Вы тут

Алеся Кузняцова: Не здрадзь сваёй мары


У нашай краіне яе ведаюць як прадзюсара арт-групы «Беларусы», генеральнага дырэктара прадзюсарскага цэнтра «Залатыя галасы». Летась у Выдавецкім доме «Звязда» выйшаў раман Алесі Кузняцовай «Калі трашчыць лёд», тысячны тыраж якога ўжо практычна распрададзены. Такі поспех першай кнігі аўтара, пагадзіцеся, уражвае.

Пагаварылі з Алесяй Кузняцовай пра яе шлях у літаратуру, пра кар’еру і сям’ю, пра яе раман з працягам і пра тое, чаму не варта здраджваць сваёй мары.


Шляхі творчасці

— Ваша энергія падаецца невычарпальнай: канцэрты, пастаноўкі, гастролі... 

— Сапраўды, я вельмі актыўны чалавек. Умею знаходзіць таленавітых людзей і аб’ядноўваць іх агульнай ідэяй. Таму ў нас заўсёды нараджаліся яскравыя, цікавыя праекты. Адзін з любімых — «Вытокі», і я шчаслівая, што менавіта нашаму прадзюсарскаму цэнтру арганізатары фестывалю даверылі ўсю музычна-канцэртную яго частку. Вось ужо тры гады разам з Нацыянальным Алімпійскім Камітэтам, галерэяй «Арт-хаус», Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, «БелБрэндАўдытам» і творчымі калегамі мы займаемся гэтым маштабным фестывалем, які ўпершыню ў нашай краіне аб’яднаў спорт, культуру і мастацтва. 

За амаль дваццаць гадоў працы Алеся Кузняцова арганізавала больш за 3500 канцэртаў, гастролі арт-групы «Беларусы» па нашай краіне, Расіі, Прыбалтыцы, прымала ўдзел у падрыхтоўцы дзяцей да «Еўрабачання», «Славянскага базару ў Віцебску». Атрымала вопыт працы дырэктарам такіх знакавых для краіны канцэртаў, як «Александрыя збірае сяброў», «Плошча Перамогі», шэрагу канцэртаў у Палацы Рэспублікі. Займалася пастаноўкамі дзіцячых мюзіклаў і шмат чым яшчэ.

— Як сталася, што паспяховая і занятая мноствам праектаў жанчына раптам пачала пісаць прозу?

— Складаныя моманты жыцця могуць зрабіцца кропкай росту. Так здарылася са мной падчас пандэміі, калі мы былі без канцэртаў — праўда, усяго на тры месяцы. Задумалася: а чым я хацела б заняцца, калі не арганізацыяй шоу? Успомніла, што ў юнацтве мае апавяданні публікаваліся ў літаратурных часопісах. Па адукацыі я журналіст, дэкан журфака Алег Слука (былы – Заув.) нават казаў мне ў час маёй вучобы, што бачыць мяне пісьменніцай. Але мне тады было складана ўявіць гэта — я працавала на ваенным тэлебачанні і была цалкам пагружаная ў здымкі, камандзіроўкі, рэпартажы.
І вось — пандэмія. Я вырашыла паступіць у расійскую анлайн-школу пісьменніцкага майстэрства. Прачыналася вельмі рана, заварвала сабе кубак кавы і, пакуль сям’я спала, пісала свой першы раман «Калі трашчыць лёд». За акном ішоў снег, а я прыдуляла герояў... І паколькі была ўпэўненая, што пішу выключна для свайго задавальнення, то стварала такую кнігу, якую хацела б прачытаць сама.

— А затым вярнуўся ранейшы свет…

— І я зноў была занятая канцэртамі, але са мной ужо было маё хобі — так я тады лічыла. У вольны час пісала апавяданні. Аднойчы прызналася ў гэтым выдаўцу з Расіі Марыі Райдэр і па яе настойлівай просьбе адправіла ёй апавяданне «Мудры». Рэцэнзія выдавецтва, куды яна перадала твор, была цёплай, з рэкамендацыяй падаць тэкст на конкурс, што я і зрабіла. Калі «Мудры» патрапіў у лонг-ліст конкурсу «Кнігатэрапія», я вельмі натхнілася, успомніла пра раман і паказала яго Марыі. Яе вердыкт быў адназначны: выдаваць! Так электронная версія кнігі апынулася на платформе «ЛітРэс», дзе ў той момант было размешчана 110 тысяч раманаў пра каханне. Кнігу купілі ў тую ж ноч, а раніцай мне ў асабістыя паведамленні прыйшоў першы чытацкі водгук: жанчына не змагла адарвацца ад тэкста да апошняй старонкі. 

Чытачоў станавілася ўсё больш, продажы раслі. Пра раман даведаліся ў Беларусі. Кніга прывабіла расійскіх блогераў, яны рэкамендавалі яе сваім падпісчыкам. Раман увайшоў у лонг-ліст конкурсу «ЛітРэс» «Каханне паміж радкоў», а потым і ў шорт-ліст, у дзясятку лепшых, і стаў хітом продажаў, бестселерам.

Жанчына выходзіць з ценю

— Для тых, хто цяпер прымае рашэнне купіць папяровую версію рамана, як вызначыць яго галоўны мэседж? Кніга пра каханне? Пра жаночую самарэалізацыю? Пра шлях да сябе?

— Я вельмі ўдзячная Выдавецкаму дому «Звязда», асабіста яго дырэктару — галоўнаму рэдактару, старшыні СПБ Аляксандру Карлюкевічу за тое, што выдавецтва паверыла ў мяне. «Калі трашчыць лёд» — першая мая кніга, і, канечне, пэўная рызыка была. Рада, што раман паспяхова прадаецца ў Беларусі.

Галоўны пасыл кнігі такі: ніколі не здраджвайце сваёй мары. На маю думку, мары — гэта маякі, якія сярод мітусні жыцця паказваюць, у чым нашы сапраўдныя жаданні. Калі нам пашчасціла знайсці сваю мару (а зрабіць гэта можна толькі пасля таго, як зразумееш, хто ты), ёсць два шляхі. Рызыкнуць і пайсці за ёй, але гэта няпроста, даводзіцца ламаць стэрэатыпы. Або пакінуць усё як ёсць, і тады чалавек пазбаўляе сябе чагосьці вельмі важнага.

Героі рамана Лера і Алекс упэўнены, што жывуць шчаслівым жыццём паспяховых людзей. Але выпадковая сустрэча адкрывае абодвум, што ў іх жыцці ўсё не так, як здаецца. Адносіны паміж імі немагчымыя ў той момант, але сустрэча падштурхоўвае да пошукаў сябе. Іх жыццё пачынае мяняцца.

— І тады лёд трашчыць…

— Так. Дарэчы, у назвы некалькі значэнняў. Па-першае, трашчыць лёд возера Байкал — гэта адна з лакацый рамана. Па-другое, расколіну дае тая люстраная паверхня лёду, па якой нібыта слізгае Лера да сустрэчы з Алексам. Яна баіцца ўсвядоміць, што насамрэч не ўсё так гладка, а пад роўнай паверхняй — чорныя бурлівыя воды. І калі лёд яе жыцця трашчыць, у ёй адбываецца трансфармацыя. Мая гераіня знаходзіць апору ў сабе і разумее, што значна мацнейшая і разумнейшая, чым яна думала, і вельмі многае можа. Жанчына выходзіць з ценю чужых жаданняў, у якіх растварылася, і дазваляе сабе ўласную мару.

— Персанажы рамана — плён аўтарскай фантазіі або ў іх ёсць прататыпы?

— Вобразы зборныя. Я многае прыкмячала, назіраючы за людзьмі, за жыццём навокал. Як музычны прадзюсар, праехала з канцэртамі тысячы гарадоў, даведалася багата розных гісторый — трагічных, камічных, сур’ёзных. На мой погляд, гісторыі людзей — самае цікавае ў свеце. Кніга напоўнена рэальнымі чалавечымі перажываннямі — магчыма, таму яна мела такі поспех.

— Атрымліваецца, вопыт канцэртнай дзейнасці дапамог у літаратурнай творчасці?

— Дапамог. Ён напоўніў маё жыццё яркімі, маштабнымі падзеямі, падарыў найцікавейшых суразмоўцаў. Акрамя таго, гэта цудоўная, хоць і вельмі стрэсавая прафесія. На канцэртах здараюцца форс-мажоры, і арганізатару трэба за лічаныя секунды выправіць сітуацыю, каб глядач нічога не заўважыў. Часам узнікаюць кур’ёзныя моманты, — бясцэнны для пісьменніка вопыт.

Выбрала сям’ю, каб стаць сабой

— Аднойчы Вы сталі музычным прадзюсарам, рэзка змяніўшы род дзейнасці. Чаму?

— У той момант паміж любімай прафесіяй — журналістыкай і сям’ёй я выбрала сям’ю. У маім выпадку гэта быў найлепшы выбар. Я выйшла замуж за маладога музыканта, студэнта кансерваторыі Валерыя Шмата, цяпер — заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, кампазітара, мастацкага кіраўніка арт-групы «Беларусы». І пачала дапамагаць мужу ў ягонай артыстычнай кар’еры. Спачатку гэта быў канцэртны хор ФПБ, якім ён кіраваў, а я працавала адміністратарам. Потым у нас узнікла ідэя эстраднага праекта — так з’явілася арт-група «Беларусы». Я стала музычным прадзюсарам, а потым і дырэктарам уласнага прадзюсарскага цэнтра. Удзячная лёсу за тое, што ў мяне з’явілася новая любімая прафесія, якая стала галоўнай. Пры гэтым я не страціла свае творчыя навыкі. 

— На сустрэчы з чытачамі Вы сказалі: «У сям’і важна не толькі падтрымліваць адно аднаго, але і дапамагаць адно аднаму расці». Як паставіўся Валерый Шмат да вашага новага амплуа — пісьменніцкага?

— Узрадаваўся і падтрымаў. Цяпер за кубкам кавы мы абмяркоўваем не толькі яго песні, нашы канцэртныя праграмы і гастролі, але і маіх герояў, сюжэты будучых кніг. І, дарэчы, дагэтуль спрачаемся, што было спачатку: мой герой Алекс з яго пошукамі ці песня Валерыя «Шукаю цябе».

Уся наша творчая сям’я рада, што я адкрыла ў сабе дар пісаць.

Старэйшы сын Стэфан заканчвае Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі імя С. Герасімава, ён прадзюсар кіно. Апавяданне «Мудры» запала яму ў душу, сын сказаў, што хацеў бы аднойчы экранізаваць яго.
Другі сын Міхаіл таксама вучыцца ва УДІК на прадзюсара кіно, ён захоплены дызайнам. На працягу многіх гадоў робіць афішы як для арт-групы «Беларусы», так і для прадзюсарскага цэнтра «Залатыя галасы». Міхаіл — аўтар вокладкі кнігі «Калі трашчыць лёд».
Малодшаму сыну Герману ўсяго 13 гадоў, але ён ужо разам са мной прадумвае, як мог бы развівацца той ці іншы сюжэт.

Водгукі чытачоў натхняюць

— Прадзюсар творыць пераважна «за кулісамі» — і раптам Вы ў цэнтры ўвагі: прэзентацыі ў Мінску і Маскве, сустрэчы з чытачамі... Як Вам новая роля?

— Яна мне падабаецца. Зваротная сувязь з чытачом — цікавы вопыт, ён натхняе. Вось, да прыкладу, водгук адной жанчыны-кіраўніка з няпростым лёсам: «Чытаючы вашу кнігу, пазнавала сябе і нават папракала за тое, што калісьці не зрабіла так, як знайшла ў сабе адвагу зрабіць ваша гераіня». Такія водгукі неацэнныя.

— А Вашы сябры і знаёмыя як адрэагавалі?

— Зацікаўлена і добразычліва. Вядомая тэлевядучая Кацярына Тумас-Цішкевіч з тэлеканала АНТ не проста стала адной з першых чытачак рамана — яна дапамагла кнізе сустрэцца з чытачом. Кацярына матывавала мяне і натхніла на далейшыя крокі, за што я ёй вельмі ўдзячная. Яна стала вядучай прэзентацыі маёй кнігі ў Мінску ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, а потым і прэзентацыі ў Маскве, якая прайшла ў культурным і дзелавым цэнтры Пасольства Рэспублікі Беларусь у РФ. 

— Многія заўважылі, што ў кнігі ёсць патэнцыял для экранізацыі.

— На прэзентацыі ў Маскве прысутнічалі дзеячы культуры і мастацтва, у тым ліку сферы кіно — вядомыя акцёры і актрысы, генеральны дырэктар і прадзюсар кінакампаніі. І, канечне, мы абмяркоўвалі гэтую тэму. Цяпер ідзе праца з аддзелам экранізацыі буйнога расійскага Выдавецкага дома і перамовы з кінакампаніяй, якая праявіла цікавасць да кнігі. Спадзяюся, што мы ўбачым поўнаметражны фільм, а можа нават і серыял.

Раман з працягам

— У адным інтэрв’ю Вы сказалі, што пішаце працяг. Калі чакаць другую кнігу?

— Яна практычна гатовая. У працэсе напісання трэцяя і чацвёртая. Калі працавала над першай, думала, што кніга будзе адна. Але, ствараючы другарадных герояў, зразумела, што ўсе яны харызматычныя і прыцягальныя. Захацелася напісаць іх гісторыі. 

У кнізе «Рускі пасадобль» на першы план выходзіць гісторыя іспанкі Эстэр і маскоўскага бізнесмена Андрэя Авакумава. Пасадобль — іспанскі танец, які імітуе карыду. А рускім ён названы таму, што Эстэр — нашчадак рускай князёўны і прыязджае на радзіму продкаў у пошуках сябе. У аснове кнігі тут не толькі гісторыя кахання, але і дэтэктыўная лінія.

Трэцяя кніга, «Святло за гарамі», прысвечана Інзе, сяброўцы Леры. Дарэчы, у другой кнізе з’явяцца новыя героі — беларускі спартсмен і жанчына-псіхолаг з Масквы. Чым скончыцца гісторыя іх знаёмства, чытач даведаецца, прачытаўшы кнігу «Медаль высакародных», якая стане чацвёртай у серыі «Адна сустрэча, якая перавярнула ўсё жыццё».

Пятая кніга, «Стамбульскі вецер», раскрые гісторыю рэдактара жаночага часопіса Марго і блізкіх ёй людзей. Раскажа аб злачынстве ў імя кахання і іншых сямейных таямніцах.

— Навінкі выйдуць у Выдавецкім доме «Звязда»?

— Буду рада апублікаваць іх у «Звяздзе». Мне вельмі спадабалася працаваць з гэтым Выдавецкім домам, і я ў захапленні ад беларускага чытача. Атрымлівала прапановы ад маскоўскіх выдаўцоў, але я — беларуска і для мяне важная падтрымка ў маёй роднай краіне.

Алена БРАВА

Фота прадастаўлена суразмоўніцай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.