Вы тут

На Гомельшчыне працягваецца маніторынг паводкавага становішча


«100 разоў падумайце, калі скарачаеце шлях дадому, каб не скараціць жыццё...»: заклікае, падкрэслівае, просіць прыслухацца да парады начальнік Веткаўскай ратавальнай станцыі Таварыства ратавання на водах Сяргей Сілкін. Ён звяртае ўвагу, што ратавальнікі ва ўсіх рэгіёнах краіны б’юць трывогу: жыхары сельскіх населеных пунктаў паблізу вадаёмаў, здараецца, вырашаюць скараціць шлях дадому і прайсці напрамкі па лёдзе.


У Веткаўскім раёне для супрацоўнікаў ратавальнай станцыі Таварыства выратавання на водах цяпер асаблівы клопат — папярэдзіць ад неабдуманых паводзін на замёрзлай «вялікай вадзе» жыхароў пасёлка Палянаўка, што тэрыторыі Хальчанскага сельсавета.

Нагадаем, што ў мінулым годзе пры гэтым населеным пункт не раз выходзілі матэрыялы «Звязды». Год таму, у студзені, калі нетыпова высокія тэмпературы і моцныя дажджы сталі прычынай паводкі ў шэрагу раёнаў Гомельшчыны, у Веткаўскім раёне з-за разліву Сожа і возера Чэчаль аказалася падтопленай адзіная дарога, што вядзе да Палянаўкі і найбліжэйшага садовага таварыства.

Ужо ў гэтым годзе на мінулым тыдні ратавальнікі адзначалі, што ўзровень паводкавых вод на гэтым участку можа зраўняецца з агараджальнай дамбай. Калі б рост узроўню вады працягнуўся, у раёне, з-за рызыкі падтаплення ўчастка дарогі ў населены пункт, давялося б уводзіць надзвычайнае становішча. Цяпер, дзякуючы маразам, сітуацыя стабілізавалася. Але гэта тэрыторыя раёна застаецца на пастаянным кантролі ратавальнікаў. 

— З-за блізкага размяшчэння ракі і возера да пасёлка Палянаўка гэтая тэрыторыя аднесена да патэнцыяльна небяспечнай. Звяртаем асаблівую ўвагу мясцовых жыхароў, што па дарозе да пасёлка нельга зразаць шлях па замёрзлай вадзе, — тлумачыць Сяргей Сілкін. — У мясцовых жыхароў ёсць такая спакуса, бо шлях па рацэ скарачаецца амаль утрая. У некаторых месцах у сувязі з прытокам вады з ракі Сож з’явілася плынь. Гэта небяспечна тым, што аслабляецца лёд, плынь, як мы кажам, злізвае ніжнюю частку лёду. Паверхня здаецца суцэльнай, але гэта ўжо не так.

Каб адсочваць сітуацыю і быць гатовымі да любога варыянту развіцця сітуацыі, супрацоўнікі Веткаўскай ратавальнай станцыі сістэматычна манітораць узровень вады ў вадаёмах.

— Кантралюем узровень Сожа па зводцы гідрапаста Гомеля і гідрапаста па рацэ Бесядзь у Свяцілавічах. Акрамя гэтага мы кантактуем з мясцовым насельніцтвам пасёлка і абавязкова на сувязі з памочнікам старшыні Хальчанскага сельсавета па Палянаўцы, — дадае начальнік Веткаўскай выратавальнай станцыі.

Між тым, у раёне штогод у зімовы перыяд на асаблівым кантролі супрацоўнікаў Таварыства выратавання на водах — вадаёмы, дзе магчымы выхад на лёд дзяцей.

— У нас у горадзе Ветка каля дзвюх школ размешчаны вадаёмы. Штодзень падчас сумесных рэйдаў разам з МНС, супрацоўнікамі міліцыі, аддзелам адукацыі раёна маніторым гэтыя аб’екты. Акрамя гэтага ў спісе патэнцыяльна небяспечных месцаў — вадаёмы, дзе штогод масава на лёд выходзяць рыбакі. Маніторым абавязкова возера Арэхаўка і ўрочышча Шубіна — затока ракі Сож. На гэтыя вадаёмы прыязджаюць аматары рыбалкі з усёй вобласці. Аднамаментна тут могуць знаходзіцца ад пяцідзесяці да ста чалавек. Цяпер падчас рэйдаў абавязкова звяртаем увагу людзей, што па законе на вадаёме яны абавязаны знаходзіцца ў выратавальнай камізэльцы, — падкрэслівае Сяргей Сілкін.

Толькі падчас апошняга сумеснага рэйду веткаўскімі ратавальнікамі былі выяўлены 11 парушальнікаў правілаў бяспекі знаходжання на вадаёме. Па кожным з іх супрацоўнікамі Таварыства ратавання на водах складзены карткі парушэння, якія перадаюцца на ўзровень вобласці. У далейшым факт парушэння чалавекам будзе абавязкова адпрацаваны з інжынерам па ахове працы па месцы працаўладкавання парушальніка.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Веткаўскай выратавальнай станцыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.