Вы тут

Як пасадзіць суніцы на расаду, каб пакаштаваць ягады ўжо сёлета


Стратэгія вырошчвання расады садовых суніц напрамую залежыць ад таго, калі расліны збіраюцца высаджваць у глебу, і ад таго, ці ёсць магчымасць забяспечыць расадзе камфортнае асвятленне і догляд пры раннім зімовым пасеве. Садовую суніцу высаджваюць у грунт або вясной, або восенню. У першым выпадку ёсць шанц пакаштаваць ягады ўжо сёлета. На другі год ураджай будзе ўжо паўнацэнным і якасным.


Садовую суніцу на расаду можна высейваць:

1. У канцы зімы — з трэцяй дэкады студзеня да апошняй дэкады лютага. Зімовыя пасевы патрабуюць дасветкі і пастаяннага кантролю ўмоў, расліны лёгка выцягваюцца, больш капрызныя, павольней развіваюцца. У глебу такія суніцы высаджваюць увесну, калі цалкам знікне пагроза зваротных прымаразкаў.

2. У сярэдзіне ці ў канцы вясны — у красавіку ці маі. Не патрабуючы дасветкі і адрозніваючыся значна хутчэйшым ростам, позняя расада суніц хутка фарміруе дужыя кусцікі з магутнай каранёвай сістэмай, а да моманту пасадкі ўвосень на сталае месца нашмат апярэджвае раннюю расаду. Пасадку на градкі праводзяць у канцы лета ці пачатку восені, даючы дастаткова часу на якаснае ўкараненне да пачатку зімы.

Вызначыўшыся з аптымальнымі тэрмінамі, пераходзім да работы з насеннем. Замочваць яго ці не? Калі ў насення скончыўся тэрмін прыдатнасці, скарыстайцеся дадаткова стымулятарам росту, дзейнічаючы па інструкцыі. У астатніх выпадках гэтую працэдуру прапускаюць.

Для вырошчвання расады робяць грунт з пяску, садовай зямлі і перагною ў суадносінах 3:1:1. Яго трэба папярэдне абеззаразіць ад мікраарганізмаў. Дасведчаныя агароднікі рэкамендуюць выкарыстоўваць тарфяныя таблеткі мінімальнага дыяметра. Пасля замочвання яны павялічваюцца ў вышыню ў 10 разоў, ператвараючыся ў тарфяны слупок.

Ёмістасць для вырошчвання падыходзіць пластыкавая і празрыстая, паколькі ў ёй не распаўсюджваецца грыбок. Можна выкарыстоўваць пластыкавыя кантэйнеры з супермаркетаў. Калі тарфяныя таблеткі абеззаражваць няма неабходнасці, то ёмістасць варта працерці растворам марганцоўкі.

Пераходзім да вываду насення са спячкі, даўшы яму штуршок да росту ў выглядзе стратыфікацыі. Парадак дзеянняў:

1. Ёмістасць запаўняем грунтам, пакідаючы да краю 2 см.

2. Зверху зямлі шчыльна насыпаем снег.

3. Насенне раўнамерна размяркоўваем па снежнай паверхні.

4. Ставім у халадзільнік на 3 дні.

Сутнасць методыкі стымуляцыі росту насення заключаецца ў тым, што снег, які растае, зацягвае насенне ў глебу на патрэбную глыбіню (пры паліве з распыляльніка насенне не будзе рухацца). Выканаўшы паэтапна вышэйзгаданыя крокі, пераходзім да догляду за будучай расадай суніц.
На працягу 1–4 тыдняў чакаем з’яўлення першых парасткаў. Ёмістасць з насеннем, якая нядаўна стаяла ў халадзільніку, ставіцца ў асветленае цёплае месца. Усходы трэба накрыць харчовай плёнкай або поліэтыленавым пакетам.

Ствараецца герметычная канструкцыя, усярэдзіне якой вільготна і цёпла. Аб дастатковай колькасці вільгаці гаворыць наяўнасць кропель на «вечку». Іх трэба перыядычна выціраць папяровым ручніком. 1-2 разы на дзень здымайце харчовую плёнку, каб цяплічка ветрылася.
Калі тэмпература ўнутры цяплічкі складае 22–25 градусаў, спатрэбіцца дадатковы паліў. Пры нізкай тэмпературы (менш за 20 градусаў) усходаў суніцы не чакайце, бо тэмпературны рэжым спрыяе размнажэнню цвілі.

Запомніце аксіёму: прарастае насенне суніц на святле. І зімой дзённага святла недастаткова. Пажадана дасвечваць расаду газаразраднай або люмінесцэнтнай лямпай. Для зручнасці набываецца таймер-разетка, якая аўтаматычна ўключае святло ў вызначаны час.

Уключаць лямпу можна ў 6 раніцы, а выключаць — у 23:00. Такога светлавога дня для суніц будзе дастаткова, каб з’явіліся першыя лісточкі.

Да пікіроўкі пераходзяць пасля з’яўлення ў сунічнай расады двух лісточкаў. Яны павінны быць не круглымі, а зубчастымі.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.