Вы тут

Дзякуючы гераічным учынкам людзей былі вызвалены гарады і гарадскія пасёлкі


Аб подзвігах насельніцтва гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, узнагароджаных вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».

Адпаведны Указ Прэзідэнт падпісаў 2 лютага 2024 года. У сувязі са святкаваннем 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама з мэтай увекавечання подзвігу воінаў Чырвонай Арміі, працоўных, партызан і падпольшчыкаў, які яны здзейснілі пры абароне і вызваленні беларускіх гарадоў і іншых населеных пунктаў, высокай узнагароды ўдастоены дзевяць населеных пунктаў Беларусі. Сярод іх — Баранавічы, Дзяржынск, Дзятлава, Калінкавічы, Любань, Асіповічы, Чавусы, гарадскія пасёлкі Обаль і Асвея. Усяго вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны» ўзнагароджаны 36 населеных пунктаў. Усе яны з’яўляюцца годным прыкладам баявога і працоўнага подзвігу, усенароднага супраціўлення, праяўленых падчас Другой сусветнай.

За гэтым усенародным подзвігам — гераічныя ўчынкі канкрэтных людзей, якія, рызыкуючы ўласным жыццём, змагаліся з ворагам. Імёны многіх з адважных носяць вуліцы беларускіх гарадоў. У тым ліку тых, якія нядаўна ўзнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».


Помнік у гонар Обальскага антыфашысцкага падполля

Антыфашысты ў гета і подзвігі партызанаў Царука

Баранавічы былі акупаваны ў першыя дні вайны — 27 чэрвеня 1941 года. На працягу трох гадоў нацысты трымалі ў страху жыхароў горада і найбліжэйшых населеных пунктаў. Не спыняліся рабаванні, здзекі з людзей. Іх адпраўлялі на катаржныя работы ў Германію, ні ў чым не вінаватых грамадзян знішчалі. У Баранавічах функцыянавала цэлая сістэма канцлагераў, турмаў і засценкаў.

Адным з найбольш трагічных месцаў масавага знішчэння людзей з’яўляўся лагер ваеннапалонных № 337, які знаходзіўся каля чыгуначнай станцыі «Лясная», непадалёку ад горада. Тут было закатавана і расстраляна звыш 50 тысяч чалавек — ваеннапалонныя і мірныя жыхары. У горадзе акупанты стварылі Баранавіцкае гета, дзе ўтрымлівалася каля 30 тысяч грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці. Масавыя забойствы яўрэяў Баранавіч пачаліся 29 чэрвеня 1941 года. Да канца снежня 1942 года ўсе вязні гета былі забіты і закатаваны. Аднак нават у нечалавечых умовах, калі кожны дзень мог стаць апошнім, вязні верылі ў Перамогу Чырвонай Арміі: у гета была створана падпольная група, якая аказвала супраціўленне нацыстам. Антыфашысцкая арганізацыя дзейнічала ў Баранавічах і за межамі гета.

Баранавічы былі вызвалены 8 ліпеня 1944 года ў ходзе наступлення войск 1-га Беларускага фронту на баранавіцка-слонімскім напрамку ў перыяд Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён». Горад вызвалялі 28 воінскіх злучэнняў і часцей Чырвонай Арміі. Усім ім былі прысвоены ганаровыя найменні «Баранавіцкія». Звыш дзесяці воінаў-вызваліцеляў, якія ўдзельнічалі ў баях за горад і раён, былі ўдастоены звання «Герой Савецкага Саюза». Сярод іх — адзін з кіраўнікоў партызанскага руху Уладзімір Зянонавіч Царук. Яго імя носіць адна з баранавіцкіх вуліц. Будучы камандзірам Стаўбцоўска-Мёрскага партызанскага злучэння, Уладзімір Царук асабіста распрацоўваў планы ўдараў па варожых камунікацыях. Пад яго камандаваннем партызаны ажыццявілі нямала паспяховых аперацый. 6 ліпеня 1944 года народныя мсціўцы злучыліся з наступальнымі часцямі Чырвонай Арміі. За важкі ўклад баранавіцкіх партызан у барацьбу з нямецка-фашысцкімі акупантамі 15 жніўня 1944 года Уладзіміру Царуку было прысвоена найвышэйшае званне. Пасля вайны партызанскага камандзіра прызначылі першым сакратаром Стаўбцоўскага райкама партыі, затым — намеснікам старшыні Баранавіцкага аблвыканкама, старшынёй Баранавіцкага гарвыканкама. Уладзімір Царук з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і Вярхоўнага Савета СССР.

Стойкасць юных мсціўцаў

Гераізм юных падпольшчыкаў з гарадскога пасёлка Обаль, які знаходзіцца ў Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці, апісаны беларускім пісьменнікам Алесем Савіцкім. А подзвіг члена Обальскай падпольнай камсамольскай арганізацыі «Юныя мсціўцы» Зінаіды Партновай, здаецца, вядомы кожнаму беларусу. Дзяўчына, якая напярэдадні вайны прыехала з Ленінграда да бабулі ў Обаль, не магла заставацца ўбаку ад падзей, якія адбываліся навокал. Спачатку яна змагалася з акупантамі ў складзе Обальскай падпольнай камсамольска-маладзёжнай арганізацыі «Юныя мсціўцы», затым — будучы разведчыцай партызанскага атрада імя Варашылава. У снежні 1943 года Зіна Партнова накіравалася на заданне, у выніку была арыштавана. Падчас допыту юная патрыётка застрэліла нямецкага следчага і яшчэ двух гітлераўцаў. Аднак збегчы ў дзяўчыны не атрымалася. Зіна Партнова загінула страшнай і пакутлівай смерцю ў студзені 1944 года. Ёй было ўсяго 17 гадоў…

Герой Савецкага Саюза Зінаіда Партнова

За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі, 1 ліпеня 1958 года Зінаідзе Мартынаўне Партновай пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Імя гэтай адважнай дзяўчыны носяць вуліцы гарадскога пасёлка Обаль, Полацка і Санкт-Пецярбурга, дзе яна нарадзілася і жыла да вайны. Яе імя ўвекавечана ў назвах Обальскай сярэдняй школы, аднаго са школьных музеяў паўночнай сталіцы Расіі. Імем яшчэ адной юнай патрыёткі — Ефрасінні Зяньковай, якая кіравала падпольнай камсамольска-маладзёжнай арганізацыяй «Юныя мсціўцы», — названа вуліца ў Віцебску.

Обальскае антыфашысцкае падполле дзейнічала з пачатку 1942-га да жніўня 1943 года і аб’ядноўвала 38 маладых людзей. На рахунку юных антыфашыстаў — звыш 20 дыверсій супраць ворага. Падпольшчыкі знаходзілі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, звесткі аб размяшчэнні варожых войск, забяспечвалі партызанскіх разведчыкаў дакументамі, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, вялі агітацыю сярод насельніцтва. Дзякуючы інфармацыі юных патрыётаў на чыгуначнай станцыі Обаль савецкія самалёты знішчылі чатыры варожыя эшалоны з танкамі. За гэтыя гераічныя ўчынкі была заплачана самая высокая цана — 16 членаў арганізацыі не дачакаліся Перамогі.

Патрыёты з асвеі

Асвейскі (цяпер Верхнядзвінскі) раён Віцебскай вобласці фашысты пераўтварылі ў пустыню ўсяго за паўтара месяца. Асвейская трагедыя ўвайшла ў гісторыю Беларусі як адна з самых жудасных у гады Вялікай Айчыннай вайны. Карная аперацыя, якую акупанты прыгожа назвалі «Зімовым чараўніцтвам», па сваёй жорсткасці пераўзышла ўсе іншыя акцыі па знішчэнні мірных жыхароў. Толькі ў адным Верхнядзвінскім раёне (Асвейскім і Дрысенскім да вайны) карнікі спалілі 426 вёсак, жыхароў якіх расстралялі або спалілі жывымі. Астатніх, амаль 15 тысяч мірных грамадзян, вывезлі ў рабства. 

203 вёскі так ніколі і не паўсталі з попелу. За гады вайны на тэрыторыі Асвейскага раёна фашысты загубілі 20 228 мірных жыхароў, на франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 5190 чалавек.

У гарадскім пасёлку Асвея і Асвейскім раёне са жніўня 1941-га да ліпеня 1942 года дзейнічала Асвейскае партыйна-патрыятычнае падполле. Яно аб’ядноўвала дзевяць падпольных груп, куды ўваходзіла каля сотні чалавек. Падпольшчыкі прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, вялі разведку, палітычную работу сярод насельніцтва, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з лагера, здабывалі зброю і боепрыпасы і, вядома, знішчалі гітлераўцаў, выводзілі са строю іх інфраструктуру.

У красавіку 1942 года патрыёты арганізавалі партызанскі атрад, які пазней стаў брыгадай імя Фрунзэ. Таксама на тэрыторыі раёна дзейнічалі партызанскія брыгады 1-я і 2-я Дрысенскія, «За Савецкую Беларусь» імя К. К. Ракасоўскага, Расонская імя Сталіна. Партызаны ачысцілі ад гітлераўцаў амаль усю тэрыторыю Асвейскага і Расонскага раёнаў, у выніку чаго была створана Расонска-Асвейская партызанская зона. Народныя мсціўцы поўнасцю кантралявалі чыгунку Полацк — Верхнядзвінск. Адным з арганізатараў і кіраўнікоў партыйнага падполля і партызанскага руху на тэрыторыі Асвейскага раёна быў Уладзімір Уладзіміравіч Сімацкі. Загінуў пры разгроме варожага гарнізона ў вёсцы Забор’е Латвійскай ССР. Пахаваны ў Асвеі. Яго імя носіць саўгас у Верхнядзвінскім раёне і вуліца ў Асвеі.

Гарадскі пасёлак быў вызвалены 17 ліпеня 1944 года. Асвейскі раён вызвалялі войскі 22-й арміі 2-га Прыбалтыйскага фронту, 4-й ударнай арміі і 51-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту.

Дыверсіі калінкавіцкіх падпольшчыкаў

Калінкавіцкі раён стаў прыфрантавым ужо ў канцы чэрвеня 1941 года. Быў створаны Калінкавіцкі знішчальны батальён. Актыўна дзейнічаў і Даманавіцкі знішчальны батальён. Сотні камуністаў сталі байцамі дзейных часцей. Амаль увесь палітаддзел 75-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерала Нядзвігіна, якая з баямі выйшла з акружэння з раёна Брэста і Пінска, быў укамплектаваны работнікамі-кіраўнікамі Палескай вобласці. Дывізія ў ліпені стрымлівала ворага на калінкавіцкім напрамку. Яе байцы здзейснілі нямала подзвігаў. 7 ліпеня 1941 года партызаны Даманавіцкага знішчальнага батальёна дапамаглі чырвонаармейцам захапіць чатыры бронемашыны, а 12 ліпеня разам з воінскімі часцямі знішчылі яшчэ дзве бронемашыны ворага. 30 ліпеня група даманавіцкіх байцоў ажыццявіла налёт на нямецкую часць у в. Палессе. Падчас бою з акупантамі гранатамі і бутэлькамі з запальнай сумессю партызаны знішчылі два танкі праціўніка разам з экіпажамі.

21 жніўня нямецка-фашысцкія захопнікі акупавалі горад, аднак патрыёты не аслабілі сваё супраціўленне. Было створана Калінкавіцкае партыйна-камсамольскае падполле. Камуністы Пётр Ануфрыеў і Васіль Баравік, пакінутыя ў горадзе для арганізацыі падпольнай барацьбы, у верасні 1941 года стварылі падпольную групу чыгуначнікаў, куды пасля ўваходзіла 37 чалавек. Адначасова дзейнічалі група Кузьмы Бакуна, якая стала ядром партызанскага атрада імя Варашылава, і падпольная камсамольска-маладзёжная арганізацыя «Смугнар» («Смерць прыгнятальнікам народа»). На рахунку калінкавіцкіх падпольшчыкаў — нямала дыверсій супраць нацыстаў.

Раённы цэнтр быў вызвалены 14 студзеня 1944 года войскамі 61-й і 65-й армій і лётчыкамі 16-й паветранай арміі. У баях за горад адзначыліся многія чырвонаармейцы. Сярод іх — Андрэй Рыгоравіч Ніканаў, Герой Савецкага Саюза. Гэтага высокага звання ён быў удастоены за вызваленне Лоеўскага раёна. 16 кастрычніка 1943 года камандзір палка хутка арганізаваў пераправу свайго падраздзялення, захапіў плацдарм на правым беразе ракі, што садзейнічала наступленню дывізіі. Загінуў Герой 30 студзеня 1944 года, у баях за Азарычы. Пахаваны ў Калінкавічах. Імя Ніканава носіць адна з гарадскіх вуліц. У гонар Героя вёска Рылавічы Калінкавіцкага раёна перайменавана ў Ніканава.

Супраціўленне з першага дня

Для жыхароў Дзятлаўшчыны вайна пачалася ў першы дзень акупацыі. 22 чэрвеня нямецкія бамбардзіроўшчыкі бамбілі Наваельню, 24 чэрвеня ў Дзятлаве з’явіліся бежанцы, а 27 чэрвеня, нягледзячы на ўпартае супраціўленне савецкіх часцей, варожыя дывізіі фарсіравалі Шчару і ўвайшлі на тэрыторыю раёна. 29–30 чэрвеня група чырвонаармейцаў вяла бой з фашыстамі каля Дзятлава, 14 з іх загінулі. Толькі праз 27 гадоў пасля гэтага трагічнага дня, калі адбылося перапахаванне воінаў, стала вядома імя іх камандзіра, старшага лейтэнанта Міхаіла Лебедзева, камандзіра ўзвода 117-га гаўбічнага артпалка 8-й стралковай дывізіі.

У лютым 1942 года акупанты стварылі ў горадзе гета, дзе да жніўня знішчылі звыш пяці тысяч мясцовых жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці. Яшчэ да стварэння гета, восенню 1941 года, Альтэр Дварэцкі арганізаваў падпольную групу супраціўлення колькасцю каля 60 чалавек. Ён устанавіў сувязь як з яўрэямі, так і з чырвонаармейцамі, якія арганізоўвалі партызанскія атрады ў раёне. Дварэцкі планаваў у гета ўзброенае паўстанне. Для гэтага было ўжо амаль усё гатова, але патрыёта напаткала варожая куля.

Дзятлаўскі раён быў вызвалены 10 ліпеня 1944 года ў ходзе Беластоцкай наступальнай аперацыі войскамі 3-й арміі 2-га Беларускага фронту. Сярод вызваліцеляў было нямала адважных воінаў, у прыватнасці Ян Янавіч Фогель. 24 чэрвеня 1944 года дывізія, якой камандаваў ураджэнец Латвіі, фарсіравала раку Друць і да 8 ліпеня вызваліла звыш 250 населеных пунктаў, завяршыўшы акружэнне Бабруйскай групоўкі праціўніка. 

Ян Фогель быў паранены ў баі і памёр 13 ліпеня 1944 года. Пахаваны ў Дзятлаве. Імя Героя Савецкага Саюза носяць вуліцы ў гарадскім пасёлку і ў сталіцы. Ян Фогель з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Дзятлава.

Здзяйснялі дыверсіі і распаўсюджвалі падпольную «Звязду»

Каля Дзяржынска ў пачатку вайны праходзіў рубеж абароны Мінска. Тут быў створаны вузел супраціўлення з падраздзяленняў 444-га стралковага палка і 575-га артылерыйскага палка 108-й стралковай дывізіі, што кантралявалі дарогі, па якіх фашысты рваліся на Мінск. 26 чэрвеня 1941 года чырвонаармейцы адбілі некалькі атак праціўніка, які імкнуўся прарвацца да Дзяржынска. Не атрымалася ў іх гэта і на наступны дзень: савецкія воіны адбілі тры атакі з 30 варожых танкаў і батальёна аўтаматчыкаў, знішчылі каля 17 адзінак тэхнікі. 28 чэрвеня Дзяржынск быў акупаваны. За гады вайны фашысты загубілі звыш 17 600 жыхароў раёна.

Мемарыяльны знак у гонар вызвалення Дзяржынска

Са жніўня 1941-га да ліпеня 1944 года на тэрыторыі горада і раёна дзейнічала Дзяржынскае партыйна-камсамольскае падполле. А пачалася масавая антыфашысцкая дзейнасць з першай у горадзе падпольнай групы, створанай на прадпрыемстве «Чырвоны штампоўшчык». Яе ініцыятарамі былі Іван Жукавец, Генадзь Будай і Павел Хмялеўскі, якія канцэнтравалі вакол сябе патрыятычна свядомых людзей. Аналагічныя падпольныя групы ўзніклі і ў найбліжэйшых населеных пунктах. Для агульнага кіраўніцтва падполлем раёна быў створаны Дзяржынскі падпольны камітэт «Смерць фашызму», якім кіраваў Генадзь Будай. Праз свайго сябра, Уладзіміра Амельянюка, які з’яўляўся рэдактарам першага нумара падпольнай газеты «Звязда», ён устанавіў сувязь з Мінскай падпольнай групай. На кватэры Амельянюка падпольшчыкі слухалі радыё, атрымлівалі антыфашысцкія лістоўкі і газеты, распаўсюджвалі іх на тэрыторыі Дзяржыншчыны. Узаемадзейнічалі падпольшчыкі і з народнымі мсціўцамі: вельмі шмат партызанскіх падраздзяленняў змагалася з ворагам на тэрыторыі раёна.

Дзяржынск быў вызвалены 7 ліпеня 1944 года воінамі 290-й стралковай дывізіі 81-га стралковага корпуса 49-й арміі 2-га Беларускага фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі.

На Дзяржыншчыне нарадзілася нямала Герояў Савецкага Саюза. Сярод іх — Марат Казей. Юны разведчык штаба 200-й партызанскай брыгады імя К. Ракасоўскага здзейсніў шмат гераічных учынкаў. І загінуў як герой. 11 мая 1944 года ў ходзе бою з гітлераўцамі Марат Казей падарваў гранатай і сябе, і нацыстаў. Праз 21 год пасля гібелі юны патрыёт быў удастоены найвышэйшага звання.

Партызанскі край

Эпіцэнтрам партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі ў гады вайны быў Любанскі раён. Дагэтуль Любаншчыну называюць партызанскім краем. На дзень злучэння народных мсціўцаў з часцямі Чырвонай Арміі, якое адбылося ў ліпені 1944 года, партызанскія брыгады Любаншчыны налічвалі каля шасці тысяч байцоў. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў перыяд акупацыі, у 1968 годзе Любанская раённая камсамольская арганізацыя была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны І ступені — такіх прыкладаў у Беларусі больш не было.

Першая буйная аперацыя партызан адбылася 7 лістапада 1941 года, якая ўвайшла ў гісторыю як любанскі бой. Напярэдадні аперацыі народныя мсціўцы нейтралізавалі любанскую паліцыю. Бясшумна зняўшы вартавых на мосце праз р. Арэса, партызаны раптоўна ўварваліся ў Любань, атакавалі будынак, дзе знаходзілася больш за 40 гітлераўцаў. Усе яны былі знішчаны, а нямецкі гарнізон — поўнасцю разгромлены.

Любанскія і не толькі партызаны дыслакаваліся на востраве Зыслаў, які з’яўляўся цяжкадаступным участкам сярод балот. Там размяшчаліся мінскія падпольныя абкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, Любанскі падпольны РК КП(б)Б, штаб партызанскіх злучэнняў Мінскай і Палескай абласцей, штаб партызанскай брыгады № 25 імя П. Панамарэнкі. На Зыславе дзейнічаў аэрадром, які звязваў партызан з Вялікай зямлёй, друкаваліся газеты «Звязда», «Чырвоная Змена» і «Кліч Радзімы». Любанскі раён быў вызвалены 30 чэрвеня 1944 года ў ходзе Мінскай наступальнай аперацыі. 

У вызваленні ўдзельнічалі 48-я гвардзейская стралковая дывізія 20-га стралковага корпуса 28-й арміі, 19-я мотастралковая брыгада 1-га механізаванага корпуса конна-механізаванай групы 1-га Беларускага фронту.

Дыверсія Крыловіча

Увайшла ў гісторыю і дзейнасць Асіповіцкага партыйна-камсамольскага падполля, якое дзейнічала з ліпеня 1941-га да чэрвеня 1944 года і аб’ядноўвала больш за 120 чалавек. 

Дыверсія асіповіцкіх падпольшчыкаў, здзейсненая камсамольцам Фёдарам Крыловічам 30 ліпеня 1943 года на чыгуначнай станцыі Асіповічы, з’яўляецца адной з найбуйнешых падпольных дыверсій у гады Вялікай Айчыннай вайны. У ноч на 30 ліпеня патрыёт замініраваў варожы эшалон з палівам. Ад выбуху ў пачатку і канцы саставу пачаўся пажар, агонь перакінуўся на тры воінскія эшалоны з авіябомбамі і снарадамі, танкамі, харчаваннем і бушаваў на працягу 10 гадзін. У выніку дыверсіі былі спалены чатыры эшалоны праціўніка, у тым ліку састаў з новымі танкамі «Тыгр», які накіроўваўся ў раён Курскай бітвы. Былі выведзены са строю чыгуначныя шляхі, пашкоджана дэпо, вугальны склад і іншае. Імя Фёдара Крыловіча носяць вуліцы ў Асіповічах і Мінску.

Помнік Фёдару Крыловічу на станцыі Асіповічы

Асіповічы былі вызвалены 28 чэрвеня 1944 года войскамі 1-га і 2-га Беларускіх франтоў у ходзе першага этапу аперацыі «Баграціён». За гады акупацыі фашысты загубілі на тэрыторыі раёна 4573 мірныя жыхары, 455 партызанаў і 33 падпольшчыкі. 82 чалавекі былі вывезены на катаржныя работы ў Германію. Такая высокая цана была заплачана за мір у краіне.

Подзвігі «трынаццатых»

Чавусы былі заняты ворагам 16 ліпеня 1941 года. Гітлераўцам давалі адпор з першага дня іх з’яўлення на тэрыторыі раёна. Дзейнічалі партызанскія брыгады: 14-я Цемналеская, 17-я і 15-ы, асобны партызанскі атрад «Чапай». У красавіку 1943 года на тэрыторыю Чавускага раёна са Смаленскай вобласці перайшоў асобы партызанскі полк «Трынаццаць» (з красавіка 1944 года — асобае партызанскае злучэнне) пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза Сяргея Грышына. Партызаны падраздзялення наносілі ворагу вялікія страты. Толькі за 1943 год полк разграміў 40 варожых гарнізонаў, знішчыў і ўзяў у палон звыш 14 тысяч фашыстаў. Партызаны пад кіраўніцтвам Грышына падарвалі 333 чыгуначныя эшалоны, два бронецягнікі, звыш тысячы аўтамашын, дзевяць танкаў і бронемашын, 97 мастоў, дзве чыгуначныя станцыі і іншыя аб’екты. У чэрвені 1944 года злучэннем «Трынаццаць» была праведзена аперацыя па знішчэнні гарнізона Французскага добраахвотнага легіёна ў вёсцы Круча Круглянскага раёна, які вызначаўся выключнай жорсткасцю ў карных аперацыях супраць мясцовага насельніцтва. У ліпені 1944 года партызаны злучыліся з часцямі 5-й арміі 3-га Беларускага фронту ў ходзе Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён». Злучэнне «Трынаццаць» прымала ўдзел у вызваленні Чавусаў 25 чэрвеня 1944 года. За вызваленне горада і раёна сотні воінаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Звыш 40 чырвонаармейцаў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

За гэтымі высокімі ўзнагародамі і званнямі — мужнасць і стойкасць простых людзей, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны змагаліся за мір і будучыню для новых пакаленняў.

Вераніка КАНЮТА, Барыс ДАЎГАТОВІЧ, кандыдат гістарычных навук

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне.

Адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?