Вы тут

Як працаўладкоўваюць асаблівых выпускнікоў?


Рэспублiканскi мiжведамасны семiнар-нарада па актуальных пытаннях прафесiйнага навучання асоб з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця i iх далейшага працаўладкавання прайшоў у Мiнску. У мерапрыемстве прынялi ўдзел прадстаўнiкi адукацыi, працы i сацыяльнай абароны, аховы здароўя, Мiнгарвыканкама, грамадскiх аб’яднанняў iнвалiдаў. 


Што патрабуе ўвагі?

Удзельнiкi семiнара наведалi не толькi сталічны каледж лiчбавых тэхналогiй, дзе навучаюцца маладыя людзi з асаблiвасцямi, але i арганiзацыi, куды могуць працаўладкавацца такiя выпускнiкi. 

— Сёння ў поўным аб’ёме рэалiзуецца прынцып дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкi i стварэння неабходных умоў для атрымання адукацыi i далейшага прафесiйнага станаўлення i працаўладкавання тых маладых людзей, якiя маюць асаблiвыя патрэбы, — адзначыў на пленарным пасяджэнні міністр адукацыі Андрэй Іванец. — На жаль, банк даных дзяцей з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця пастаянна папаўняцца. Амаль кожнае дзясятае дзiця ва ўзросце да 18 гадоў адносiцца да групы, якая мае асаблiвыя адукацыйныя патрэбы. Фактычна можна казаць пра тое, што той прынцып iнклюзiўнай адукацыi, якi закладзены сёння у Кодэксе ад адукацыi, з’яўляецца пастаянным у нашай штодзённай рабоце. 

Андрэй Iванец акцэнтаваў увагу на ключавых задачах i пытаннях, якiя патрабуюць асаблiвай увагi i штодзённай карпатлiвай работы. 

— Нягледзячы на тое, што цягам паўтара год рэалiзуецца мiжведамасная дарожная карта памiж мiнiстэрствамі аховы здароўя, працы i сацыяльнай абароны, адукацыi, якую мы падпiсалi ў лiпенi 2022 года, i па гэтай карце шмат зроблена, усё роўна мы бачым дастаткова сур’ёзныя праблемныя пытаннi, якiя патрабуюць рашэння, у прыватнасці ў частцы ранняга выяўлення такiх дзяцей. Чым у больш раннiм узросце мы выявiм асаблівасці, тым больш у гэтых дзяцей шансаў стаць звычайнымi, як мы называем норматыпiчнымi дзецьмi i атрымаць шчасную пуцёўку ў жыццё. Нават у сiстэме адукацыi не выбудавана мiжузроўневае узаемадзеянне, i мы прымаем гэту крытыку. Складана сёння сказаць, як адбываецца перадача дзяцей з дзiцячага садка ў школу. Так, працуюць цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі ў кожным раёне, збiраецца медыка-псiхалагiчная камiсiя, якая дае адукацыйны маршрут. Але эфектыўнасць гэтай работы ацэньваецца па задаволенасцi бацькоў i па далейшай сацыялiзацыi гэтых дзяцей. На жаль, тут нам сур’ёзна варта паглядзець углыб не толькi дакументаў, але i формы рэалiзацыi i вызначэння гэтага адукацыйнага маршруту, — звярнуў увагу міністр. 

Ён удакладніў, што колькасць спецшкол апошнім часам скарацiлася ў два разы, у краiне іх функцыянуе 47. Дзеці,якія маюць асаблівыя адукацыйныя патрэбы, вучацца на базе звычайных устаноў адукацыi, дзе рэалiзуюцца праграмы з частковай цi поўнай iнтэграцыяй. 

— Разам з тым пытанні перадачы дзяцей са школы ў каледж па вялiкiм рахунку зусім не выбудаваны. Гэта работа трымаецца дзесьцi на асабiстых сувязях, на неабыякавасці дырэктара каледжа, на ўвазе органаў мясцовай улады. Але мы павiнны стварыць такую нарматыўную базу, такiя ўмовы, калi без чалавечага фактара гэта сiстэма будзе працаваць, асаблiва для дзяцей са спецшкол, якiя маюць парушэннi слыху, зроку, iнтэлектуальныя недахопы. Мы ведаем гэтых дзяцей, мы iх вучылi цягам 10 гадоў, што нам перашкаджае выбудаваць сiстэму кропкавай перадачы ў каледжы – пытанне рытарычнае, — акрэсліў яшчэ адну праблему Андрэй Іванец. 

Нагадаў ён і аб тым, што маладыя людзі з захаваным iнтэлектам могуць атрымліваць адукацыю ў ВНУ, у прыватнасці, дзякуючы дыстанцыйнай форме, якая ўпершыню замацавана ў Кодэксе аб адукацыi. Яна падразумявае арганiзацыю адукацыйнага працэсу з выкарыстаннем iнфармацыйна-камунiкацыйных сiстэм, на аснове iнжынерных тэхналогiй. 

— Сёлета мы ўпершыню ажыццявiлi набор у Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт iнфарматыкi i радыёэлектронiкi на некаторыя спецыяльнасцi. Але вынiковасць набору менавiта тых дзяцей, якiя павiнны прыходзiць на такую форму атрымання адукацыi, выключна нiзкая i прама скажам, нездавальняючая, — адзначыў міністр. — Дырэктарам школ, каледжаў, якiя ажыццяўляюць падрыхтоўку, рэктару ўнiверсiтэта i заказчыкам кадраў трэба сесці за адзін стол і выбудаваць адзiную сiстэму. Гэта не значыць, што знiкне iндывiдуальны падыход да кожнага, але без агульнага сiстэмнага падыходу мы кожны раз будзем дэманстраваць толькi кропкавае рашэнне гэтых задач.

Андрэй Іванец заклікаў і кiраўнiкоў прадпрыемстваў — заказчыкаў кадраў яшчэ больш звярнуць увагу на такіх маладых людзей. 

— Гэта няпростая работа. Хацелася б, каб мы выбудавалi адзiную сiстэму i падыходы, калi кожны работадаўца створыць такую прастору з пункту погляду ўмоў працы, каб гэтыя маладыя людзi гатовы былi прыйсцi на прадпрыемства. 

Працоўнае месца па броні

Першы намеснiк мiнiстра працы i сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка расказала пра такую форму працаўладкавання выпускнiкоў, як бранiраванне працоўных месцаў. 

Яна праінфармавала, што службы занятасцi працуюць з усiмi катэгорыямi грамадзян. За год навучанне праз службы занятасцi прайшлi каля 2,5 тысяч чалавек. Летась было працаўладкавана больш за 81 тысячу чалавек. Актыўна працуюць службы занятасцi з людзьмi з iнвалiднасцю. За мiнулы год працаўладкавана 1800 iнвалiдаў. Пры гэтым нярэдка выкарыстоўваецца такi механiзм, як суправаджальнае працаўладкаванне, калi прадстаўнiк службы занятасцi суправаджае чалавека з інваліднасцю да наймальнiка. Працаўладкаванне па такiм механiзме адбываецца ў 99% выпадкаў.

Наталля Паўлючэнка нагадала, што ў Кодэксе аб адукацыi з’явілася яшчэ адна форма працаўладкавання асоб з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця — за кошт бронi. Рабочыя месцы па заяўцы ўстановы адукацыi бранiруюцца мясцовымi выканаўчымi органамi ўлады яшчэ да заканчэння навучання такiх выпускнікоў i дазваляюць працаўладкаваць з захаваннем статуса маладога спецыялiста. 

— Гэты механiзм не новы для служб занятасцi, i ёсць шмат катэгорый — дзецi-сiроты, iнвалiды, людзi перадпенсiйнага ўзросту — працаўладкоўваюцца такiм чынам. У краiне больш за 22 тысячы забранiраваных рабочых месцаў. З iх каля 3,5 тысячы толькi для iнвалiдаў. Гэта мера дадатковай гарантыi. Калi на забранiраванае працоўнае месца працаўдкоўваецца чалавек, наймальнiк не ў праве яму адмовiць і павiнен прыняць на работу, — патлумачыла Наталля Паўлючэнка. 

Механізм працуе наступным чынам. За чатыры месяцы да заканчэння навучання выпускнiкоў установы адукацыi падаюць заяўкі, i не пазней за месяц да заканчэння мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы бранiруюць рабочыя месцы. Браніраванне выкарыстоўваюць пры немагчымасцi размеркавання. Выпускнікам выдаецца накiраванне на работу i яны прыязджаюць да наймальнiка i працаўладкоўваюцца. 

Летась такі механізм быў упершыню скарыстаны з выпускнікамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У 2023 годзе іх было 510, у тым ліку 448 атрымалі прафтэхадукацыю, 61 — сярэднюю спецыяльную i 1 — вышэйшую. 19 з iх працягнулi адукацыю на iншым узроўнi, 11 не падлягалi размеркаванню, 443 маладых чалавекі былi размеркаваны i на 37 выпускнікоў паступiлі заяўкі на бранiраванне працоўных месцаў. З механізмам браніравання працавалi тры вобласцi: Мiнская, Вiцебская i Брэсцкая. Найлепшы вынік у Віцебскай вобласці, дзе актыўней за щсіх спрацаваў Ульскi адукацыйны каледж iмя Даватара ў Бешанковіцкім раёне. 

Наталля Паўлючэнка рэзюмавала, што на адкрытым рынку вялiкая колькасць вакансiй — каля 89 тысяч толькi па рабочых прафесiях, і на дадзеным этапе прапрацоўваецца пытанне пашырэння магчымасцяў працаўладкавання выпускнікоў. 

Колькасць спецыяльнасцяў расце

Рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі праінфармаваў, што ў Рэспубліканскім банку даных больш за 180 тысяч асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У сістэме прафесійнай адукацыі сёлета навучаецца больш за 1600 такіх навучэнцаў у 150 каледжах. 

— Колькасць каледжаў, якія набіраюць такіх абітурыентаў, павялічваецца. Частка каледжаў сустракаецца з такой катэгорыяй упершыню і надае ўвагу падрыхтоўцы педагогаў і стварэнню ўмоў. Для маладых людзей, якія прыходзяць за прафесіяй асэнсавана, маецца інфраструктура, падрыхтаваныя кадры і навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу, функцыянуюць цэнтры прафесійнай і сацыяльнай адаптацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — расказаў Валерый Галубоўскі. 

Усяго ў краіне дзейнічае восем такіх цэнтраў. Яны у тым ліку праводзяць стажыроўкі і навучанне педкадраў іншых каледжаў рэгіёна, рэспубліканскія семінары і круглыя сталы па пытаннях арганізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі. 

Рэктар РІПА расказаў, што для маладых людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія па медыцынскіх паказаннях часова ці пастаянна не могуць наведваць установы адукацыі, устаноўлены парадак атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі на даму па асобных спецыяльнасцях і кваліфікацыях. Акрамя таго, у класіфікатары асобна вылучаны 18 спецыяльнасцяў, што ўключаюць 39 кваліфікацый, якія прызначаны для асваення асобамі з інтэлектуальнай недастатковасцю. У гэтым навучальным годзе прафесійная адукацыя асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю ажыццяўляецца па 11 спецыяльнасцях. 

Сумесна з арганізацыямі-заказчыкамі кадраў вядзецца работа па адкрыццю новых спецыяльнасцяў і кваліфікацый. Сёлета плануецца ўвядзенне новай спецыяльнасці «класічны дызайн» з кваліфікацыяй «фларыст 3 разраду» для навучання асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю. Прапрацоўваецца пытанне далейшага пашырэння пераліку спецыяльнасцяў з найбольш моцнымі навучальнымі ўстановамі і рэальным сектарам эканомікі. 

Попыт на ўсіх выпускнікоў

Сваім досведам падзяліліся прадстаўнікі прадпрыемстваў Мінска, дзе працуюць выпускнікі каледжаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Напрыклад, у ААТ «Інтэграл» працуюць 37 інвалідаў з парушэннямі слыху. У асноўным гэта маладыя людзі ад 20 да 35 год. Усе яны выпускнікі Мінскага каледжа лічбавых тэхналогій. У гэтым годзе па размеркаванні на прадпрыемства прыйдуць яшчэ 8 чалавек з парушэннем слыху.

— Ёсць супрацоўнікі, якія працуюць ужо больш за 10 гадоў. Мы актыўна дапамагаем ім адаптавацца на працы і ў калектыве, у нас ёсць спецыяліст мовы жэстаў, які дапамагае рабятам зразумець сутнасць іх працы і ўзаемадзейнічаць з калектывам. Большасць з іх асвоіла прафесію вымяральніка электрафізічных параметраў вырабаў электроннай тэхнікі. Пасля праходжання практыкі супрацоўнікі атрымліваюць 3-ці разрад, потым 4-ы, а пасля заканчэння каледжа прыходзяць да нас на работу з 5-м разрадам. Сярод працуючых ужо створаны дзве сямейныя пары, дзве жанчыны зараз знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзяцей да трох гадоў. 27 чалавек пражываюць у нашым інтэрнаце. Яно знаходзіцца ў крокавай даступнасці ад вытворчасці, што вельмі камфортна, — расказала намеснік генеральнага дырэктара па персанале і ідэалагічнай працы ААТ «Інтэграл» — кіруючая кампанія холдынгу «Інтэграл» Вольга Салдаценка.

Удзельнікі семінара пазнаёміліся з умовамі навучання ў цэнтры прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі для асоб з АПФР, які на працягу 18 гадоў функцыянуе ў Мінскім каледжы лічбавых тэхналогій. Штогод тут навучаюцца каля 90 юнакоў і дзяўчат з парушэннямі апорна-рухальнага апарата, расстройствам аўтыстычнага спектру, слыху і зроку. Хлопцаў і дзяўчат з абмежаванымі магчымасцямі навучаюць па спецыяльнасцях «Мікраэлектроніка», «Мікра- і нанаэлектронныя тэхналогіі і сістэмы», «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій», «Фатаграфія». Усе выпускнікі або працаўладкоўваюцца на прадпрыемствы сталіцы або працягваюць навучанне ў ВНУ.

Алена КРАВЕЦ

Фота pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.