Вы тут

DANAYA: Не ўяўляю жыцця без музыкі


Яе рэдкае, запамінальнае імя мае міфалагічны кантэкст, а творчае амплуа чаруе загадкавасцю і здзіўляе неардынарнасцю. Харызматычная, таленавітая артыстка параўнальна нядаўна на беларускай сцэне, а ўжо паспела заняць уласную нішу і знайсці свайго слухача. Нягледзячы на жорсткі творчы графік, яна сур’ёзна вывучае юрыспрудэнцыю на факультэце права, а яшчэ выкладае, што прымушае заставацца ў тонусе. Таксама творца актыўна прымае ўдзел у дабрачынных канцэртах і з’яўляецца валанцёрам руху БРСМ «Добрае сэрца». Свае песні яна лічыць жыццёвымі, а памылкі называе крокамі да поспеху. Абажае «Кармен» і да гэтай пары не можа забыць свой дэбют на вялікай сцэне. Пра гэта і многае іншае пагаварылі ў эксклюзіўным інтэрв’ю з госцяй «Чырвонкі. Чырвонай змены» — членам Беларускага саюза музычных дзеячаў спявачкай DANAYA (Данаяй Шаршавіцкай).


— Давай пачнём з тваіх каранёў. Адкуль ты родам?

— Я з Барысава. У гэтым горадзе пражыла адзінаццаць гадоў, яшчэ адзінаццаць — у Мінску. Бываю на малой радзіме не вельмі часта. Там у нас застаўся дом, таму ў асноўным ездзім летам.

— У цябе рэдкае і прыгожае імя. Гэта псеўданім?

— Даная — гэта маё імя па пашпарце, а не псеўданім. Для сцэны я пішу яго англійскімі літарамі без прозвішча.

— Раскажы пра сваё дзяцінства. Што асабліва запомнілася?

— Дзяцінства было вельмі актыўным. Я ў тэатры іграла, наведвала мадэльную школу ў Мінску, пасля пачала займацца вакалам. Школа была з музычным ухілам — гэта сальфеджыа, фартэпіяна, вакал, хор, таму дзяцінства было максімальна насычаным. Нядзіўна, што прыйшла да музыкі. Заўсёды хацела іграць на фартэпіяна, хоць мне прапаноўвалі іншыя інструменты... Потым маці пазнаёмілася з кампазітарам Ганнай Казловай. І ўжо ў дзевяць гадоў я прыйшла на эстрадны вакал. Затым была гімназія-школа мастацтваў імя Ахрэмчыка. Выпусцілася з чырвоным дыпломам па спецыяльнасці «Дырыжыраванне. Акадэмічны хор». Цяпер вучуся ў іншай сферы — на юрыдычным факультэце эканамічнага ўніверсітэта.

— Даная, хто стаў тваім аўтарытэтам у творчасці?

— Не ведаю. Шмат каго люблю слухаць. Розную музыку. І класіку абажаю. Напрыклад, на оперу Жоржа Бізэ «Кармен», мне здаецца, магу хадзіць пастаянна. 

І сучасную музыку люблю. Што датычыцца куміра, то я ніколі на аднаго пэўнага артыста не раўнялася. Ад усіх пакрысе нешта ўзяла — так і склаўся мой вобраз.

— Ці памятаеш свой дэбют на сцэне?

— Свой дэбют на эстрадзе памятаю. У чатыры гады іграла ў тэатры не вельмі паслухмяную дзяўчынку. У гэтым спектаклі са мной ігралі і мае бацькі. Прычым абсалютна выпадкова (усміхаецца). Тады захварэлі галоўныя героі — іх вырашылі замяніць маімі бацькамі. Для маці гэта было больш-менш нармальна, таму што яна ў свой час вучылася ў музычнай школе. А для бацькі, як для ўрача, гэта было нешта вельмі незвычайнае, незразумелае, але ён справіўся (смяецца).

— Задумвалася, хто твой слухач?

— Слухач мой, напэўна, вельмі добры, шчыры, які разумее і прымае.

— Раскажы пра сваю музыку. Як можаш яе апісаць? І па якіх кампазіцыях можна цябе пазнаць?

— Песні ўвогуле дастаткова жыццёвыя, акрамя дзвюх апошніх — «Дафамін» і якая не так даўно выйшла — «Не давяраць». У некаторых сінглах нават ёсць цытаты, запісаныя і з маіх слоў. А пазнаць мяне можна па песнях «Дафамін», «GPS», «Крэмавае неба» і кампазіцыі «Не давяраць», якая, спадзяюся, заляціць у чарты і сэрцы слухачоў.

— Ці сутыкалася хоць раз з творчым выгараннем?

— Выгаранне было адзін раз на трэцім курсе каледжа. Я адпусціла на той момант нейкія сітуацыі, вырашыла: што будзе, тое будзе. І яно прайшло. А ўвогуле я займаюся любімай справай, якой гару. Таму выгарання моцнага не лаўлю.

— Даная, ведаю, што, акрамя сцэны, ты яшчэ педагог. Раскажы пра гэта.

— Гэта няпроста. Да ўсяго трэба быць яшчэ і псіхолагам — каб знайсці падыход да кожнага вучня. А ў мяне займаюцца не толькі дзеці, але і дарослыя. Не магу сказаць, з кім лягчэй і прасцей: ва ўсіх ёсць свае нюансы, моманты, пытанні.

— Што параіш пачаткоўцу, які марыць аб прафесійнай сцэне?

— Не здавацца і не губляцца, калі ў цябе што-небудзь не атрымліваецца. Літаральна ўчора гаварыла аб гэтым сваёй выхаванцы. На ўроку яна выканала пэўныя ноты не так, як можа і як мне хацелася б. (Трэба сказаць, што на занятках ніколі не сваруся.) Задала пытанне: «Чаму ты так зрабіла?» Вучаніца не ведала адказу, але адчула праз мае словы, што праспявала няправільна. Малая расплакалася, і я палову ўрока тлумачыла, што памылкі — гэта крокі да поспеху.

— Ці шмат сяброў з’явілася дзякуючы музыцы?

— Не магу сказаць, што ў мяне шмат сяброў, якія з’явіліся дзякуючы музыцы. Хутчэй, гэта проста знаёмыя, а не сябры, з якімі мы можам сустрэцца на рабоце і пагаварыць.

— Якую апошнюю кнігу ты прачытала?

— Даўно не чытала. З кнігамі ў мяне такая гісторыя: калі пачынаю чытаць і мяне захоплівае, значыць, гэта мая кніга. І выдаткоўваю свой час для яе. Калі не захоплівае, магу адкласці і пачаць чытаць праз паўгода, пару месяцаў, год. Так адбылося з маёй любімай кнігай «Кансуэла» Жорж Санд. Памятаю, пачала чытаць, потым неяк закінула і цалкам прачытала, не адрываючыся, усе два тамы, напэўна, праз год.

— Чым, акрамя музыкі, яшчэ захапляешся?

— Мне здаецца, я захапляюся толькі музыкай і вучобай на факультэце права. Калі б не музыка... Нават не ведаю, што адказаць. Музыка была заўсёды ў маім жыцці, і я не ўяўляю жыццё без музыкі. Магчыма, гэта быў бы мадэлінг, тэатр, альбо я была б звычайным падлеткам, студэнткай.

— Што станоўчае, а што адмоўнае, на тваю думку, у прафесіі артыста?

— Станоўчае ў прафесіі артыста — гэта шалёны энергаабмен. Нават калі ў цябе няма настрою перад пэўным канцэртам (бывае ўсялякае), то, калі выходзіш на сцэну, адбываецца абмен энергіяй і зараджаешся па максімуме. Адмоўнае — жорсткі графік. Мала спіш, мала ясі…

— Ведаю, што ты актыўна ўдзельнічаеш у дабрачынных акцыях. Напрыклад, сёлета выступала на канцэрце «Усе фарбы жыцця для цябе» ў падтрымку 14-гадовай Ксеніі Вілюхі.

— Так, я прымаю ўдзел у дабрачыннасці. Калі ў мяне ўсё ў парадку з датай гэтага канцэрта, я нікуды не з’ехала, то, вядома, выступлю. З радасцю дапамагу. Калі гэта збор сродкаў на лячэнне дзіцяці, то я куплю які-небудзь падарунак яму ці проста пакладу пэўную суму ў канверт. У гэтым плане я заўсёды адкрытая да прапаноў і стараюся ніколі не адмаўляцца.

— Даная, які галоўны пасыл ты нясеш сваёй творчасцю?

— Не магу вызначыць які-небудзь адзін пасыл. Напэўна, гэта прапаганда кахання, магчыма, пэўнай жаночай сілы.

— Чым парадуеш у хуткім часе прыхільнікаў?

— На новую песню хутка выйдзе відэаработа, не хачу гэта называць кліпам. Ну і, вядома, будуць канцэрты, новыя калабарацыі, трэкі.

— Пажадай што-небудзь чытачам «Чырвонкі. Чырвонай змены».

— Я даю інтэрв’ю крыху хворая. Прастуда моцна адбілася на маім галасавым апараце. Таму хачу пажадаць чытачам «Чырвонкі. Чырвонай змены» бязмежнага здароўя (цяпер гэта ўсім патрэбна). А яшчэ жадаю поспехаў ва ўсіх пачынаннях. Не бойцеся рабіць штосьці новае, займацца чымсьці незвычайным і рызыкаваць. Кахання і бязмежнага шчасця!

— Дзякуй за цікавае інтэрв’ю! Поспехаў, новых яркіх праектаў, здароўя і пазітыву!

Надзея ЗУЕВА

Фота з уласнага архіва спявачкі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.