводныя нетры Доўгага. Тут арганізавалі сваю вучэбную базу беларускія дайверы. Дарэчы, менавіта яны сведчаць аб існаванні на дне і пад берагамі возера таямнічых пячор і нор, якія быццам належаць рэліктавым пачварам.
У 2007 годзе сталічныя дайверы пагрузіліся на глыбіню 51,4 м. Падчас экспедыцыі была абследавана затопленая частка старажытнага берага возера і знойдзены розныя старадаўнія прадметы побыту. Апрача таго, са дна былі падняты рэшткі раслін узростам ад 7 да 12 тыс. гадоў.
— Легенды і паданні пра васіліскаў (воранападобных пачвар, якія нібыта водзяцца ў вадаёмах) у Віцебскай вобласці — адна з галоўных тэм мясцовага фальклору, — адзначае Юрый Кміта, дырэктар заказніка. — Верыць ім ці не — уласны выбар кожнага. Аднак некалькі год таму ў Доўгім выцягнулі 12-кілаграмовага шчупака. Чым не кракадзіл? Асабліва на першы погляд. Той жа тоўсты вугор, напрыклад, можа нагадаць вялікага вадзянога пітона. Не трэба забывацца і на самоў, асобныя экзэмпляры з якіх могуць вырастаць да 2–3 м у даўжыню. Такія «пачвары» насамрэч часам палююць на гусей, сабак і іншых дробных хатніх жывёл. Легенда можа мець навуковае абгрунтаванне.
Узімку даўжанскіх істот можна не баяцца: возера, скаванае льдом, салодка спіць пад белай пухнатай коўдрай. Праўда, турысты і рыбаловы, якія не прытрымліваюцца правілаў паводзін на вадаёме ў халодны перыяд, усё ж рызыкуюць блізка пазнаёміцца з Вадзянікам. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…
Александрына ПАРШЫНА
Фота з архіва заказніка, Вікісховішча
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.