Вы тут

Аляксандр Кудраўцаў — пра дэпутацкую работу на працягу двух скліканняў, праблемы і іх вырашэнне, набыткі і досвед


Дырэктар сярэдняй школы № 2 горада Кобрына Аляксандр Кудраўцаў на працягу двух апошніх скліканняў быў дэпутатам раённага Савета. Больш таго, абодва разы калегі аказвалі давер і абіралі Аляксандра Яўгенавіча намеснікам старшыні раённага Савета. Сённяшняя наша размова пра тое, што можа зрабіць дэпутат мясцовага Савета, а таксама пра работу з выбаршчыкамі і з моладдзю, пра карысць гэтай работы для асабістага росту і развіцця.


— Абодва скліканні я працую ў адной і той жа акрузе, геаграфічна гэта тэрыторыя на поўдзень ад нашай ўстановы адукацыі, — пачынае расказ Аляксандр Яўгенавіч. — Гэта ўжо далёка не цэнтр горада. У акругу ўваходзяць і кварталы шматпавярховікаў, і прыватны сектар, тут размяшчаюцца прадпрыемствы і арганізацыі, адукацыйныя, спартыўныя ўстановы. Скажам, сустрэчы з выбаршыкамі, прыёмы грамадзян за гэты час праходзілі ў спартыўнай установе «Атлант», каледжы бытавога абслугоўвання, у зале прадпрыемства «Райаграсэрвіс». А паколькі я намеснік старшыні райсавета, то даводзіцца разглядаць звароты грамадзян з усяго раёна і горада, а не толькі сваёй акругі.

— І якія ж тэмы зваротаў сустракаюцца найчасцей? Як паказвае практыка прыёмаў кіраўнікоў выканаўчых органаў улады на розных узроўнях, даволі часта грамадзяне ўздымаюць пытанні ЖКГ, добраўпарадкавання, дарог. Да дэпутата ідуць з такімі ж праблемамі?

— Так, найбольш часта людзі звяртаюцца з праблемамі ў рабоце жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Асабліва многа такіх зваротаў было ў папярэднім скліканні. Бывалі выпадкі, што разам са спецыялістамі гэтай арганізацыі літаральна лазілі па падвалах з працечкай каналізацыйных труб, хадзілі па кватэрах, у якія не паступае як след цяпло. Бо гэта найважнейшыя пытанні забеспячэння жыццядзейнасці людзей: падобную скаргу не пакінеш на потым. Варта сказаць, што праблемы вырашаліся, такі досвед таксама каштоўны: пачынаеш разумець, якая гэта складаная сістэма — жыллёва-камунальная гаспадарка горада, як няпроста забяспечыць дакладнае функцыянаванне яе розных галін, колькі сродкаў і намаганняў патрэбна.

Можна згадаць, як у пачатку дэпутацкай работы выклікалі пэўнае здзіўленне пытанні, на першы погляд, дробязныя. Напрыклад, аднаму суседу перашкаджае наяўнасць у другога суседа ката ці сабакі, альбо суседзі не могуць падзяліць, умоўна кажучы, метр зямлі на мяжы ўчасткаў. Але ж, калі пачынаеш унікаць у сутнасць праблем, то разумееш, што яны насамрэч не дробязныя, а глыбейшыя. Гаворка ідзе пра адносіны людзей у соцыуме, пра агульную культуру грамадзян, уменне будаваць камунікацыі. Стараешся размаўляць, пераконваць, наводзіць на думку аб большай цярпімасці альбо ўменні знаходзіць кампраміс. Па спрэчных зямельных пытаннях даводзілася прыцягваць землеўпарадкавальныя службы, выязджаць на месцы.

— Ну і якія высновы рабіў дэпутат пасля падобных сустрэч і выездаў?

— Калі ўдавалася нават не вырашыць пытанне, а па-добраму пагаварыць з чалавекам, заклікаць яго паглядзець на праблему з іншага боку і пераканацца, што яна не такая ўжо значная, глабальная, — і чалавек пагаджаўся, то я адчуваў пэўнае задавальненне. Умоўна кажучы, не абавязкова ж судзіцца за той злашчасны метр зямлі. Можна, напрыклад, паглядзець, як вырашалі гэту праблему бацькі — часцей за ўсё пытанні ўзнікаюць на ўчастках, якія перайшлі ў спадчыну — і дамовіцца. Не скажу, што заўсёды, але часам усё ж удавалася дастукацца да свядомасці людзей.

Вядома, у дэпутата няма грошай, каб пракласці кіламетр асфальту альбо ўладкаваць тратуар, але ж на дэпутацкія запыты, якія я накіроўваў у самыя розныя арганізацыі, заўсёды прыходзілі канструктыўныя адказы. Бывала, што пытанні вырашалі, у іншых выпадках, тлумачылі, чаму нельга зрабіць, інфармавалі, калі стане магчыма зноў звярнуцца да ўзнятага пытання.

— Што найбольш непакоіць дэпута-педагога Кудраўцава?

— Мне заўсёды былі вельмі важныя стасункі з людзьмі, любыя камунікацыі. Скажам, калі дзіця па нейкай прычыне пераходзіць у нашу школу, я доўга гутару з бацькамі, мне важна даведацца, якія праблемы іх хвалююць, чым жыве сям’я. А калі камунікуеш па-за школай, атрымліваеш яшчэ больш інфармацыі для роздуму найперш як для педагога, выхавацеля. Сённяшнія нашы вучні — заўтрашнія грамадзяне, выбаршчыкі.

Асабліва мяне як педагога непакоіць мікраклімат у маладзёжным асяроддзі. Паводзіны маладых людзей у соцыуме, у грамадскіх месцах адлюстроўваюць гэты мікраклімат. І на пэўным прамежку часу даводзілася змагацца з негатыўнымі з’явамі ў межах маёй акругі. Бо здараліся праяўленні непаважлівых, нават, я б сказаў, хамскіх паводзін у дачыненні да дарослых людзей. Апошняе давялося назіраць побач з інтэрнатам каледжа. Я сам праходзіў паблізу і ўбачыў такія праявы нявыхаванасці. Нават адзінкавыя падобныя выпадкі нельга пакідаць без увагі.

— І як вы рэагавалі?

— Перш-наперш спыняў такія выхадкі, рабіў заўвагі. Ну а потым вяртаўся да гэтай тэмы ў рамках модных цяпер дыскусійных пляцовак. Лічу ўдачай, калі атрымаецца выцягнуць на размову ўсіх удзельнікаў сустрэчы. Як правіла, спачатку прымаюць удзел больш актыўныя дзеці, з ліку добрых вучняў. Але ж калі ўдаецца зачапіць, то пачынаюць задаваць пытанні, уступаюць у дыскусію і астатнія. Пра тыя хамскія выпадкі — гэта без варыянтаў — іх асуджала ўся аўдыторыя. А вось іншыя моманты... Прыходзіў да высновы, што гэта і нашыя недапрацоўкі: педагогаў, бацькоў — што юнакі і дзяўчаты часам не ведаюць гістарычных фактаў, не валодаюць заканадаўчымі нормамі. Калі пачынаеш размаўляць, то і выяўляеш агрэхі выхавання, асветы.

Дыскусійныя пляцоўкі часам праходзілі не проста актыўна, а з даволі высокім градусам напружання. Ну, скажам, маладыя людзі ставілі пытанне так: «Што я раблю дрэннага, калі ўжываю вэйп?» альбо «Што дрэннае ў тым, што выйду і пастаю на плошчы?» Звычайна я адказваю так: «Вы можаце рабіць усё, што заўгодна. Але ж вы павінны ўсведамляць меру сваёй адказнасці. У выпадку з вэйпамі вы, перш за ўсё, рызыкуеце сваім здароўем, а таксама можаце перашкаджаць тым людзям, якія побач. А калі хочаце выйсці на плошчу, каб нейкім чынам абазначыць сваю пазіцыю, то гэта варта рабіць у рамках закона». І далей мы разбіраем, дзе яны бяруць інфармацыю на тую альбо іншую тэму. Высвятляеццца, што ледзь не на 99 працэнтаў — у інтэрнэце і ў стасунках адно з адным. Тады я раю ім не спяшацца з ацэнкамі, вывадамі, а пагаварыць з бацькамі, педагогамі, потым звярнуцца да сваіх аўтарытэтаў у інтэрнэце, а ў канцы ўважліва пачытаць заканадаўчыя акты. І толькі пасля гэтага можна зрабіць выснову, ці патрэбна ім тое, аб чым так павярхоўна меркавалі напачатку. Пасля гэтага, як правіла, яны пачынаюць разважаць, думаць, а гэта ўжо добра. Таму я заўсёды выкарыстоўваю любую магчымасць паўдзельнічаць, калі гаворка ідзе пра дыскусійныя пляцоўкі.

— Што, на ваш погляд, галоўнае ў пытаннях выхавання асобы, грамадзяніна?

— Паводле майго глыбокага пераканання, дзеці такія, якімі мы іх выхавалі. Мяне нярэдка пытаюць нават былыя выпускнікі: «А што, праўда, цяперашнія школьнікі горшыя за былых, імі цяжка кіраваць, менш матываваныя да вучобы, менш дысцыплінаваныя?» Я адказваю, што гэта памылковае, павярхоўнае меркаванне. Дзеці заўсёды дзеці. Калі бацькі больш занятыя забеспячэннем сям’і, — менш увагі ўдзяляюць выхаванню дзяцей. У іншых выпадках узровень дастатку не такі, як хацелася б, і апошняе тым ці іншым чынам праяўляецца ва ўзаемаадносінах у дзіцячых калектывах, узнікаюць пытанні з вучобай, дысцыплінай. Паўтараю, узровень выхаванасці, маральнасці, правасвядомасці нашага юнага пакалення цалкам залежыць ад дарослых. Аб гэтым ужо гавару з бацькамі не толькі на бацькоўскіх сходах, але і на сустрэчах з выбаршчыкамі, у працоўных калектывах. Дарэчы, бацькоўскія сходы ў нашай школе апошнім часам праходзяць даволі актыўна. На іх таксама абмяркоўваем актуальныя праблемы гарадскога жыцця.

Вось і змест работы школьнага лагера працы і адпачынку мы таксама ўзгадняем на бацькоўскім сходзе. Наш лагер ужо некалькі гадоў запар займае першае месца ў краіне сярод падобных форм адпачынку. І мой статус дэпутата таму спрыяе.

— Якім чынам?

— Што ўяляе сабой гэты лагер? Падбіраецца 50 чалавек, вучняў старэйшых класаў, якія дзевяць дзён пражываюць у палатках на тэрыторыі школы. Падлеткі выконваюць пасільную работу, якую прадастаўляе раённы цэнтр занятасці. Акрамя таго, мы арганізоўваем ім вольны час, багатую культурную, забаўляльную праграмы. 

А вось выхаваўчыя мерапрыемствы праводзяцца не ў форме лекцыі альбо гутаркі настаўніка, а найперш як жывыя сустрэчы з цікавымі суразмоўцамі. Старшакласнікі з задавальненнем гутараць з людзьмі, якія дабіліся пэўных поспехаў у жыцці, якія займаюць прыкметныя пасады. Такім чынам мне ўдавалася запрасіць у лагер асобных кіраўнікоў раёна, дэпутатаў розных узроўняў. Скажам, у нас быў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Васіль Мікалаевіч Дземідовіч — таксама педагог, які ўмее весці гутарку з маладым пакаленнем. Нашым дзецям было цікава сустракацца з такімі людзьмі, яны задавалі шмат пытанняў. Потым названыя сустрэчы абмяркоўваюцца, успамінаюцца. А дарослыя спікеры часам на рознага ўзроўню нарадах прыводзяць прыклады сваіх стасункаў, размоў у лагеры. Хто ведае, можа, вось гэтыя сустрэчы паўплываюць на нейкія рашэнні, якія будуць прымацца ў далейшым. Такім чынам ажыццяўляецца яшчэ адна форма зваротнай сувязі, у важнасці якой я не адзін раз меў магчымасць пераканацца падчас сваёй дэпутацкай работы.

— А чым гэтая работа стала карыснай для вас як кіраўніка, асобы, педагога?

— Гэта вельмі карысны досвед, магчымасць пашырыць свой кругагляд, гэта дадатковыя нагоды для ўсебаковага развіцця асобы... Пералік можна працягваць. Адна справа, калі ты варышся ў сваёй прафесійнай кухні, а другая, калі прыходзіш на сесію, рыхтуеш пытанне да разгляду, камунікуеш з кіраўнікамі іншых устаноў і арганізацый раёна. Скажам, за два скліканні мы выязджалі ў розныя населеныя пункты раёна, вывучалі пытанні навядзення парадку на зямлі, аховы лясоў і набярэжных зон, работы самых розных служб, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва. Я глыбей і лепш пазнаў свой раён.

Некалькі гадоў у нас, як і ў іншых раёнах, выбіраецца маладзёжны парламент. Мне цікава размаўляць з маладымі людзьмі, якія ўмеюць мысліць, выказваюць крэатыўныя ідэі і прапановы.

Ну і ў практычным плане дэпутацкая работа прыносіць вынікі: ты атрымліваеш навыкі больш шырокага, рознабаковага падыходу да вырашэння пытанняў. Пра лагер працы і адпачынку я згадваў. У нас паўтара года таму каля школы ўладкавалі стадыён са штучным пакрыццём. А папярэднюю работу па падрыхтоўцы, добраўпарадкаванні ў якасці спонсараў правялі прадпрыемствы горада. Паспрыялі калегі-дэпутаты.

Час ад часу мяне пыталі, маўляў, навошта табе гэта, са школай клопатаў хапае. Яно так, але я па жыцці быў актыўным чалавекам. Мне не ўсё роўна, што адбываецца ў маім горадзе, у маім мікрараёне, на маёй вуліцы. Таму і дэпутацкія абавязкі не здаваліся цяжарам, лішняй нагрузкай. Я заўсёды з задавальненнем сустракаюся з людзьмі, адчуваю вялікую радасць, калі ўдаецца хоць трохі дапамагчы чалавеку. А стасункі, несумненна, узбагачаюць. 

Новым дэпутатам, якія прыйдуць нам на змену, хачу пажадаць быць актыўнымі, нераўнадушнымі, тады ўсё атрымаецца. Варта памятаць народную мудрасць, што пад ляжачы камень вада не цячэ. Кобрын — вельмі прыгожы, дагледжаны горад з багатай гісторыяй. Для яго развіцця, падтрымання, узбагачэння гарадскога жыцця патрэбныя людзі з новымі ідэямі, шырокім кругаглядам, такіх дэпутатаў хацелася б бачыць у новым скліканні.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: kobrincity.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.