Вы тут

Іван Зданюк: Артыст павінен быць шчырым і сумленным перад сваім гледачом


Тысячы прыхільніц, заваяваныя радыёчарты, сацыяльныя сеткі і сэрцы слухачоў, пастаянныя канцэрты і перамогі ў музычных конкурсах... Усё гэта штодзённае жыццё нашага сённяшняга героя, маладога, але таленавітага артыста, уладальніка звання найлепшага радыёвыканаўцы за 2022 год Івана Зданюка.


— Іван, як у вашым жыцці з’явілася музыка?

— Любоў да яе зарадзілася ў раннім дзяцінстве. Памятаю, як, будучы дзіцем, слухаў, як спявае мой дзядуля, мне гэта вельмі падабалася. І я захацеў таксама спяваць. Мама адвяла мяне ў вакальны гурток. Уласна там і пачалося фарміраванне як артыста. А пасля я паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, дзе працягнуў развіццё, але ўжо больш прафесійна. Дарэчы, бацькі заўсёды падтрымлівалі мяне ў творчых пачынаннях. І ў цяжкія моманты заўсёды былі побач, аддаючы апошняе, каб я здзейсніў свае мары.

— Ці памятаеце першае выступленне?

— У дзяцінстве ўдзельнічаў у розных канцэртах і конкурсах. Іх было вельмі шмат, таму вылучыць першае выступленне досыць складана. Калі казаць пра першае сур’ёзнае выступленне як сапраўднага прафесійнага артыста, то, мабыць, гэта было на сцэне «Славянскага базару ў Віцебску» ў 2019 годзе ў якасці канкурсанта. Я выступаў з песняй «Кучаравая» і атрымаў «Сярэбраную ліру».

— Там жа вы і патрапілі ў «СПАМАШ»?

— Ну амаль. Яшчэ да майго выступлення на «Славянскім базары» гэты прадзюсарскі цэнтр па даручэнні Міністэрства культуры вёў падрыхтоўку мяне як артыста. Паралельна з гэтым яны праводзілі кастынг у пошуку маладых, новых асоб. Паколькі большая частка каманды ў гэты момант працавала са мной, ува мне разгледзелі прафесіянала сваёй справы і прапанавалі кантракт, які, па сутнасці, стаў пуцёўкай у шчаслівае творчае жыццё ўжо на працягу чатырох гадоў.

— Як вы думаеце, на якую аўдыторыю накіравана ваша творчасць?

— Насамрэч, калі артыст толькі пачынае сваю творчую дзейнасць, яму яшчэ складана сказаць, хто яго мэтавая аўдыторыя. Аднак на сёння даць адказ я магу з абсалютнай дакладнасцю. У інтэрнэце існуе статыстыка на розных лічбавых пляцоўках, дзякуючы якой артысты могуць рабіць аналіз сваёй публікі, свайго слухача. Сёння гэта ўзрост ад шаснаццаці да дваццаці пяці гадоў. У асноўным маю аўдыторыю складаюць студэнты, а калі быць яшчэ больш дакладным, то студэнткі (усміхаецца). А што да стылістыкі, то я выступаю ў жанры поп-музыкі, яшчэ спрабую развіваць сябе ў жанры поп-рок.

— А што наконт хейтараў?

— Безумоўна, у кожнага артыста ёсць хейтары, і я не з’яўляюся выключэннем. Асабліва гэта адчуваецца, калі адкрываеш сацыяльныя сеткі, у маім выпадку гэта TіkTok. Заўсёды сярод добрых прыемных каментарыяў знойдзеш тыя, якія «псуюць статыстыку». Сказаць па праўдзе, ёсць артысты, якія адразу ж іх выдаляюць. Я не адношуся да такіх. Лічу, што любы каментарый, як добры, так і не надта, павінен знаходзіцца ў адкрытым доступе. Бо ўсе мы людзі розныя, і немагчыма дагадзіць кожнаму. Іншае пытанне, што крытыка бывае канструктыўная і, скажам так, не вельмі. Да першай я заўсёды прыслухоўваюся і не баюся выпраўляць свае памылкі ці недахопы, прызнаю іх. А што да другой, то проста не звяртаю ўвагі. 

Бо нават у зорак сусветнага ўзроўню заўсёды знойдзецца той, хто будзе імі незадаволены.

— Мы з вамі пагаварылі пра ваша першае выступленне, а што наконт першай песні ўласнага аўтарства?

— Гэта была кампазіцыя, створаная разам з вядомым беларускім артыстам Тэа (Юрыем Вашчуком), называлася яна «Авертайм». У 2019 годзе я пісаў яе для нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне», тады яна называлася «Shake іt up». Словы напісала Вольга Рыжыкава. Гэта была мая першая работа, дзе я ўдзельнічаў як аўтар. Пасля працэс, як той казаў, пайшоў. Песня «Авертайм» паслужыла трыгерам, сёння я яе яшчэ выконваю, але ўжо не так часта, як іншыя. І, акрамя песень сабе, пішу іх іншым артыстам.

— Якую сваю песню на дадзены момант вы лічыце самай папулярнай?

— Безумоўна, кампазіцыю «Выпускны»! Гэта тая песня з майго рэпертуару, якая пісалася даўжэй за ўсе. На яе стварэнне спатрэбіліся тры гады. Куплеты ў мяне былі напісаны даўно, па аранжыроўцы было зразумела, якія прылады патрэбныя, а вось самага галоўнага — прыпеву — не было. Мне, безумоўна, хацелася выпусціць песню як мага хутчэй. Былі накіды прыпеву, мне казалі, што яны добрыя і не трэба цягнуць з выхадам песні. Але мне хацелася, каб гэта песня «разрывала», каб чалавек, пачуўшы яе ўпершыню, адразу ж акунуўся ў тыя эмоцыі, якія я заклаў у яе стварэнне, усё тое трапятанне ад выпускнога дня. І вось некалькі гадоў я вяртаўся да напісання прыпеву, але ўсё было не тое. 

І толькі ў 2022 годзе, разумеючы, што набліжаецца час выпускных, я вырашыў, што ўсё, больш нельга цягнуць, і напісаў фінальны варыянт прыпеву. І зусім не пашкадаваў, што даў гэтай песні такі час на нараджэнне! Яна парвала ўсе рэйтынгі маіх кампазіцый на дыстрыб’ютарскіх пляцоўках. І, гледзячы рэйтынгі сваіх песень, я бачу, што з кожным днём лічбы праслухоўванняў растуць. Безумоўна, прыемна, што мой трэк гучыць не толькі на пляцоўках нашай краіны, але і на галоўным выпускным Расіі «Пунсовыя ветразі».

— Чым натхняецеся?

— Людзьмі. Усе песні, што я пішу, звязаныя з маім жыццём ці з жыццём майго атачэння, маіх сяброў, блізкіх. Магу сустрэць чалавека, даведацца пра гісторыю з яго жыцця і адлюстраваць гэта праз сваю творчасць.

— Вы ўдзельнічаеце ў розных конкурсах. Якія з іх вам запомніліся найбольш?

— Калі казаць пра самыя значныя, то гэта, безумоўна, «Славянскі базар у Віцебску». Таксама важным для мяне стаў удзел у тэлевізійным конкурсе «Ану, усе разам!» на тэлеканале «Расія 1», ён быў раней. Яшчэ ў маім жыцці былі нацыянальныя адборы на «Еўрабачанне».

— Цяпер вас запрашаюць у якасці члена журы…

— Першы раз, калі сеў у экспертнае крэсла (гэта было пасля «Славянскага базару»), мы выбіралі ўдзельнікаў на новы сезон. Скажу шчыра, гэта вельмі хвалююча, бо ты разумееш, што твой голас можа вырашаць лёс канкурсанта, і ты павінен адкінуць усе асабістыя сімпатыі і ацэньваць чалавека тут і зараз. Цяпер я ўжо прывык да гэтай ролі і адчуваю сябе больш свабодна і ўпэўнена ў новым амплуа.

— Вы яшчэ і педагог па вакале. Раскажыце пра гэты досвед.

— На базе нашага прадзюсарскага цэнтра знаходзіцца дзіцячая студыя «Malіnovka. by Spamash», куды прыходзяць дзеткі ад чатырох гадоў да васямнаццаці. Мне прапанавалі паспрабаваць сябе там у ролі педагога, тым больш у мяне ёсць адпаведная адукацыя. Я паспрабаваў, і мне гэта спадабалася. З радасцю перадаю свой досвед малодшаму пакаленню. Дарэчы, адна з маіх падапечных, Ліза Вярцінская, стала фіналісткай маштабнага конкурсу ў Маскве «Вялікая сцэна», яе запрасілі на гранд фінал у Крамлёўскім палацы.

— Якімі якасцямі на ваш погляд, павінен валодаць сапраўдны артыст?

— У першую чаргу гэта шчырасць і сумленнасць. Кожны артыст павінен быць сапраўдным і адкрытым перад сваім гледачом. Яшчэ, вядома, мэтанакіраванасць і працавітасць, без гэтага нельга пакарыць вышыні. Таксама важна быць індывідуальным. Цяпер шмат маладых вакалістаў, якія капіруюць кагосьці, але так поспеху не дасягнуць. Ну і, вядома, важны навык вядзення сацыяльных сетак. Бо калі ты не пачнеш займацца імі, то не будзеш у трэндзе, а нам трэба кожны дзень быць «на плыву».

— Якія прафесійныя мэты ў вас ёсць на найбліжэйшы час?

— Першая — выдаць альбом з пяці песень. Больш глабальная — даць сольны канцэрт. Не хачу яго рабіць маштабных памераў, выкарыстоўваць спецэфекты, але важна, каб ён быў на высокім узроўні. Каб глядач атрымаў станоўчыя эмоцыі і на выхадзе казаў: «Хачу прыйсці яшчэ раз!»

Ангеліна НОВІКАВА

Фота дадзены героем

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.