Вы тут

Чаму ў Эквадоры разгарэлася грамадзянская вайна?


Сітуацыя ў Эквадоры на слыху ва ўсім свеце. У гэтай лацінаамерыканскай краіне на два месяцы аб’яўлены рэжым надзвычайнага становішча, які быў уведзены прэзідэнтам Даніэлем Набоа. Ён назваў тое, што адбываецца ў Эквадоры, «унутраным узброеным канфліктам». Вайна аб’яўлена 22 злачынным кланам (яны налічваюць дзясяткі тысяч чалавек), у гарады ўвялі войскі. Узровень супрацьстаяння проста беспрэцэдэнтны. На вуліцах узрываюць і падпальваюць машыны, баевікі ўзброены да зубоў — ад пісталетаў да гранатамётаў. Жыццё ў гарадах спынілася. Зняволеныя бунтуюць цэлымі турмамі, звязаных наглядчыкаў саджаюць у калідорах і расстрэльваюць. Чаму ў Эквадоры разгарэлася крывавая грамадзянская вайна, чаго чакаць надалей?


Уцёкі верхаводаў

Усяго за некалькі гадоў Эквадор ператварыўся са спакойнай краіны ў дзяржаву з самым вялікім рэйтынгам злачыннасці ў лаціна-
амерыканскім рэгіёне, абышоўшы нават Мексіку і Калумбію. У параўнанні з 2019 годам індэкс забойстваў у 2023-м узрос у пяць разоў, дасягнуўшы адзнакі ў 40 смерцяў на 100 тысяч чалавек.

У пачатку гэтага тыдня 36-гадовы прэзідэнт Эквадора Даніэль Набоа, які ў канцы 2023-га заняў пасаду кіраўніка дзяржавы, апроч рэжыму надзвычайнага становішча, быў вымушаны ўвесці амністыю за перавышэнне службовых паўнамоцтваў для супрацоўнікаў сілавых структур і вайскоўцаў, каб прадухіліць беспарадкі, якія разгарэліся ў краіне. 7 студзеня эквадорская прэса праінфармавала аб уцёках з турмы строгага рэжыму лідара адной з крымінальных груповак краіны «Лос Чонерас» Хасэ Адольфа Масіяса па мянушцы Фіта. У турму строгага рэжыму ў Гуаякіле (уваходзіць у лік самых небяспечных гарадоў свету) Фіта перавялі летась у жніўні з іншай турмы, размешчанай у тым жа горадзе. Яго абвінавачваюць у адпраўцы лістоў з пагрозамі кандыдату ў прэзідэнты Фернанда Вільявісенсіа, застрэленаму за паўтара тыдня да выбараў у жніўні 2023 года.

9 студзеня стала таксама вядома аб уцёках верхавода групоўкі «Лос Лобас» Фабрыцыа Калон Піка па мянушцы Капітан, які абвінавачваецца ў падрыхтоўцы забойства генеральнага пракурора Эквадора Дыяны Салазар. На наступны дзень пасля абвяшчэння дазволу на перавышэнне службовых паўнамоцтваў у Сетцы пачалі з’яўляцца паведамленні аб сур’ёзных беспарадках як мінімум у шасці турмах Эквадора. Паступала інфармацыя аб тым, што злачынцы ўзялі служачых турмаў у заложнікі. Паведамлялася і пра іншыя выпадкі ўцёкаў зняволеных. У інтэрнэце распаўсюдзіліся відэа, на якіх зняволеныя, якія хаваюць свой знешні выгляд, ставяць на калені супрацоўнікаў турмаў, пагражаюць ім расправай і патрабуюць адмены гэтага распараджэння. «Глядзі сюды, Даніэль Набоа! Бо ты ўвёў рэжым, пры якім вайскоўцы змогуць забіваць зняволеных, калі ты пакажашся ў адной з турмаў, ты ўбачыш іх усіх мёртвымі. Мы не просім пяцізоркавыя турмы і нават не просім інтэрнэт. Мы просім права на жыццё», — гаворыць у адным з відэа чалавек з закрытым тварам. Па словах мужчыны ў кадры, відэа знята ў турме Ла Рока, у якой утрымліваўся Фіта. На фоне, хутчэй за ўсё, знаходзяцца супрацоўнікі турмы, да іх галоў і шый накіравана зброя. Яшчэ на адным з відэа, якія распаўсюдзіліся ў сацсетках, бандыт, трымаючы пісталет каля галавы ахоўніка, кажа, што цяпер вайскоўцы і паліцыя — «трафеі». «Вы абвясцілі вайну — вы атрымаеце вайну», — пагражае ён.

Самы цёмны дзень

У той жа дзень злачынцы ўварваліся ў студыю мясцовага тэлеканала TC Televіsіon у Гуаякіле. Момант нападзення трансліраваўся ў прамым эфіры. На ім відаць, што людзі, якія хаваюць пад капюшонамі свае твары, пагражаюць зброяй журналістам, у іх у руках таксама знаходзіліся выбуховыя прыстасаванні. На кадрах таксама бачныя людзі, якія закрываюць свой твар рукамі і сядзяць на падлозе, чутныя гукі, падобныя на стрэлы.

Паведамляецца, што ўсе супрацоўнікі тэлеканала былі вызвалены, а злачынцы затрыманы. «Мы вывелі ўсіх супрацоўнікаў тэлеканала, а потым унутр увайшлі тактычныя падраздзяленні. Былі арыштаваны 13 чалавек. Мы не дапусцім беспарадкаў у горадзе», — сказаў шэф эквадорскай паліцыі Сезар Сапата. Тым не менш, як гавораць мясцовыя жыхары, трансляцыя канала перарвалася пасля абеду і так і не аднавілася да раніцы 10 студзеня. На экране стаяла застаўка «Мы хутка вернемся». «Мы жывыя, хоць атака была беспрэцэдэнтна жорсткай. Яны сілай праніклі ў студыю, таму што хацелі, каб мы сказалі тое, што ім было патрэбна», — паведаміў вядучы. Аліна Манрыке, кіраўнік аддзела навін TC Televіsіon, расказала агенцтву Assocіated Press па тэлефоне: «Я ў шоку. Адзінае, што я ведаю: час пакінуць гэтую краіну і з’ехаць вельмі далёка».

Яшчэ адной мэтай злачынцаў стаў нацыянальны ўніверсітэт. Спалоханыя студэнты выбягалі з будынка, а тыя, хто не змог выбрацца на вуліцу, забарыкадзіраваліся ў кабінетах. Увесь горад спыніўся 9 студзеня ўвечары, распавяла іz. ru жыхарка сталіцы Кіта Габі. «Гэта быў цёмны дзень для нашай краіны. Пасля абеду ўсе сталі спешна вяртацца дадому — работадаўцы адпускалі сваіх супрацоўнікаў, а настаўнікі — сваіх вучняў, крамы пачалі рэзка зачыняцца. З акна было відаць, як усе людзі некуды беглі. На дарогах былі жудасныя заторы», — узгадала Габі.

За эфірам тэлеканала ў Гуаякіле са страхам сачыла ўся краіна. Пасля спынення трансляцыі людзі пачалі скардзіцца на перабоі ў руху грамадскага транспарту. Мясцовыя жыхары расказваюць таксама, што сталі сведкамі спроб абрабаваць крамы або падпаліць машыны.

Ужо а палове сёмай вечара 9 студзеня Кіта быў падобны да горада-прывід, каментуе Габі. На вуліцах не было нікога, грамадскі транспарт спыніў сваю работу, крамы былі зачынены. Па сацсетках распаўсюджваліся відэа руху танкаў па вуліцах горада. На наступны дзень большасць людзей працавалі аддалена, тым не менш крамы і грамадскі транспарт аднавілі сваю работу 10 студзеня, хоць строгі кантроль за ўсімі ўваходнымі працягнуўся.

Злачынны «хаб»

Пасля здарэння ўрад Эквадора паставіў мэту скончыць з 22 крымінальнымі арганізацыямі, якія арудуюць у краіне, прычым, як паведамляе лацінаамерыканская прэса, як мінімум 14 з іх маюць сувязі з мексіканскімі наркакартэлямі. «Скончыўся час, калі асуджаныя за наркатрафік, наёмнае забойства і арганізаваную злачыннасць паказвалі ўраду, што рабіць. Тое, што цяпер адбываецца ў турмах нашай краіны, — вынік нашага рашэння супрацьстаяць ім», — заявіў прэзідэнт Даніэль Набоа ў відэа, якое распаўсюджвалася эквадорскай прэсай. На ім ён у скураной куртцы (вобраз нагадвае той, што выкарыстоўвае прэзідэнт Сальвадора Наіб Букеле, які вядомы сваёй паспяховай кампаніяй па барацьбе са злачыннымі бандамі) тлумачыць грамадзянам свае далейшыя дзеянні па абароне краіны.

«Гэта высвятленне адносін паміж злачыннасцю і ўладамі. Злачыннасць спрабуе захаваць свае магчымасці быць адным з цэнтраў сілы дзяржавы», — адзначыў іz.ru прафесар факультэта міжнародных адносін СПбДУ Віктар Хейфец. Запыт на бяспеку быў асноўным падчас апошняй прэзідэнцкай кампаніі напрыканцы мінулага года. Галоўнымі прычынамі нестабільнага становішча ў краіне эксперты з ААН называюць высокі ўзровень разрыву паміж даходамі розных слаёў насельніцтва, бесклапотнасць сярод моладзі, а таксама прысутнасць банд і пашырэнне наркатрафіка.

«Узровень злачыннасці вышэйшы ў найбяднейшых краінах. Да таго ж у індзейскіх народаў, да якіх адносіцца Эквадор, прысутнічае традыцыя вырошчвання кокі. Гэта спрыяла развіццю наркакартэляў і наркагандлю», — кажа саветнік дырэктара Інстытута Лацінскай Амерыкі РАН Мікалай Калашнікаў. Эквадор — адзін з лідараў у Лацінскай Амерыцы па вытворчасці какаіну. Яго важнасць як злачыннага «хаба» па транспарціроўцы наркотыкаў у іншыя краіны ўзрасла з моманту заключэння мірнай дамовы паміж калумбійскімі ўладамі і групоўкай FARC у 2016 годзе (пагадненне аб спыненні агню і спыненні пераследу паўстанцаў у абмен на спыненне дзеянняў па наркатрафіку).

У пачатку гэтага года Даніэль Набоа прапанаваў правесці рэферэндум наконт новых больш строгіх мер бяспекі ў Эквадоры. Прэзідэнт мяркуе павялічыць турэмны тэрмін за цяжкія правапарушэнні — абарот зброі і забойствы, а таксама выкарыстоўваць сілы арміі для барацьбы з крымінальнымі групоўкамі ў краіне. Акрамя таго, сярод яго прапаноў было стварэнне плывучых турмаў (караблёў, прыстасаваных для ўтрымання злачынцаў) для змяншэння кантактаў сярод зняволеных. «Эквадорскія турмы даўно ўяўляюць сабой прахадны двор. Заходзь хто хочаш — вынось што хочаш. Дзеючы прэзідэнт прапанаваў узмацніць гэту сістэму. Напэўна, эквадорская злачыннасць вырашыла пайсці на апярэджанне», — лічыць Віктар Хейфец.

Крывавая барацьба

Па меркаванні палітолага, члена праўлення Расійскай асацыяцыі палітычнай навукі Уладзіміра Шапавалава, гэты канфлікт з’яўляецца праявай слабасці дзяржавы. «Такая сітуацыя характэрна не толькі для Эквадора. Яна характэрна для цэлага шэрагу іншых краін свету, краін Лацінскай Амерыкі, у якіх, на жаль, неэфектыўна функцыянуе дзяржаўная ўлада», — лічыць ён. «Даходы Эквадора выводзяцца за мяжу, усё гэта нарошчвае сацыяльнае напружанне ў грамадстве, прыводзіць да яго збяднення, што выліваецца ў масавыя пратэсты. Гэта сітуацыя ўзмацняе ўладу груповак, картэляў, банд. Улада займалася дзялёжкай вялікага пірага, вывадам капіталу ў ЗША. Усё гэта прывяло да таго, што Эквадор пачаў кіравацца бандамі. Даніэль Набоа вырашыў сітуацыю памяняць. Ён вырашыў зрабіць так, каб менавіта прэзідэнт вызначаў палітыку Эквадора, ён пачаў барацьбу са злачыннасцю, гэта пачалося яшчэ восенню», — расказаў RT гендырэктар Лацінаамерыканскага культурнага цэнтра імя Уга Чавеса Ягор Лідоўскі.

Паводле яго слоў, можа быць дастаткова пары дзён ці пары месяцаў, каб проста адвесці банды ў падполле, стварыць сітуацыю знешняй стабільнасці. «Гэта значыць, такія паўмеры. Калі Набоа сур’ёзна вырашыць выкараніць уладу наркакартэляў у Эквадоры, стварыць выразна кіраваную па вертыкалі дзяржаву, тады, магчыма, гэта вайна з арганізаванымі злачыннымі групоўкамі расцягнецца на некалькі гадоў і будзе дастаткова цяжкай, таму што яны назапасілі дастаткова вялікую колькасць узбраенняў і сіл за гэтыя сем гадоў. Але гэта адзіны шлях, як гэта можна выкараніць, паралельна паляпшаючы эканоміку. Па якім шляху пойдзе Набоа сказаць цяжка, але, мяркуючы па яго рыторыцы, ён гатовы ісці да канца ў барацьбе з крымінальнымі элементамі», — заключыў аналітык.

Прадказаць працягласць супрацьстаяння злачыннасці з афіцыйнымі ўладамі складана, адзначаюць эксперты. Тым не менш аказаць моцны ўплыў на сітуацыю ў лацінаамерыканскім рэгіёне эквадорскія беспарадкі не змогуць, лічыць Мікалай Калашнікаў. «Прыклад Калумбіі сведчыць, што барацьба, калі ў яе ўцягнутыя найбяднейшыя пласты насельніцтва, — цяжкая, доўгая, і дамагчыся ваеннай перамогі пакуль што ў Лацінскай Амерыцы нікому не ўдавалася», — заўважыў эксперт. Тым самым ён настойвае на тым, што вырашэнне канфлікту будзе залежаць ад сіл і падрыхтоўкі эквадорскай арміі, а таксама ад таго, наколькі хутка злачынныя групоўкі пагодзяцца здацца, разумеючы, што ўрад не пойдзе на саступкі.

У тэму

Аднаўленне парадку

Беларускі бок выказаў цвёрдую падтрымку ўраду Эквадора ў аднаўленні канстытуцыйнага парадку ў краіне. Аб гэтым заявіў журналістам прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Анатоль Глаз. «Беларусь выступае за прынцыпы няўхільнага захавання законнасці і правапарадку. Лічым, што іх парушэнне заўсёды прыводзіць да згубных наступстваў, разбурэнняў і трагедый. Гэта паслядоўная пазіцыя нашай краіны. У сувязі з гэтым выказваем цвёрдую падтрымку ўраду Рэспублікі Эквадор у аднаўленні канстытуцыйнага парадку ў сваёй краіне і падтрымліваем легальныя намаганні дзяржаўнай улады, накіраваныя на больш хуткае пераадоленне існуючай крытычнай сітуацыі і аднаўленне міру і спакою як на эквадорскіх вуліцах, так і ў эквадорскім грамадстве ў цэлым», — падкрэсліў Анатоль Глаз.

Міністэрства замежных спраў рэкамендавала беларусам устрымацца ад наведвання Эквадора ў сувязі з пагаршэннем крымінагеннай абстаноўкі. У МЗС звярнулі ўвагу грамадзян, якія знаходзяцца цяпер у гэтай краіне, на неабходнасць няўхільна прытрымлівацца рэкамендацый мясцовых улад. Найбліжэйшая беларуская дыпмісія знаходзіцца ў Калумбіі.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.