Вы тут

Творчасці Аркадзя Куляшова прысвячаецца


Толькі пачынаеш згадваць народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, як у памяці ўсплываюць шмат якія яго творы. І тыя, што даўно сталі хрэстаматыйнымі, і тыя, якія, як кажуць, у кожнага «свае». Аднак, бадай, цяжка знайсці чалавека, які б не ведаў песні «Алеся». Асобныя нават гатовы паўтараць яе ўслед за «Песнярамі». Толькі не ўсе здагадваюцца, што ў аснову яе пакладзены верш «Бывай...»:


Аркадзь Куляшоў. Малюнак Алега Карповіча.

Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.

Чаму так горка, не магу я зразумець.

Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае

На ўсходзе дня майго, якому ружавець.

Ці помніш першае нясмелае прызнанне?..

Над намі жаўранкам звінеў і плакаў май.

Назаўтра золкае, туманнае світанне,

Суровы позірк твой і мой нямы адчай.

Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,

Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,

Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе

На сцежках ростані мой адзінокі сум.

Пайшла за ціхія, далёкія прасторы

Світальнай зоркай ты, што гасне ў сіняве.

Душы пакрыўджанай гарачыя дакоры

Слязой халоднаю застылі на траве.

Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманны,

Палынны жаль смугой ахутаных дарог,

Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны

Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.

Бывай, смуглявая, каханая, бывай.

Стаю на ростанях былых, а з паднябесся

Самотным жаўранкам звініць і плача май.

Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.

Твой светлы вобраз панясу я па жыцці.

На ўсходзе дня майго заранка дагарае,

Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.

Шмат хто і не ведае, што гэты верш Аркадзь Аляксандравіч напісаў у 1928 годзе, калі яму было ўсяго 14 гадоў. У сталым узросце дапрацаваў яго, а знакаміты Ігар Лучанок напісаў цудоўную мелодыю. Нічога страшнага ў гэтым няведанні: колькі цудоўных песень жыве ў людской памяці як бы без іх стваральнікаў. Шкада толькі, што з-за гэтага далёка не ўсе ведаюць іх творчасць...

Не ўсё добра, што з лепшым намерам

Нарадзіўся 6 лютага 1914 года ў вёсцы Саматэвічы цяперашняга Касцюковіцкага раёна. Праўда, былой. Пасля аварыі на Чарнобыльской АЭС яе жыхароў адсялілі. Была ж вельмі прыгожай. Сам упэўніўся ў гэтым, пабываўшы там з пісьменнікам, калі далейшы лёс яе яшчэ не быў канчаткова вырашаны.

А дзе прыгажосць, там і цяга да паэзіі. Пра ўсіх казаць нельга, а ў тых, у каго ёсць талент, перадумова яго развіцця. Па сведчанні даследчыка творчасці Аркадзя Аляксандравіча — Варлена Бечыка, — першыя вершы Аркадзь Куляшоў напісаў яшчэ ў чатырохгадовым узросце. Цікава, што і змест іх памятаў. Але былі рускамоўныя, бо да 1924 года гэтая мясцовасць уваходзіла ў склад Расійскай Федэрацыі.

Упершыню ж надрукаваўся ў 1926 годзе. Яго, тады вучня Саматэвіцкай сямігодкі, верш «Ты, мой брат» быў змешчаны ў Клімавіцкай газеце «Наш працаўнік». 30 верасня таго ж года яго перадрукавала газета «Малады камуніст», адрасаваная заходнебеларускім чытачам. Неўзабаве свае старонкі яму прапанавалі і рэспубліканскія часопісы «Чырвоны сейбіт», «Маладняк», «Полымя», газета «Чырвоная змена», іншыя выданні. Рана дэбютаваў і першай кнігай «Росквіт зямлі». Яна выйшла, калі за плячыма было ўсяго 26 гадоў. У гэты час ужо вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута. Праз два гады з’явіліся «Па песню, па сонца!..» і «Медзі дождж».

Аднак на вокладцы зборніка, які быў другім, значылася «Першая кніга паэта». Благую паслугу яму аказаў Міхась Чарот, які з’яўляўся рэдактарам гэтай кнігі. Што адбылося тады, відаць па такім сведчанні Варлена Бечыка: «Чарот больш ахвотна прызнаваў рытарычны ход, „лабавую“ публіцыстычную эмоцыю — на гэтым шляху ён сам дасягнуў вялікіх удач. А вось да больш тонкай, ужо псіхалагічнай індывідуалізаванай лірыкі, ён паставіўся насцярожана і адхіліў яе, не адчуўшы яе сапраўднай сутнасці». Варлен Леанідавіч працягваў: «Міхась Чарот, як гаварыў у адной з гутарак Аркадзь Аляксандравіч, па сутнасці, зняў са зборніка „Росквіт зямлі“ ўсю сапраўдную лірыку. Малады паэт быў гэтым настолькі незадаволены, што і паставіў падзагаловак „Першая кніга паэта“ пад наступным сваім зборнікам».

Ад роднай галінкі адарваны

У першай палове 30-х гадоў мінулага стагоддзя Аркадзь Куляшоў працаваў вельмі плённа. Не толькі вершы пісаў, але і паэмы: «Крыўда», «Аманал», «Гарбун», пазнейшая назва якой «Антон Шандабыла», затым з’явіліся іншыя творы. Таксама і вершы, і паэмы. Аднак новай вышыні яго талент дасягнуў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Калі яна пачалася, знаходзіўся ў Мінску. 24 чэрвеня, пасля жудаснай бамбардзіроўкі, як успамінала яго дачка Валянціна Аркадзьеўна, ён «разам са знаёмым журналістам і выкладчыкам пад бомбамі шукаў ваенкамат, каб запісацца на фронт. У Калодзішчах армейскія пляцы толькі нагадвалі пра тое, што тут была армія — усе сталічныя ваенкаматы ўжо выехалі. Убачыўшы гэта, бацька страціў прытомнасць. Гэта быў яго першы інфаркт. Сябры па няшчасці неслі яго барысаўскімі балотамі тры дні. Урэшце Куляшоў устаў на ногі, і дабраліся да Оршы, дзе яшчэ дзейнічаў прызыўны пункт». Пехатою дабраўся да Оршы, цягніком — у Калінін, дзе добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай Арміі. Пад Ноўгарадам прайшоў падрыхтоўку ў ваенна-палітычным вучылішчы, пасля заканчэння якога служыў у армейскай газеце «Знамя Советов», потым у Беларускім штабе партызанскага руху.

Як і шмат у каго з іншых паэтаў, але ў яго, бадай, у большай ступені, з’явіліся творы, якім назаўсёды заставацца ў аналах нацыянальнага прыгожага пісьменства. Яны па праблематыцы ваенныя, хоць, праўдзівей сказаць, антываенныя, у якіх апавядаецца пра мужнасць савецкіх людзей у змаганні з гітлераўцамі, паўстае найстрашнейшае на свеце зло, якім з’яўляецца нацызм. Сёння значэнне іх асабліва важнае, бо, дзякуючы ім, лішні раз упэўніваешся, якой вялікай цаной была заваявана Перамога і што трэба рабіць, каб мінулае не паўтарылася. Такія творы неабходны ўсім нам. Маладому пакаленню — асабліва. Бо ў іх не толькі зварот да векапомных дзён. Яны — балючая і такая патрэбная памяць.

Дастаткова толькі прачытаць асобныя вершы Аркадзя Куляшова, каб адчуць у іх самае галоўнае, наблізіцца да таго страшнага, ад усведамлення чаго горка становіцца на сэрцы. Па-свойму адгукаецца напамін: ніхто не забыты, нішто не забыта:

Іх вядуць па жытняй сцяжынцы.

Чатырох.

Пад канвоем.

З дому.

Чатырнаццаць —

                          старэйшай дзяўчынцы,

Тры гады хлапчуку малому.

Разам з імі ў падвал халодны

Гоняць цётку — сястру Міная...

                          («Балада аб чатырох заложніках»);

Ёсць пад Стараю Русаю

руская вёска Лажыны...

Там хлапцы беларускія чэсна

галовы злажылі...

                          («Над брацкай магілай»);

Час перагарнуць старонкі паэмы «Сцяг брыгады», каб даведацца «як ад роднай галінкі дубовы лісток адарваны» пакідаў Мінск не толькі сам аўтар твора, але і тысячы людзей, якія ратаваліся ад гітлераўскіх нелюдзяў. Ды і больш даведацца пра іншае: пра нараджэнне ўсенароднага супраціўлення ворагу, пра тое, як свяшчэнная вайна сумленных грамадзян рабіла патрыётамі, а нелюдзей ператварала ў здраднікаў. У галоўным героі ў нечым бачыцца і сам паэт. Алесь Рыбка абяцаў вярнуцца, аднак толькі пераможцам: «...як бацька прыйду я ў дом, // Сонца ў дом // Прынясу на штыку, // Малаком // Напаю дачку, // Пасаджу свайго сына я // На жывога, // На баявога // Каня». Істотны такі момант. Ён — не з тых, хто стараецца выжыць любой цаной. Для яго жыць — ворага граміць, не хаваючыся за плячыма сяброў па зброі. Выратоўвае сцяг вайсковай брыгады. Вынес з поля бою цяжка параненага камісара Заруднага.

Вобраз Заруднага таксама атрымаўся пераканаўчы. Ён камісар не проста паводле сваёй пасады. Няхай не падасца гучным такое сцвярджэнне — ён, па сутнасці, найлепшы з найлепшых. Праўдзівасці ў абмалёўцы яго вобраза Аркадзь Аляксандравіч дасягнуў таму, што добра ведаў гэтага чалавека. Прататыпам быў член Ваеннага савета 11-й арміі брыгадны камісар Iван Зуеў. З Іванам Васільевічам Аркадзь Куляшоў быў асабіста знаёмы.

У паэме ўсё пададзена так, як і было на вайне. І ў мірны час людзі па-рознаму паводзяць сябе, а ў суровых абставінах, дзе небяспека падсцерагае на кожным кроку, гэта праяўляецца ў большай ступені. Прыклад таму — паводзіны наводчыка гарматы Мікіты Ворчыка. Ён не толькі ўцякае, а забірае з сабой сцяг брыгады.

Высокай думкі пра «Сцяг брыгады» быў Аляксандр Твардоўскі: «Перашапачатковае знаёмства з гэтай рэччу — адзін з самых яркіх і дарагіх для мяне літаратурных успамінаў ваеннага часу». Міхаіл Дудзін таксама захапіўся творам: «Гэта быў цуд пранікнення паэзіі ў саму сутнасць народнай душы, у яе сімвалы». У пачатку 1943 года паэма ў перакладзе Міхаіла Ісакоўскага была апублікавана
ў часопісе «Знамя».

Зямное і касмічнае

Пра ўклад Аркадзя Куляшова ў тэму Вялікай Айчыннай вайны ў паэзіі добра вядома. Як і пра іншыя яго творы, што на слыху аматараў літаратуры: «Маналог», «Цунамі», «Далёка да акіяна», «Варшаўскі шлях» і іншыя. Толькі, па-мойму, асобна не гаворыцца аб яго немалым укладзе ў касмічную тэму. Пачынаючы ад верша «Астраном», што не ўвайшоў у «Росквіт зямлі». Пішучы яго, адштурхоўваўся ад таго, што не толькі ўсё жывое на зямлі ўзаемна звязана, а існуе і цесная сувязь з Сусветам. Лірычны герой, у якім пазнаецца сам паэт-рамантык, прагнуў спасцігнуць гэтую лучнасць:

Як толькі змаўкаюць за брамай гудкі

І ночка маўчыць за акном,

Я зноўку выходжу глядзець на блакіт,

На зоры далёкія зноў...

...І там у каго-небудзь сэрца гарыць,

Як сэрца гарыць у мяне!

Магчыма, і ён за акрайкамі схем

Сядзіць пад напорам гадзін

Над морам такіх жа, як мы, тэарэм,

Над морам складаных машын.

Аркадзь Куляшоў, працягваючы асваенне касмічнай праблематыкі, напісаў шэраг вершаў, у якіх востра гучыць турбота за лёс Зямлі, а значыць, і самога чалавецтва. Самы значны з іх «Сасна і бяроза» — аднаго яго дастаткова, каб лічыць аўтара класікам нацыянальнай паэзіі:

Трымаюць Зямлю без падважнікаў тых,

Без мудрага троса,

Жывымі рукамі карэнняў сваіх

Сасна і бяроза.

Толькі сасне і бярозе ўдаецца да пары да часу выконваць сваю адказную і пачэсную місію, а пасля...

Ужо на насенне, якое ў раллі,

Паглядваюць коса

Аратыя смерці, каб больш не раслі

Сасна і бяроза.

Над імі ракетны ўзрываецца гук

І гул бамбавоза...

А што, як Зямлю нашу выпусцяць з рук

Сасна і бяроза?

Гэтыя два творы таму мне і падабаюцца, што пры сваім супастаўленні яны, па сутнасці, вызначаюць межавыя знакі ў паэзіі Аркадзя Куляшова. З аднаго боку — асабістае, зямное, якое, калі добра задумацца, з’яўляецца і часткай агульначалавечага, бо які чалавек, якое чалавецтва без кахання. У другім з названых вершаў — агульначалавечае, што ўспрымаецца і часткай асабістага, таму лёс планеты, будучыня і непакоіць кожнага. У нашы дні, калі з’явілася пагроза, у магчымасць якой не верылася, тым больш. Так і пісаў Аркадзь Аляксандравіч, з гэтых двух полюсаў узіраючыся ў чалавека, а праз яго бачачы жыццё ўсяго чалавецтва. У гады мірныя і ваенныя, скрушныя і пасляваенныя, паказваючы сваё станаўленне да сучаснасці і кідаючы позірк у мінулае.

Шмат займаўся і перакладамі. Аляксандр Пушкін, Міхаіл Лермантаў, Сяргей Ясенін, Андрэй Малышка, Леанід Першамайскі, Кайсын Куліеў і іншыя ў яго пераўвасабленні, не страціўшы сваёй непаўторнасці, у чымсьці сталі і беларускімі паэтамі. Класічны пераклад і знакамітага «И звезда с звездою говорит» Міхаіла Лермантава: «Зорка зорцы голас падае». З поспехам выступаў і ў кінадраматургіі.

Аркадзь Куляшоў і Якуб Колас, 1947 г.

Працаваў Аркадзь Аляксандравіч да апошняга дня, нягледзячы на тое, што за «ваенным» інфарктам былі і «мірныя». Пайшоў у вечнасць 4 лютага 1978 года ў нясвіжскім санаторыі, дзе адпачываў. Пад вершам «Карусель» значыцца «3-га лютага». Праўда, у яго быў аднайменны твор даваеннага часу, але гэта, па сутнасці, новы верш, настолькі ўзмацніліся ў ім матывы і таго незваротнага, што знікла з маленствам.

Жывучы не проста ярка, а з найвышэйшай самааддачай (працуючы на знос), меў права напісаць такія радкі:

Мне кожны год, нібы жыццём другім,

Жыць у дваццаты век наш давялося...

Я — акіяну жытняе калоссе:

Мільёны лёсаў змешчаны ў маім,

Яшчэ да дна не вычарпаным лёсе.

Рыгор Барадулін дакладна прыкмеціў, «што паэзія Аркадзя Куляшова — духоўная энцыклапедыя яго пакалення». Нельга не прыслухацца і да голасу яго паплечніка і сябра Пімена Панчанкі, які ў вершы «Куляшову» засведчыў:

І кружыцца планета Куляшова,

І песня пра Алесю ўсё звініць.

Важнае і такое сугучча: два народныя паэты захапляюцца яшчэ адным народным. Дарэчы, я пра гэта неяк пісаў ужо: калі паставіць у рад імёны Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, то месца Аркадзя Кляшова паміж Купалам і Танкам, а далей ужо ідзе Рыгор Барадулін.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?