Вы тут

Як не даць «атруціць» сябе таксічнымі адносінамі


Сёння часта чуеш выразы: «таксічныя адносіны», «таксічныя людзі». У чым іх небяспека? Што пад гэтым разумеюць спецыялісты? Як не даць партнёрам, калегам, знаёмым сябе «атруціць»? Ці можна самастойна здзейсніць «дэтокс»?

Гутарым пра гэта з магістрам псіхалогіі Наталі Свірыдавай.


Фота з адкрытых крыніц

— «Таксічны» — модны сінонім слова «непрыемны» або спецыяльны тэрмін, які прадугледжвае канкрэтныя прыкметы?

— У класічнай акадэмічнай псіхалогіі няма тэрміна «таксічныя адносіны». Гэтае азначэнне прыйшло да нас каля 20 гадоў таму з ЗША і абазначае небяспечныя для псіхічнага і саматычнага здароўя асобы адносіны, у якіх дамінуюць негатыўныя эмоцыі. Партнёр (або абодва партнёры) рэгулярна падманвае, крыўдзіць, абражае, выкарыстоўвае іншага. Вышэйшая ступень таксічнасці — аб’юзіўныя адносіны: яны могуць выяўляцца на фізічным (у тым ліку сексуальным), псіхаэмацыянальным, фінансавым узроўнях. Мэта аб’юзера — дамінаванне і кантроль над чалавекам, якіх дамагаюцца шляхам маніпуляцый, звычайна праз пачуццё віны і сораму.

— Імкненне дамінаваць і кантраляваць — галоўны маркер аб’юзера або любога таксічнага чалавека? Ці ёсць яшчэ нейкія прыкметы, характэрныя для псіхалагічнага партрэта такіх людзей?

— Таксічнасць — больш шырокае паняцце. Для аб’юзераў характэрна яшчэ адсутнасць эмпатыі: яны не ўмеюць спачуваць, іх хвалююць толькі ўласныя пачуцці і інтарэсы. Сваё добрае стаўленне яны дэманструюць толькі ў тых выпадках, калі ім нешта патрэбна. Такія людзі грэбуюць перажываннямі іншых (гэта называецца неглект), ставяць іх пачуцці пад сумненне, скажаюць факты, навязваюць сваё бачанне рэальнасці (гэта вызначаюць словам газлайтынг). Аб’юзер абмяжоўвае партнёра ў грошах, і пры гэтым перашкаджае яму развівацца, станавіцца фінансава незалежным, часта падвяргае яго не толькі крытыцы, але і абразам, здзекам, абясцэньванню. Усе аб’юзеры глыбока таксічныя.Пры тым проста таксічныя людзі могуць і не быць аб’юзерамі, але яны ва ўсім бачаць негатыў, увесь час за нешта асуджаюць іншых, часта пляткараць. Для такіх людзей існуюць толькі два пункты гледжання: іх уласны і няправільны. Яны не ўмеюць дамаўляцца, імкнуцца найперш браць, а не аддаваць.

— Аб’юзерамі нараджаюцца ці становяцца?

— Многае ў паводзінах такіх людзей тлумачыцца дзіцячымі траўмамі, халоднасцю бацькі і (або) маці, адсутнасцю эмацыянальнага кантакту з імі. Вырастаючы, яны кампенсуюць дзіцячыя крыўды, дэфіцыт бацькоўскай увагі да сябе, імкнучыся заняволіць іншага чалавека.

— Чаму з аб’юзерамі наогул згаджаюцца ўступаць у адносіны, калі іх небяспека, здавалася б, відавочная?

— Адразу разглядзець аб’юзера не заўсёды бывае проста. Калі, напрыклад, мужчыны (часцей за ўсё менавіта яны) зацікаўлены ў адносінах, то спачатку яны могуць здавацца на здзіўленне прыемнымі, абыходлівымі, галантнымі, дэманстраваць жанчынам сваё захапленне, прадбачыць іх жаданні, усяляк песціць, абсыпаць дарагімі падарункамі. А калі «нажыўка» заглынаецца, такі «прынц» з прыемнай «цёплай ванны» выштурхвае сваю ахвяру пад «халодны душ»: пачынае кантраляваць, дыктаваць, з кім трэба сябраваць і сустракацца, дзе працаваць, чым займацца ў вольны час.

«Пастка» гэтых адносін яшчэ ў тым, што аб’юзеры становяцца часам крыніцай моцных эмоцый для сваіх спадарожніц ці спадарожнікаў. У некаторых жанчын узнікае глыбокая псіхаэмацыйная, а часта нават біяхімічная прыхільнасць да сваіх тыранаў. Каб вярнуць іх ранейшыя добрыя адносіны і захапленне, заслужыць ухвалу, ахвяры імкнуцца дагадзіць агрэсарам. Часам жанчыны нават правакуюць партнёраў на чарговыя канфлікты. І хоць такія эмацыянальныя «арэлі» наносяць відавочную шкоду і псіхічнаму, і саматычнаму здароўю, некаторыя становяцца залежныя ад іх, паколькі выкід адрэналіну дазваляе адчуваць нейкае задавальненне.

— Ці можна выйсці з такіх адносін самастойна, усвядоміўшы іх згубнасць і праявіўшы волю? Альбо без дапамогі спецыяліста ў такіх выпадках не абысціся?

— Знайсці ў сабе сілы спыніць такія адносіны і ніколі да іх не вяртацца здольныя далёка не ўсе. Для гэтага патрэбны і намаганні, і час. Ахвярамі аб’юзераў становяцца самыя розныя жанчыны, у тым ліку і адукаваныя, і знешне цалкам паспяховыя. Але часцей тыя, хто фінансава залежны, каму цяжка знайсці апору ў сабе, выбудаваць баланс улады ў адносінах, хто не ўмее казаць цвёрдае «не», калі нешта не задавальняе. Пасля сумеснага жыцця з аб’юзерам у іх партнёраў прыкметна пакутуе самаацэнка, вырастае ўзровень трывогі, ім цяжка адстойваць свае межы. На мой погляд, без дапамогі спецыялістаў цяжка самастойна пераадолець наступствы аб’юзу і пачаць новае жыццё.

— Не выключана, што хтосьці палічыць свайго спадарожніка «аб’юзерам» і запатрабуе разводу толькі таму, што пасля цукерачна-букетнага перыяду наступілі будні, мужчына дазволіў сабе крыху крытыкі або ў сілу аб’ектыўных прычын некалькі «зрэзаў» фінансаванне.

— Ніхто не кажа аб тым, што трэба перарываць адносіны пасля першага ж канфлікту. Спачатку варта пагаварыць з партнёрам пра тое, што вас перастала задавальняць. Калі мужчына вас чуе, абмяркоўвае праблему, прызнае свае памылкі, просіць прабачэння за засмучэнні і боль, якую прычыніў, то гэта, зразумела, — прыкметы здаровай асобы. Аб’юзер часам таксама можа стварыць бачнасць дыялогу, але праз час абавязкова зноў возьме сваю «каханачку» пад кантроль, пачне яе абясцэньваць, культываваць пачуццё віны і сораму.

Часта ж агрэсары нават не ўступаюць у дыялог. «Ты нічога не разумееш, ты вар’ятка, усё скажаеш, усё перабольшваеш. Няма чаго табе фантазіраваць, рабі, як я кажу, і ўсё будзе добра» — вось звыклы для іх адказ сваім ахвярам. У гэтых выпадках трэба спыняць адносіны: такія людзі не зменяцца.

— Таксічнымі могуць быць адносіны не толькі з партнёрам, але і з бацькамі, прыяцелямі, калегамі?

— Вядома. Мама, якая цвёрда кантралюе кожны крок свайго дзіцяці, не лічачыся з яго жаданнямі, раіць, з кім яму сябраваць, а з кім — не, карае за найменшае парушэнне ўсталяваных ёю правіл — гэта аб’юзер. Гэтак жа можна вызначыць і начальніка, які выбірае сабе ахвяру для «біцця», вышуквае найменшыя агрэхі ў яе працы, увесь час даймае дробнымі прыдзіркамі. Справядліва лічыць таксічнай і прыяцельку, якая чуе толькі сябе, увесь час дамінуе ў адносінах, ігнаруе вашы пачуцці, запыты і перавагі.

— Дапусцім, чалавеку падабаецца яго работа, але вось прыходзіць таксічны кіраўнік, які ўвесь час праводзіць «разборкі», пераходзіць на асобы, абясцэньвае. Што рабіць: трываць, адстойваць сябе і штодня церабіць нервы або звальняцца?

— Калі работа падабаецца, чалавек упэўнены ў сваіх прафесійных якасцях, шануе калектыў, то звальняцца, думаю, адразу не варта. Вернай стратэгіяй будзе — падзяліць начальніка-работадаўцу і начальніка-чалавека. Захоўваць субардынацыю, выконваць даручэнні кіраўніка, а на асобасныя асаблівасці не рэагаваць; эмацыйна не адгукацца на яго «наезды», прапускаць іх міма вушэй. Магчыма, не дамогшыся патрэбнай рэакцыі, начальнік перастане так сябе паводзіць.

Нядрэнна ў такіх выпадках разабрацца: што ўва мне выклікае агрэсію з боку гэтага чалавека. З некаторымі таксічнымі людзьмі трэба адразу выбудаваць межы, патлумачыўшы ім: «Я адкрыты да канструктыўнай крытыкі, якая датычыцца працы, але пераход на маю асобу, беспадстаўныя прыдзіркі дэматывуюць мяне і адбіваюць усялякае жаданне паказваць добры вынік. Калі для вас важная справа, дайце мне засяродзіцца на ёй». Часам неабходна казаць цвёрдае «не», каб аб вас не выціралі ногі.

— А калі такому кіраўніку усё роўна, што думае і адчувае супрацоўнік?

— Калі спробы абараніць сябе не дамагліся поспеху, а з-за перажыванняў і рэгулярных «наездаў» вы дрэнна спіце, увесь час адчуваеце трывогу, у вас абвастраюцца саматычныя захворванні, трэба звальняцца. Не варта гадамі моўчкі цярпець прыніжэнні: гэта непазбежна падарве здароўе.

— Ці можна ацаніць, ці валодаеш сам таксічнасцю?

— Калі ў вас не складваюцца адносіны з бацькамі, партнёрам, вы ўвесь час канфліктуеце з дзецьмі, калегамі на працы, то гэта, безумоўна, — сігналы аб таксічнасці. У такіх выпадках трэба прааналізаваць, што і як вы кажаце пра іншых людзей, ці імкнецеся толькі браць, не даючы наўзамен. Калі будзеце сумленныя з сабой, то, напэўна, знойдзеце адказ, чаму людзі да вас не цягнуцца і што трэба памяняць, каб змяніць сябе і жыццё.

— Іншымі словамі, таксічны чалавек можа самастойна правесці «дэтокс» і змяніцца?

— Пры жаданні — няма нічога немагчымага. Для пачатку трэба ўсвядоміць, навошта вам запатрабаваўся «дэтокс». Вы хочаце пазбавіцца ад спустошанасці, агрэсіі, фрустрацыі, якія часта адчуваеце? Імкнецеся наладзіць адносіны ў сям’і, на працы, з сябрамі? Калі гэта так, то спытаеце сябе: а навошта я канфліктую, асуджаю, жалюся? Што хачу ў выніку атрымаць? Каханне, увага, прызнанне, павага? А потым трэба падумаць, якімі не таксічнымі спосабамі можна ўсяго гэтага дабіцца. Калі вы здолееце ўсталяваць для сябе новыя патэрны паводзін, пачаць ужываць іх, пераканацца, што яны даюць вынік, то застанецца толькі адпрацаваць, замацаваць іх.

Каб удала правесці «дэтокс», трэба навучыцца браць на сябе адказнасць і не баяцца памылак. Узнагарода за праведзеную «перазагрузку» напэўна не прымусіць сябе чакаць.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота дадзена суразмоўцам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.