Вы тут

Як у Нацыянальным мастацкім музеі прэзентавалі Канцэпцыю развіцця нацыянальнай культурнай прасторы


«Добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?» — так казаў Максім Багдановіч у сваім «Апокрыфе», абараняючы «чыстую красу», душу народа — культуру, якую нашы продкі збераглі ў самыя складаныя эпохі і перадалі нам як бясцэнную спадчыну.

Напрыканцы 2023 года ў нашай краіне была зацверджаная Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024–2026 гады. Прадставіць гэты дакумент, даць магчымасць журналістам задаць пытанні вырашылі незвычайна: 16 студзеня ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылося цэлае дзейства — прэс-канферэнцыя-прэзентацыя.


У лабірынтах фондасховішчаў

Пачалося ўсё з экскурсіі па галоўным беларускім сховішчы твораў выяўленчага мастацтва. Напачатку намеснік генеральнага дырэктара па навуковай і асветніцкай рабоце Вікторыя Кузьміна расказала пра новыя праекты. 2024 год праходзіць у музеі пад знакам яго 85-гадовага юбілею, цікавыя выставы падрыхтуюць да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Згодна з Канцэпцыяй, у якой прадугледжваецца і культурнае развіццё рэгіёнаў, пачне дзейнічаць перасоўная выстава з шэдэўрамі з фонду музея.

Потым журналісты па асаблівым дазволе былі запрошаныя туды, куды звычайны наведнік ніколі не трапіць: у фондасховішчы і рэстаўрацыйныя майстэрні.

«Правадніком» па таемным свеце фондасховішчаў стаў для журналістаў старшы навуковы супрацоўнік Арцём Лапіцкі. Усяго ў музеі больш за 37 тыс. экспанатаў. І нягледзячы на велізарныя плошчы музея, якія ўсё павялічваюцца і павялічваюцца, у пастаянную экспазіцыю патрапляе 3-4 працэнты, каля тысячы твораў-шчасліўчыкаў... Адбіраюць унікальнае, найлепшае. Але нешта вартае проста не змяшчаецца ў лік адабраных. Гэта нармальная практыка для ўсіх буйных музеяў свету — тое, што мы бачым у залах, толькі вяршыня айсберга.

Паглядзець на «падводную частку» таго айсберга журналісты і атрымалі магчымасць... Хоць у музеі зважаюць на камфорт наведнікаў, галоўнае тут — здароўе «гаспадароў», мастацкіх твораў. У галоўным корпусе пануе «вечная вясна» — тэмпература і вільготнасць тут адпавядаюць гэтай пары года, так камфортней для экспанатаў. У фондасховішчы ж большую частку часу цёмна і таксама — «веснавое паветра». Дапусцілі нас туды, дзе захоўваецца калекцыя беларускага жывапісу. Карціны размешчаныя на вертыкальных металічных рухомых стэлажах, так званых касетных, — на кожным з двух бакоў развешаныя карціны. Маленькія, вялікія, кожная са сваёй гісторыяй... А яшчэ тут пануе пах алейнай фарбы.

Для гасцей падрыхтаваная неспадзяванка ў гэтай скарбніцы: кожны можа выбраць карціну на свой густ для стварэння імправізаванай часовай выставы «Беларускае мастацтва вачыма журналістаў». «Звязда» спыніла выбар на пейзажы народнага мастака Беларусі Віталя Цвіркі і жаночым партрэце аўтарства Уладзіміра Сулкоўскага.

Дзе б’ецца сэрца музея

Сэрцам музея супрацоўнікі назвалі рэстаўрацыйныя майстэрні.

— Усе творы, якія ў нас захоўваюцца, — жывыя, яны маюць уласцівасць мяняцца, нават нягледзячы на ідэальныя ўмовы для іх захавання, — тлумачыць Арцём Лапіцкі. — Таму, каб твор трапіў на выставу, перад яе фарміраваннем захавальнік фонда аглядае карціну разам з музейным супрацоўнікам, а тады яе павінен агледзець рэстаўратар. Творы, якія патрабуюць падрыхтоўкі да выставы, патрапляюць у рэстаўрацыйныя майстэрні.

У музеі самы вялікі ў краіне і самы кампетэнтны рэстаўрацыйны комплекс, два дзясяткі спецыялістаў здольны выратаваць самыя «застарэлыя» хваробы карцін, скульптур, малюнкаў ды ўвогуле любых мастацкіх вырабаў.

— Так, кожны твор перад экспанаваннем праходзіць праз нас, — паведамляе загадчык сектара алейнага жывапісу Цімафей Палунін. — Займаемся і кансервацыяй — гэта захаванне твора ў той стадыі, у якой ён патрапіў да нас, нейтралізацыя разбуральных працэсаў. Наступны этап — рэстаўрацыя, самае складанае і цікавае. Часцей за ўсё, яна планавая. Бо чарга на рэстаўрацыю можа заняць ад двух месяцаў да двух гадоў. На жаль, і праца над нейкім творам можа доўжыцца гады. Твор можа пацямнець ад вільгаці, быць абпаленым... Драпіны, трэшчыны, асыпанні... Рэстаўратару важна дабіцца таго вобраза, які першапачаткова заклаў мастак.

Светлае, прасторнае памяшканне рэстаўрацыйнай майстэрні. Вось да сцяны прыхілены «вылечаныя пацыенты» — палотны Гаўрыіла Вашчанкі і Фірса Жураўлёва. А яркае палатно на рэстаўрацыйным стале — абстаноўка, дарэчы, вельмі нагадвае аперацыйную кардыёлагаў — з «жорсткім кракелюрам», гэта значыць усё ў трэшчынах. Чаму? Як патлумачыў Цімафей Палунін, жывапіс — гэта бутэрброд. Ніжні ўзровень — палатно, потым ідзе слой праклейкі, слой грунту, слой фарбы, слой лаку... І кожны з гэтых слаёў рэагуе на знешнія ўмовы па-рознаму. Палатно расцягваецца, грунт — меней... Калі з-за вільгаці і змены тэмператур палатно расцягнецца, яно разарве слой фарбы, а з часам пачынаюцца асыпанні.

На фоне старажытных абразоў

Сярод дасягненняў рэстаўратараў, якімі яны ганарацца, — аднаўленне старажытных беларускіх абразоў і драўлянай храмавай скульптуры. Вось на фоне гэтых рарытэтаў, у зале старажытнага беларускага мастацтва, адбылася галоўная размова дня: прэзентацыя Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства ў 2024–2026 гадах.

— Канцэпцыя шырока абмяркоўвалася, выказваліся самыя розныя заўвагі — што таксама добра, бо сведчыць, што праект нікога не пакідае абыякавым, закранае і нейкія балючыя пункты сферы культуры, — заўважыў мадэратар сустрэчы, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін. — Развіццё беларускай культуры як з’явы — гэта агульныя намаганні. Менавіта таму Міністэрства культуры і ініцыявала такі шырокі дыялог, у якім бяруць удзел прадстаўнікі самых розных устаноў.

Ірына Дрыга, начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры, адзначыла, што гісторыя Канцэпцыі пачалася з паслання кіраўніка дзяржавы беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, дзе было пастаўлена пытанне пра культурнае імпартазамяшчэнне.

— Гэта не азначае, што, прымаючы такі дакумент, Рэспубліка Беларусь аспрэчвае сусветную культуру, сусветную культурную спадчыну. Мы клапоцімся пра сваю культурную бяспеку і культурны суверэнітэт, пра тое, як паказаць усяму свету, хто мы, беларусы, і чым можам ганарыцца, і хочам дапамагчы нашым грамадзянам усвядоміць сябе беларусамі. Беларускі лад жыцця павінен стаць звыклым для нашага грамадзяніна, пачынаючы з аднолькава добрага валодання абедзвюма дзяржаўнымі мовамі, ведання традыцый, спажывання беларускага культурнага прадукту.

Слова «культура», дарэчы, паходзіць, калі звярнуцца да антычных крыніц, ад слова «культываваць», апрацоўваць зямлю. І азначае апрацоўку душы чалавечай. Пра гэта згадаў протаіерэй Ігар Васько, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы. Так, быў час, калі рэлігія вызначала развіццё культуры, але і цяпер узаемадзеянне культуры з Царквой адбываецца на розных узроўнях.

— Мы не павінны трактаваць культуру толькі як спадчыну — гэта і жывая традыцыя, тое, што ствараецца сёння, — лічыць Ігар Васько. Протаіерэй параіў журналістам звярнуць увагу на работу сучасных іканапісных школ, на тое, як сёння аздабляюцца храмы Беларусі, — а гэта павінна адбывацца з веданнем не толькі царкоўных канонаў, але і з навуковым падыходам, зваротам да гісторыі, беларускіх культурных традыцый.

Марыя Нецвятаева, намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела арганізацыі і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцяў Міністэрства культуры, згадала пра вялікае значэнне для культуры Беларусі роспісаў Спаса-Праабражэнскага сабора ў Полацку, дзе пры падтрымцы дзяржавы была праведзеная каласальная работа па раскрыцці роспісаў. Па іх можна прасачыць станаўленне нацыянальнай іканапіснай школы. Маем і сведчанні высокага ўзроўню адукацыі прападобнай Еўфрасінні Полацкай — незвычайныя сюжэты фрэсак, заснаваных на малавядомых момантах агіяграфічнай літаратуры, напрыклад, выява кентаўра з «Жыція» святога Антонія Вялікага.

Марыя Нецвятаева таксама расказала пра ўключэнне беларускіх аб’ектаў у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Нядаўна туды патрапіла беларускае саломапляценне, на 2024 год прынята на разгледжанне наша выцінанка. Падрыхтаваныя дасье па неглюбскай традыцыі ткацтва, ідзе работа па падрыхтоўцы дасье па выканальніцкіх традыцыях ігры на дудзе. Што датычыцца Спіса матэрыяльнай сусветнай спадчыны, то зараз для ўключэння туды рыхтуюцца дакументы на Каложскую царкву, царкву ў Сынкавічах і касцёл у Камаях, а таксама Брэсцкую крэпасць — з боку ЮНЕСКА знята вета на ўключэнне ў Спіс аб’ектаў, звязаных з нядаўнімі ваеннымі канфліктамі.

— Канцэпцыю мы прымаем не для таго, каб мы закрыліся, а для таго, каб мы змаглі добра прэзентаваць сябе на міжнародным узроўні, — лічыць Марыя Нецвятаева.

Пра мову, літаратуру і гісторыю

Мова — адзін з найважнейшых элементаў культуры, нагадаў дырэктар інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў. Канцэпцыя сыходзіць з таго, што абедзве дзяржаўныя мовы заслугоўваюць аднолькавай павагі і ўвагі. Ігар Капылоў закрануў праблему экспансіі замежных слоў у абедзве дзяржаўныя мовы. З гэтай нагоды інстытутам плануецца круглы стол. Не менш важнае пытанне — ужыванне ненарматыўнай лексікі ў грамадстве, асабліва ў асяроддзі моладзі.

— Праз мову мы сведчым пра багацце нашай беларускай нацыянальнай культуры, — сцвярджае Ігар Капылоў. — І адказваем за захаванне нормаў літаратурнай мовы, якія, на жаль, парушаюцца на ўсіх узроўнях, таму мы рыхтуем цэлы комплекс нарматыўных даведнікаў.

А да Дня роднай мовы адбудзецца агульнанацыянальная дыктоўка, тэкст якой, хутчэй за ўсё, прысвецяць 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Вынікам увасаблення Канцэпцыі сярод іншага стане філалагічная культура грамадства і развіццё сучаснай літаратуры, адзначыў Іван Саверчанка, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы. А яшчэ Канцэпцыя — стымул для міжнароднага супрацоўніцтва, будзе спрыяць кансалідацыі грамадства, вяртанню гістарычнай спадчыны. Праекты прадуманыя, рэалістычныя, прапанаваныя людзьмі, якія ведаюць сваю справу. Як прыклад папулярызацыі літаратурнай спадчыны з падтрымкай дзяржавы Іван Саверчака назваў серыю «Залатая калекцыя беларускай літаратуры», дзе сабраныя шэдэўры ад старажытнасці да сучаснасці.

Уладзімір Андрыевіч, начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі, звярнуў увагу на праблему культуры чытання: тое, што кніга пераходзіць у інтэрнэт, зніжае якасць тэкстаў. Развіццю сучаснай беларускай літаратуры, на думку Уладзіміра Андрыевіча, спрыяюць Нацыянальная літаратурная прэмія і ЛітUP, праект у рамках Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, дзякуючы якому творчы чалавек нават з рэгіёна можа выдаць таленавітую кнігу.

Анатоль Глінскі, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі праблем выхавання асобы Навукова-даследчага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі, распавёў пра дапаможнікі па патрыятычным выхаванні дзяцей. Павел ТРУБЧЫК, намеснік дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі, прадставіў праекты інстытута ў рамках Канцэпцыі: напрыклад, дзеля папулярызацыі рэгіянальнай гісторыі запланаваны чатыры навукова-практычныя канферэнцыі ў рэгіёнах. Аляксандр БАРАНОЎСКІ, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, заклікаў прадстаўнікоў СМІ больш актыўна асвятляць мерапрыемствы Акадэміі навук.

— Канцэпцыя атрымалася глыбокім ідэалагічным дакументам, з шырокім спектрам дзейнасці, — падсумавала Ірына Карповіч, начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры.

Напрыканцы мерапрыемства ўсе ўдзельнікі змаглі паглядзець і абмеркаваць толькі што створаную выставу «Беларускае мастацтва вачыма журналістаў», якая будзе працаваць на працягу двух тыдняў.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.