Вы тут

Салата «Рафаэла», грузінскі суп і карысныя парады для барацьбы з харчовай моллю


Салата «Рафаэла»

Спатрэбіцца: філе курынае — 300 г, грыбы — 300 г, яйкі — 4 шт., сыр — 150 г, морква па-карэйску — 150, цыбуля — 1 шт., алей для смажання, зяленіва для ўпрыгожвання.

Філе заліваюць кіпенем, зноў даводзяць да бурлення і адключаюць, само дойдзе пад вечкам. Рэзаць яго не трэба, парвіце рукамі.

Здрабніце грыбочкі, затым цыбуліну, і — на патэльню з алеем. Смажым.

У вараных яек акуратна аддзяляем жаўткі ад бялкоў. Здрабніць жаўткі, асобна нарэзаць на чацвярцінкі бялкі. Сыр дробна надзерці.

Збіраем салату пластамі: курынае філе і маянэз, грыбы, смажаныя з цыбуляй, і маянэз, морква, верхні пласт — жаўткі і маянэз.

Раскласці кавалачкі варанага бялка па перыметры талеркі. Сярэдзіну пасыпаць надзёртым сырам і нарэзаным зяленівам.


Грузінскі суп

Спатрэбіцца: чырвоная кансерваваная (ці проста вараная) фасоля — 800 г, цыбуля рэпчатая — 200 г, бульба — 350 г, часнок — 4 зубкі, масла — 30 г, алей і таматная паста — па 2 ст. л, вада — 800 мл., кінза свежая — 15 г, хмелі-сунелі — 1 ч. л., шматкі чырвонага перцу чылі —  1 ч. л., чорны мелены перац — 0,5 ч. л., соль — 1-2 ч. л.

Разаграваем у рондалі з тоўстымі сценкамі алей і дадаём да яго масла, абсмажваем дробна нарэзаную цыбулю да празрыстасці.

Затым дадаём у рондаль нарэзаную кубікамі бульбу і ўліваем ваду. Змешваем, даводзім да кіпення і пад вечкам варым 15 хвілін на слабым агні. Затым дадаём чырвоную фасолю разам з сокам.

Туды ж кладзём таматную пасту, высыпаем шматкі чылі, чорны перац, хмелі-сунелі. Змешваем, даводзім да кіпення і варым усё 10 хвілін на слабым агні. Апошняя рыска: пасыпаем суп здробненай кінзой і часнаком, частку супу пюрыруем, змешваем з другой часткай і можна разліваць па талерках.

Падавайце абавязкова гарачым і са свежым хлебам.


Бульбачка «Пальчыкі абліжаш»

Спатрэбіцца: бульба — 10 шт. сярэдняга памеру; часнок — 3 зубчыкі; масла — 100 г; смятана 15% тлустасці — 3 ст. л; цвёрды сыр — 100 г; соль на смак і на кончыку нажа мускатны арэх.

Абіраем бульбу і наразаем буйна. Выкладаем яе ў форму для запякання.

Асобна трэба змяшаць здробнены часнок, смятану, сыр надзёрты, масла. Пасаліць і дадаць мускатны арэх. Ён надасць бульбе прыемны смак.

Атрыманую падліўку выліваем на бульбу. Добра змешваем. Лепш накрыць форму фольгай. Выпякаем пры 180 °С каля гадзіны да мяккасці. Залежыць ад таго, наколькі буйна вы парэзалі бульбу.

Можна дадаткова гатовую бульбу пасыпаць сырам. Есці яе лепш адразу, пакуль не астыла.


Надакучлівая харчовая моль

Ад з’яўлення харчовай молі на кухні, на жаль, ніхто не застрахаваны. Аднак добрая навіна заключаецца ў тым, што ёй неабавязкова станавіцца вашым пастаянным «арандатарам».

Гэтыя насякомыя могуць з’явіцца, калі доўга захоўваць крупы адкрытымі. Але могуць распаўсюдзіцца і ў выпадку, калі вы прынеслі з крамы прадукт, у якім ужо пасяліліся лічынкі.

Харчовая моль — сама назва ўжо гаворыць пра тое, дзе яе шукаць, аднак важна ведаць, што пасля з’яўлення яна імкнецца зрабіць сабе дом у якіх-небудзь шчылінах, напрыклад, у кутах кухонных шафаў.

Пачніце з пошукаў ачага

Каб вынік барацьбы быў дзейсным, неабходна пачаць з пошуку гнязда лічынак. Праверце ўсе цёмныя месцы і куткі на кухні: ліштва, унутраныя куты шафаў, хлебніцы і таму падобнае. Калі такое месца выяўлена, неабходна ад яго пазбавіцца. Пыласос стане добрым памагатым. Можна абысціся шчоткай і мяшком для смецця, але тут важна сачыць за тым, каб смецце было вынесена своечасова і шкоднікі не паспелі зноў выбрацца вонкі.

Затым надыходзіць другі этап — рэвізія прадуктаў. Хоць харчовую моль яшчэ называюць мучной і збожжавай, назва крыху ўводзіць у зман, бо гэты паразіт можа жыць не толькі ў крупах, але практычна і ў любым сухім харчовым прадукце, нават у гарбаце і сухіх сняданках. Калі дзесьці заўважылі штосьці падобнае на тонкую нітку ці павуцінне, то можаце быць на 100% упэўненыя, што менавіта там знаходзяцца лічынкі, якія праз час ператворацца ў назойлівых лятучых насякомых.

Народныя метады

Пасля знішчэння асноўных ачагоў і ўтылізацыі пашкоджаных насякомымі прадуктаў можна распачаць прафілактычныя меры, каб гісторыя не паўтарылася.

Кухонныя шафы і месцы, дзе вы выявілі ачагі, варта вымыць. Ніякія спецыяльныя інструменты не патрэбны. Самая звычайная мыльная вада вельмі эфектыўная. Толькі перад гэтым пераканайцеся, што ні ў адной шчыліне сапраўды не засталося паразітаў, бо ў адваротным выпадку яны нават пасля мыцця могуць хутка вярнуцца ў вялікай колькасці.

Калі пад рукой няма мыла, дапаможа і моцны воцатны раствор. Тут улічыце, што прапорцыі павінны быць прыкладна 1:1, а пасля мыцця шаф памяшканне неабходна праветрыць.

Каб насякомыя не вярнуліся:

  • Захоўвайце ўсе сухія прадукты ў шчыльных герметычных кантэйнерах, напрыклад, у шкляных ці цвёрдых пластыкавых.
  • Не стварайце вялікія запасы, якія будуць захоўвацца месяцамі, калі не можаце забяспечыць іх захоўванне ў кантэйнерах, згаданых вышэй.
  • Харчовая моль не любіць пах лаванды, лаўровага ліста, тытуню. Вы можаце паставіць гэтыя травы побач і ў кухонных шафах.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.